Лепельские мастера вновь заявили о себе

vyasnovy-buketЁсць прафесіі, так бы мовіць, масавага карыстання. Авалодаць імі могуць калі не ўсе, то, ва ўсякім разе, абсалютная большасць людзей. Захацеў — і авалодаў. А ёсць, наадварот, эксклюзіўны занятак, у якім задзейнічана даволі вузкае кола людзей. Такія людзі ўтвараюць творчы цэх і застаюцца яму адданымі практычна ўсё сваё жыццё. Звычайна гэтых людзей няшмат, але яны знаходзяцца ў прафесіі, нягледзячы ні на якія абставіны, не палохае іх і матэрыяльны фактар.
Адзін з такіх творчых цэхаў працуе ў самым цэнтры нашага горада, на плошчы Свабоды. Пра сённяшнія справы калектыву ДУК “Лепельскі Цэнтр рамёстваў” гутарым з яго дырэктарам Нінай Звягінцавай.
— Ніна Мікалаеўна, на вуліцы разлагодзілася, сонейка выглянула, прыгрэла, і можна падумаць, што наступае вясна. Але ж гэта не так, на календары лістапад, час думаць пра завяршэнне года і падводзіць яго вынікі. Што маглі б сказаць пра ваш творчы год?
— Скажу спачатку пра вясну. У добрага майстра вясна заўсёды павінна быць на душы, тады і рукі будуць слухацца. А цяпер пра год. Лічу, што ён быў плённы.
— Абгрунтуйце, калі ласка, свой адказ.
— Пачнём спачатку. Зіма, студзень. На базе Стайскага клуба працаваў гурток “Ткацтва і ткацтва паясоў”, у якім былі задзейнічаны мясцовыя падлеткі. Дзеці не проста вучыліся рамяству, але рабілі гэта весела. Ладзілі розныя гулянні ў народным стылі. Вось тады зладзілі вячоркі “Добрым людзям вельмі рады, будзем святкаваць Каляды”. Прыйшла вясна. У сакавіку наш майстар Таццяна Размысловіч павезла свае вырабы на выставу “Паясы не толькі для красы”, якая праходзіла на базе абласнога метадычнага цэнтра. Вярнулася з двума дыпломамі: першае месца ў намінацыі “За дасканалае выкананне тэхналогіі пляцення паясоў” і другое — за “Стварэнне арыгінальнага твора”. Гэта ўжо далёка не першы яе поспех. Летась перамагла на конкурсе сувеніраў “Віцебскія весткі”: маёй газеце — 100”. У тым жа месяцы калектыў удзельнічаў у абласной выставе “Легенды і паданні Прыдзвінскага краю”. У дадатак да легендаў адправілі сувеніры з выявамі Цмока, Русалачкі і г.д. Па традыцыі паўдзельнічалі ў фестывалі-кірмашы “Вясновы букет”. Сёлета ён быў дзясяты па ліку. На пляцоўках фестывалю ў Мінску Вольга Ганчар размясціла свой роспіс па шкле, Наталля Буйлова — выставу керамікі, Наталля Петухова — калекцыю лялек, Таццяна Размысловіч — паясы. Прывезлі дыплом трэцяй ступені, уручаны Вользе. А самае галоўнае — наша агульнакамандная калекцыя была прызнана лепшай. І гэта сярод мноства ўдзельнікаў, на рэспубліканскім мерапрыемстве.
— Лета таксама выдалася “гарачым”?
— Не без гэтага. Майстры керамікі Вольга Тыртышная, Наталля Буйлова і Анатоль Сімановіч паспяхова адзначыліся на традыцыйным міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне, заваяваўшы ў розных намінацыях дыпломы другой ступені. А затым — “Славянскі базар”, на пляцоўках якога праходзіла свята-конкурс нацыянальнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”. Прадстаўлялі касцюмы з калекцыі “Белая Русь” і майстар-класы па вышыўцы, ткацтве пояса, вязанні карункаў, вырабе галаўнога ўбора і адраджэнні лакальных і рэгіянальных традыцый. І — зноў два дыпломы: першае месца — агульнакамандны, дыплом трэцяй ступені дастаўся Таццяне Размысловіч. Плённа папрацавалі і нашы майстры керамікі на конкурсе “Гліна спявае” ў межах “Славянскага базару”. Праявілі сябе і на Дні горада ў Полацку. Выйшлі пераможцамі абласной выставы “Чароўная нітка” майстры Таццяна Аношка і Святлана Залатуха. На абласной выставе “Забава” Наталля Петухова стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу цацкі і лялькі, а Анатоль Сімановіч — лаўрэатам дыплома ІІ ступені. Наталля прадстаўляла вобласць на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
— А якія падзеі адбываліся дома?
gurtok-payasou-2— Летам у Поўсвіжы прайшоў пленэр мастакоў, прысвечаны Году малой радзімы. Супрацоўнічаем з мінскім культурна-інфармацыйным цэнтрам “скарбы свету”, у Цэнтры рамёстваў адбылася выстава рэпрадукцый работ Рэрыха. Ладзілі экспазіцыі: “Выстава нацыянальных касцюмаў “Белая Русь”, “Беларускі ручнік”, “Беларускі пояс”. Працуем па чатырнаццаці творчых накірунках. Праводзім экскурсіі, майстар-класы для сельскага насельніцтва. Працуе крама “Скарбонка”, дзе гандлююць метадыст клуба “Скарбонка”, майстар лапікавага шыцця Аксана Юшко.
— Наколькі актыўна набываюцца рэчы?
— Ахвотна бяруць сувеніры госці горада на падарункі. Цікавяцца ўсім, што звязана з Лепелем: магніцікамі і іншай дробяззю.
— Раскажыце, калі ласка, аб далейшых планах?
— Чакаем вынікаў конкурснага праекта “Дажыначны сноп”, у якім удзельнічалі. Яны будуць падведзены на Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Рыхтуемся да абласной выставы па работах летняга пленэра “Лепельскія краявіды” і навагодніх святаў.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымках: на фестывалі-кірмашы “Вясновы букет”; у творчай майстэрні раённага Цэнтра рамёстваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.