Снится веребский бор

dsc_0008 Вельмі прыемна пісаць пра людзей, якія любяць сваю малую радзіму, не забываюць бацькоўскі кут. Асабліва прыемна гутарыць з нашымі падпісчыкамі, якія ў курсе ўсіх падзей Лепельшчыны. Можна з імі штосьці абмеркаваць, нават паспрачацца, бо ў кожнага свой пункт гледжання на жыццёвыя сітуацыі. Аднак нас аб’ядноўвае адзінае жаданне — каб Лепельскі  край жыў і квітнеў.

dsc_0005Першы раз я наведала вёску Гадзіўля, што на Лепельшчыне. Паўсюль — цішыня, жыхароў засталося няшмат. Летам, праўда, вёска крыху ажывае. Прыязджаюць дзеці, унукі да бабуль, а таксама пачынаецца дачны перыяд. Аднак прырода вабіць сваёй прыгажосцю і спакоем, асабліва вясной, калі ўсё абуджаецца і набірае моц у квецені. Птушкі спяваюць, заклікаючы адпачыць на ўлонні ўсёй гэтай зеляніны.
Ганну Сярогіну (дзявочае прозвішча — Шушкевіч) не магу нават уключыць у кагорту дачнікаў, бо яны пераязджаюць з гарадоў у вёскі на некалькі месяцаў. Яна ж у бацькоўскім доме жыве сем месяцаў, большую частку года.
Ганна Канстанцінаўна — ураджэнка Гадзіўлі, але лёс распарадзіўся так, што апынулася ў расійскім горадзе Санкт-Пецярбурзе.
Як кажа жанчына, у яе дзве маленькія радзімы — Верабкі, адкуль родам бацька, і Гадзіўля, дзе нарадзілася маці. Любіць гэтыя вёскі аднолькава, шмат сяброў мела ў гэтых населеных пунктах. У абодвух бабуль была гаспадарка, трэба было дапамагаць.
Часам узгадваюцца ўспаміны з дзяцінства. Адзін з яркіх — як насілі пяцілітровы бідон з малаком з Верабак у Гадзіўлю.
— А яшчэ мая бабуля з Верабак займалася шыццём, да яе заўсёды прыходзілі людзі, расказвалі вясковыя навіны. Мела швейную машынку “Зінгер”. Аднойчы ёй прынеслі японскі шоўк на сукенку, такога прыгожага ніколі не бачыла, — кажа Ганна Канстанцінаўна.
Маці працавала настаўніцай у Сталюгах. Увогуле, з вялікай павагай расказвае пра сваіх настаўнікаў, лічыць іх самымі светлымі людзьмі на зямлі. Чатыры класы скончыла ў Гадзіўлі, потым вучылася ў Слабадзе. Добра запомніліся Велеўшчынская і Домжарыцкая школы, аднак Ганна Канстанцінаўна ў іх ужо працавала піянерважатай.
— Спрабавала тры гады паступаць у Магілёўскі педагагічны інстытут — не атрымалася. Урэшце цёця з Санкт-Пецярбурга прапанавала прыехаць да яе і паступаць там. Таксама дапамагла ўладкавацца ў службу аховы на Кіраўскі завод. Спачатку перажывала, што праца не спадабаецца. Аднак аказалася, што калектыў малады, весела праводзілі час. Тут жа пазнаёмілася з будучым мужам, расіянінам, і хутка выйшла замуж.
Напэўна, так было наканавана лёсам. З 1974 года жанчына пражывае ў Расіі. 44 гады адпрацавала на федэральным дзяржаўным унітарным прадпрыемстве «Цэнтральнае канструктарскае бюро марской тэхнікі “Рубін”. Адтуль два гады таму пайшла на пенсію.
Ганна Канстанцінаўна абуладкоўвае бацькоўскі дом у Гадзіўлі. Аднак яшчэ мае і сядзібу ў Верабках, дзе таксама прыгожае месца, ёсць лазенька.
Верабкі ў душы пакінулі шмат цёплых успамінаў. Не забыла пра фестывалі, якія святкавалі вёскай. Збіралася моладзь з усяго раёна менавіта на Дзень моладзі. Рабілі спецыяльную сцэну, дзе артысты раённага Дома культуры ладзілі канцэрт.
Увесь час, які праводзіць у Санкт-Пецярбурзе, жанчыне сніцца верабскі бор (гістарычная назва — Вялікі Бор. Аднак першае слова з часам знікла). Не хапае лесу, цягне на радзіму. Пакуль працавала, пры любой магчымасці наведвала родную Беларусь. У маладосці нават ездзілі на матацыкле з дзіцём у калясцы. Потым набылі машыну — стала зручней. Многія знаёмыя пытаюць: “Як можаш жыць адна?”. А субяседніца мая кажа, што адпачывае і не лічыць сябе тут самотнай. Яна ўвогуле не разумее, як можна адчуваць на прыродзе адзіноцтва.
Асабліва прыемна ўспомніць юнацтва, калі вучылася ў дзясятым класе, першае каханне. І хоць не шыкавалі ні ў ежы, ні ў адзенні, але было вельмі весела. Летам хадзіла ў ягады, нават зарабіла сабе на першы гадзіннік, які каштаваў 29 рублёў.
Узгадалі з Ганнай Канстанцінаўнай, як раней усе збіраліся “на свежаніну”, рабілі каўбасы. Гэта было сапраўднае свята ў сям’і. У гэты момант сама ўспомніла, як даводзілася чысціць цэлую талерку часнаку для каўбасаў і кіндзюка.
Цікава, што з Ганнай Канстанцінаўнай заўсёды падарожнічае кошка, якой ужо 16 гадоў. Разам з гаспадыняй з’яўляецца адначасова жыхаркай Расіі і Беларусі.
На працягу ўсёй размовы адчувалася вялікая любоў і прыхільнасць да роднага краю. Вельмі любіць Ганна Канстанцінаўна цёртыя яблыкі, якія купляе на Лепельшчыне. У Расіі такога натуральнага і смачнага прадукту не знайшла.
Па вечарах мая суразмоўца вядзе дзённік. Можа, зараз і не модна пераносіць свае думкі на паперу, аднак, як кажа Ганна Канстанцінаўна, вельмі дапамагае ў жыцці.
— Ад маці набыла ашчаднасць. Яна заўсёды казала: “Якая б зарплата ні была, дзялі яе напалову”. Напэўна, таму заўсёды мела грошы.
Сціпла Ганна Канстанцінаўна кажа, што садзіць у асноўным кветкі, не хапае часу на гародніну і садавіну. Аднак як паглядзела на ўчастак… І маліна расце, і клубніцы, і кабачкі, і буракі. У паддонах стаяць памідоры — чакаюць высадкі на агарод. У мінулым годзе яблыневы сад абнавіла. Па жыцці яна прывыкла не хваліцца, а больш працаваць рукамі.
Канечне, шмат яшчэ чаго трэба зрабіць у хаце, але паступова ўсё становіцца знутры па-сучаснаму абуладкаваным, па-жаночаму ўтульным.
Не забывае яна і ўсіх выпускнікоў 1971 года выпуску Свядскай сярэдняй школы, з цеплынёй кажа пра кожнага з іх і перадае вялікае душэйнае прывітанне. Пры магчымасці сустракаюцца, аднак многія раз’ехаліся па свеце, рэдка бываюць на радзіме. Шкада толькі, што вельмі хутка ляціць час, аднак не страчвае Ганна Канстанцінаўна надзеі сустрэцца з аднакласнікамі на 45-годдзе пасля заканчэння школы.
У Расіі таксама ёсць дача, якую зараз больш наведваюць сын з унучкай. Радуе, што даглядаюць яе, перанялі любоў да прыроды.
Я ж для сябе зрабіла выснову, што маленькія вёскі жывуць за лік такіх людзей, як Ганна Канстанцінаўна. Іх цягне на радзіму, яны вяртаюцца з мегаполісаў у глыбінку.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.