Летась на Лепельшчыне загінулі ў агні тры чалавекі і ўсе яны былі ў нецвярозым стане

Акцыя пад назвай “Бяспека — у кожны дом!” праводзіцца па ўсёй рэспубліцы. Супрацоўнікі РАНС планамерна абыходзяць прыватны сектар, вёскі, напамінаюць жыхарам аб правілах бяспечнага карыстання печамі, аб небяспецы перагружвання электраправодкі, аб пагрозе алкаголю. Яшчэ больш моцна дзейнічаюць на людзей прыводзімыя прыклады і статыстыка. У мінулым годзе ад агню ў Лепельскім раёне загінулі тры чалавекі, прычым усе трое на момант загарання і смерці былі ў стане алкагольнага ап’янення. Двое загінулі ад непатушаных цыгарэт. Экспертызамі і самім жыццём даказана, што выпаўшы недакурак, трапляючы на ложак, выклікае загаранне праз 15 хвілін. А чалавеку, каб загінуць ад чаднага газу, дастаткова і трох!
Трэці выпадак быў не менш жудасны. У адной з кватэр па вуліцы Валадарскага гаспадар вырашыў нешта пагрэць на газавай пліце. Пры гэтым таксама быў нападпітку. Нечакана на ім успыхнула вопратка. Адзенне было зроблена з сінтэтычных тканін, якія вельмі добра плавяцца, а плавячыся, прыклейваюцца да цела.
Пра інцыдэнт паведаміў сусед знізу. Са столі пацяклі кроплі вады. Гаспадар падняўся, каб высветліць прычыну залівання. Вачам адкрылася жудасная карціна: ля незакрытага крана ляжала абпаленае цела. Чалавек сканаў ад балявога шоку, медыкі канстатавалі ў яго апёкі 30% скуры.
Сёлета ў студзені зафіксаваны адзін пажар. Здарэнне адбылося ў вёсцы Слабодка Валосавіцкага сельсавета. Гаспадара дома незадоўга да інцыдэнту паклалі ў бальніцу, унучка ўзялася перыядычна пратапліваць печ, каб будынак не настыў. Аднойчы накідала зашмат дроў, у выніку — перакал печы, пажар. Загаранне заўважыў аднавясковец. На шчасце, абышлося без ахвяраў і траўмаў.
Гараджане, вяскоўцы спачатку скептычна ставяцца да візітаў інспектараў. Аднак калі чуюць пра факты, калі паглядзяць фотаздымкі з месцаў здарэнняў, іх адносіны да ўласнай бяспекі рэзка мяняюцца.
Аляксандр САДОЎСКІ,
інспектар РАНС,
лейтэнант унутранай службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.