Любить родной край учат деток в детском саду №6 г. Лепеля

img-68343c72587cda80807313e03f3e19cb-vПраца па выхаванні любові да Радзімы і адказнасці за яе лёс у дзіцячым садзе №6 носіць не эпізадычны, а пастаянны характар. Якім чынам шукаюць выхавальнікі дарогу да дзіцячай душы, які шлях абуджаюць у дзяцей лепшыя патрыятычныя пачуцці?
Ірына Калітуха, намеснік загадчыка ўстановы дашкольнай адукацыі, упэўнена, што без удзелу бацькоў немагчыма выхаваць у дзіцяці гэтыя неабходныя якасці, бо любіць радзіму яно вучыцца ўжо ў калысцы, калі засынае пад матчыны спевы, упершыню знаёміцца з прадметамі побыту ў выглядзе розных цацак, калі ўрэшце чуе мову бацькоў і, вядома ж, пераймае яе.
А таму выхаванне дзяцей у гэтым накірунку распачынаюць з… выхавання дарослых. Вось і зараз тут запланавана “дзелавая гульня” з педагогамі “Каб мова родная гучала”, якая хутчэй будзе выглядаць не так гульнёю, як моўным практыкумам. Бо, на жаль, не ўсе педагогі настолькі дасканала ведаюць родную мову, каб не толькі карыстацца ёю, а і данесці да дзяцей. Весці гэты моўны практыкум наважылася сама Ірына Мікалаеўна.
Тое самае і з бацькамі. Жартам заўважаю ў гутарцы са сваёй суразмоўцай, што, мабыць, бацькі ім трапіліся вельмі ж “удалыя”. То яны беларускамоўнымі самаробнымі кніжачкамі-казкамі забяспечылі сад, то ўжо малююць краязнаўчыя газеты для выставы. Мой жарт Ірына Мікалаеўна нечакана ўспрымае сур’ёзна. Тлумачыць, што бацькі ў іх — як і ва ўсіх, і ўвогуле яны розныя, аднак за ўсім гэтым стаіць вялікая падрыхтоўчая і растлумачальная работа, якую выхавальнікі праводзяць з бацькамі няспынна.
Сапраўды, ужо ў лістападзе будзе арганізавана тэматычная выстава сямейных газет “Мой родны край”. І да яе арганізацыі павінны далучыцца бацькі.
img_20180329_092753— Мы не маем права везці дзяцей далёка на экскурсіі, хадзіць у далёкія паходы, каб мець магчымасць вывучаць родны край, — кажа Ірына Мікалаеўна, — бо для гэтага патрэбны шэраг узгадненняў, дазвол бацькоў і г.д. А бацькі такую магчымасць маюць, яны вандруюць сем’ямі, шмат бачаць, распавядаюць дзецям. Застаецца толькі занатаваць усё гэта, зафіксаваць у відэасюжэтах ды фотаздымках і, вядома ж, падзяліцца досведам. А чаму б і не! Першая спроба такога інфармацыйнага абмену — выстава сямейных газет. Яе мэта — актывізаваць удзел бацькоў у працэсе знаёмства дзяцей з родным краем. Сямейныя газеты раскажуць, што ёсць цікавага і адметнага на вуліцы, у двары, у доме, дзе жыве кожны з нашых выхаванцаў.
Яшчэ ўвесну ў садзе прайшлі пазнавальныя віктарыны “Падарожжа па родным краі”. Затым адбыліся добрыя сустрэчы ў межах работы клуба “Ваш вясёлы вечар”. У старэйшых групах гэта выглядала як “Капусныя пасядзелкі”, там і сапраўды сюжэт быў пабудаваны “на капусце” — усё пра яе. А ў сярэдніх правялі “Свята ўраджаю”.
Добрыя ўмовы для адпачынку былі створаны летам: праводзіліся заняткі на стадыёне, былі абсталяваны пляцоўкі для гульняў, з дапамогай аддзела па адукацыі райвыканкама ўстаноўлены дарагі гульнявы комплекс “Дазорная вежа”, які каштуе не меней як дзве тысячы рублёў. Усё лета з дзецьмі працавалі спецыялісты фізічнага выхавання Наталля Трубека і Таццяна Цюхай, музычныя кіраўнікі Анжаліка Сакалюк і Таццяна Кантур. Прайшлі святы музычнай і экалагічнай накіраванасці.
Такім чынам, Год малой радзімы быў напоўнены ў дзіцячым садзе №6 канкрэтным выхаваўчым зместам.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: фрагмент выставы, прысвечанай Году малой радзімы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.