Лепяльчанін сеткамі злавіў шматмільённы штраф

рыба в сети Рыбу любяць многія, калі не ўсе. Любіць “жывое срэбра” і Цімафей Пшонка. Ды любоў яго мае крымінальную афарбоўку. Двойчы прыцягваўся да адказнасці за незаконную лоўлю рыбы. У леташнім жніўні здабываў азёрны прадукт сеткамі на возеры Жэрынскае Чашніцкага раёна. Сухім з вады, як кажуць, выйсці не ўдалося. Злавілі на месцы браканьерства. Канфіскавалі сем сетак, аштрафавалі на 3 мільёны 750 тысяч рублёў.

Пасля, мусіць, пуд прайшоў. Зноў рыбкі пакаштаваць захацелася. Снарад у адну варонку не трапляе? Аказваецца, трапляе і метка. А таму пацвярджэнне ў працягу браканьерскага ваяжу. 22 студзеня сёлетняга года Цімафей Пшонка вырашыў не выпрабоўваць лёс, не шукаць прыгод удалечыні ад родных мясцін. Завіхаўся на возеры Лепельскае. І рыштунак выбраў ранейшы — сеткі. Незаконна такім чынам здабыў 16 асобін рыбы агульнай вагой 12,4 кілаграма.

Суд прызнаў Ц.І. Пшонку вінаватым у незаконнай здабычы рыбы забароненымі прыладамі, аштрафаваў яго на 18 мільёнаў рублёў. Утрымана ў даход дзяржавы для кампенсацыі нанесенай шкоды 15 млн 840 тыс. руб., а таксама дзяржаўная пошліна ў суме 792 тыс. руб. Вось дык “улоў”!

Такі фінал. Незайздросны. Думаць варта, перш чым дужацца навыперадкі з лёсам.

 Аркадзь ДЗЕМІДАВЕЦ,

старшы памочнік пракурора раёна.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.