Лепельский рынок

img_7683Апошні веснавы дзень – выдатная нагода для наведвання лепельскага базару. Аднак мой аптымізм не быў уласцівы лепяльчанам і вяскоўцам – у нядзелю няшмат людзей выправілася на базарную плошчу. На маё пытанне, у чым могуць быць прычыны, знаёмы прадавец, які гандлюе ўжо шмат год, выказаў меркаванне:

– У першую чаргу, людзі засцерагаюцца ад інфекцыі, выконваюць належныя меры прафілактыкі, імкнуцца без пільнай патрэбы не выхо­дзіць на вуліцу. Не менш важным паказчыкам з’яўляецца і надвор’е. З раніцы дзьме моцны вецер, холадна, а гэта таксама не спрыяе прагулкам.
Адным з найбольш папулярных тавараў было насенне позніх культур і расада. Так, насенне кавуноў, гарбузоў і агуркоў, якія яшчэ можна высаджваць, каштавала ад 60 капеек да 1,50 рубля за пакецік. Адзначу, што працавала некалькі кропак па продажы насення, і перыядычна ля кожнай з іх утвараліся невялікія чэргі.
Расада гародніны прадавалася ў асноўным у двух месцах: на сельгаспляцоўцы і на крытых радах. Дзясятак памідораў у асноўным каштаваў ад пяці да дзесяці рублёў, у залежнасці ад сорту і стану парасткаў. Прыблізна па такой жа цане прадавалася і капуста. Натуральна, што бліжэй да канца базарнага дня цэны зніжаліся.
А вось ля кропак з папулярным у ранейшыя выхадныя поліэтыленам чэргаў ужо не заўважаў. Тыя, хто планаваў паставіць парнік або цяп­ліцу, даўно ўжо гэта зрабілі.
На традыцыйныя зерне і бульбу цэны не змяніліся. Вяд­ро збожжа можна было набыць за чатыры рублі, а вядро клубняў – за пяць. Нечакана ўбачыў жанчыну, якая прадавала журавіны. Яна расказала:
– Ягады сабрала ўчора. Шмат давялося пахадзіць па балотах, шукаючы перазімавалыя журавіны, павыбіраць іх з моху.
– А якая цана?
– Літровы слоік прадаю за пяць рублёў, трохлітровае вядзерца – за пятнаццаць.
img_7687Парадаваў прадавец, які прапаноўваў агуркі мясцовага вырошчвання па тры рублі 50 капеек за кілаграм.
У мясным і малочным павільёнах ні асартымент, ні цэны не змяніліся, таму засяроджваць увагу на іх не буду. Адзначу хіба толькі, што да 11-й гадзіны малочныя прадукты ў асноўным былі распрададзены.
Яйкі па-ранейшаму каштавалі два рублі 50 капеек за дзясятак.
Калі казаць пра адзенне, то на базары яго было, на мой погляд, даволі шмат на розны густ. Традыцыйна не было праблем набыць рабочую вопратку, джынсы, спартыўныя штаны ці касцюмы, жаночыя ўборы. А вось кропак з абуткам не заўважыў. Даўно ўжо не прыязджалі прадпрымальнікі, якія прадавалі абутак беларускіх і замежных вытворцаў.
Хачу ўзгадаць яшчэ адну рэч, якая апошнім часам усё больш і больш папулярная сярод лепяльчан і вяскоўцаў, – электравеласіпеды. Аматараў іх з кожным месяцам з’яўляецца на нашых вуліцах усё больш. Вось і Уладзімір выехаў. Кажа:
– Гэты веласіпед мне набылі дзеці, яго збіраюць у Беларусі. Можа лёгка ездзіць як па асфальце, так і па палях, лясах.
Падобныя мадэлі можна самому заказаць праз інтэрнэт, а магчыма і пры дапамозе лепельскіх прадпрымальнікаў. Апошні веснавы базар запомніўся халодным, ветраным надвор’ем, застаецца спадзявацца, што лета парадуе цяплом і сонейкам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.