Лепельский «петербуржец»

img_8601Вось так… транзітам па жыцці. Загаварыў з ім па-беларуску, а Іван мяне як бы і не зусім разумее. Я здзіўлены, ды сябар тым часам падказвае:
— Ён рускі.
Ён, Іван Ерашэнка, і сапраўды з Расіі. Нарадзіўся ў тым самым горадзе, дзе зараз, перадаюць, што зноў замяла мяцеліца, закружыла завіруха. І як яны там жывуць, у той далёкай Ухце! Ваня, вядома, Ухты не памятае, бо сям’я там жыла каля двух гадоў, а потым пераехалі ў Троіцка-Пячорск, гэта ўжо бліжэй да “цёплай цывілізацыі”. Зрэшты, і пра тыя мясціны ўяўленне ў хлопчыка засталося даволі прывіднае, бо ўжо ў трэці клас пайшоў у сярэдняй школе №3 горада Лепеля, куды ў чарговы раз перамясцілася сям’я.
— Чаму выбралі Лепель? — пытаюся ў Івана.
Адказвае, што параілі сваякі ці то сябры сваякоў. Зрэшты, і тут надоўга не затрымаліся, і ўжо бацькі яго ў Санкт-Пецярбурзе. А тут, у Лепелі, засталася бабуля. Ваня вырашыў закончыць адзінаццаць класаў тут, каб затым дарослае жыццё пачаць у паўночнай сталіцы Расіі. Ну, а паколькі вучыцца ён яшчэ ў дзясятым класе, то і заставацца яму тут не меней як год.
Лепель Івану падабаецца. Ну, як не любіць горад, у якім фактычна прайшло маленства і праходзіць юнацтва! Тут — сябры, любімы занятак. Сам Ваня прызнаецца, што не надта ён актыўны чалавек і самакрытычна ацэньвае сябе, як дастаткова інертнага і нават сумнага падлетка. Ці гэта сапраўды так, паспрабуем разабрацца.
Па-першае, з сумным чалавекам не стануць сябраваць такія гумарысты і жыццялюбы, як Стас Храбто, пра якога распавядаю таксама на гэтай старонцы. А яны, між іншым, з Ванем сябры. Па-другое, сумны чалавек, лічу, не можа спяваць. А Іван Ерашэнка ўжо некалькі гадоў спявае. Яшчэ з сёмага класа, калі музычны кіраўнік школы Алеся Пячкоўская запрасіла хлопца ў школьны хор. Затым ён, Стас і Цімафей Клопаў з паралельнага класа ўтварылі маладзёжнае музычнае трыа і на розных канцэртах, сцэнічных мерапрыемствах у школе радуюць гледачоў. Хіп-хоп, папулярная музыка — гэта іх рэпертуар.
Іван, як і яго сябры, не супраць паганяць мяч на школьным стадыёне. Футбол жа і ўвогуле не для інертных людзей. Так што, хоць і з заніжанаю самаацэнкаю, Іван таварыскі хлопец, творчая асоба.
Праўда, таксама, як і сябар, Ваня яшчэ пакуль не вызначыўся канчаткова з выбарам будучай прафесіі. Не бяда. Ёсць яшчэ час падумаць і ўзважыць усё. Хацелася б стаць перакладчыкам, але разумее, што з яго “непрахадною сямёркаю” сярэдняга балу ажыццявіць гэта будзе дастаткова складана. Хоць і асвойвае зараз англійскую і рускую мовы на павышаным узроўні, школьнага падмурку тут, вядома ж, недастаткова. Аднак жыццё пакажа.
Як і кожны падлетак, Ваня захапляецца рознымі камп’ютарнымі гульнямі-заваротамі, у прыватнасці, “Варфэйсам”. Жахліва, вядома, што сучасныя падлеткі захапляюцца “Тварам вайны” — менавіта так з англійскай мовы перакладаецца назва гэтай гульні, і каму ж як не вучню, што паглыблена вывучае англійскую, гэта ведаць. Ды што зробіш, калі хлапчукі ва ўсе часы былі не супраць пастраляць і пагуляць у “вайнушку”. Толькі з той розніцай, што ў нашым дзяцінстве гэтыя гульні былі на свежым паветры, а сучасныя падлеткі марнеюць за маніторамі ў палоне электронікі. Аднак час не спыніш, і трэба прызнацца, што захапленні зараз іншыя. Без электронікі сёння таксама не абысціся.
Зрэшты, і свежага паветра Івану хапае на агародзе ў бабулі, дзе трэба то з цяпкаю, то з палівачкаю. Хто ж бабулі дапаможа на градках! А ўвечары прыемна прайсціся з сябрамі па горадзе, які для яго, расіяніна, даўно ўжо стаў другою радзімаю. Думаю, што і ў Санкт-Пецярбурзе Іван Ерашэнка не забудзе пра Лепель.
На здымку: Іван Ерашэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.