Магіляўчанка на Лепельшчыне

Яе завуць Фёдараўнай – сябры, знаёмыя, калегі па працы. У гэтым дэмакратычным звароце зашыфравана зычлівае стаўленне, павага да яе непахіснага аўтарытэту, які жанчына заваявала руплівай працаю. Камунікабельная, патрабавальная, але справядлівая, з пачуццём гумару і здаровым аптымізмам – што яшчэ трэба для кіраўніка.

Алена Юрчанка кіруе кухняй “Жамчужыны” з пачатку яе заснавання. Прыгадвае, як прыехала сюды ў дзевяноста шостым годзе дабудоўваць “гарачы цэх”. Паставілі вядучым спецыялістам па закупцы абсталявання для сталовай, спальных карпусоў і г.д. Набывала, завозіла абсталяванне, адкрывала сталовую.

Цікава, што ў Алены Фёдараўны ўжо саракапяцігадовы стаж працы, хаця самой ёй толькі крыху за шэсцьдзясят. Васямнаццацігадовай прыйшла яна на працу ў гэтую сферу. Праўда, шлях у сістэму грамадскага харчавання аказаўся даволі арыгінальным – праз… лясную гаспадарку.

Родам Алена ў Магілёўшыны. Вучылася ў той самай Саматэвіцкай дзесяцігодцы, якую ў свой час заканчваў і народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. А затым паступіла ў Полацкі лясны тэхнікум. Па заканчэнні размеркавалі на Дубровеншчыну. Прызначылі намеснікам начальніка аддзялення рабочага забеспячэння Віцебскага леспрамгаса. Паколькі праца судакранулася з сістэмай спажыўкааперацыі, давялося працягваць адукацыю па профілі. Завочна паступіла ў Полацкі тэхнікум аблкаапсаюза вучыцца на тэхнолага харчовых тавараў. Такім чынам, у падпарадкаванні Алены Фёдараўны былі сем магазінаў і сталовая пасёлка Асінторф.

У гэтым пасёлку і асела сям’я. На той час Алена ўжо была замужам за ляснічым Мікалаем Юрчанкам, з якім разам заканчвалі тэхнікум, толькі вучыліся па розных спецыяльнасцях. Атрымалі ў Асінторфе кватэру. Нарадзілі дачок. Толькі было нязручна дабірацца на працу ў Дуброўна, за сямнаццаць кіламетраў.

Ці не гэта і стала вырашальным аргументам, калі раптам прапанавалі працу на Лепельшчыне? Юрчанкі пагадзіліся на прапанову, хаця разумелі, што кардынальна мяняюць ужо добра акрэслены лад жыцця.

Фёдараўна – чалавек рашучы і рызыкоўны. Адважылася з’ехаць з наседжанага гнязда і зараз не шкадуе. Дзеці дарослыя ўжо. Рыта – дацэнт ветэрынарных навук, выкладае ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. Наталля – настаўніца хіміі і біялогіі ў Старалядненскай школе. Ды што там! Дарослыя ўжо і ўнукі. Юля з адзнакаю закончыла Віцебскі медуніверсітэт. Таксама абрала прафесію медыцынскага работніка і Яна. Вучыцца ва ўніверсітэце ў Гомелі. Алег заканчвае Вышэйшую ваенную акадэмію

А нядаўна ў Фёдараўны ў Рэчыцы нарадзіўся праўнук Арцём. Вось такою маладою прабабуляю раптам стала, нават самой не верыцца.

Бывае, вядома, усялякае. Часам падводзіць здароўе, аднак яна не здаецца. Падымаецца рана.

— Трэба ж дзеду сняданак прыладзіць.

— А што дзед любіць?

— Дранікі.

— А вы?

— Мне падабаецца мамалыга – каша з гарбуза.

Гарбузы вырошчваюць самі, а заадно і памідоркі, і агурочкі. Муж цяпліцу зрабіў – залюбуешся. На шасці сотках Юрчанкі маюць усё неабходнае да стала.

За працаю ў Фёдараўны не так шмат застаецца вольнага часу. Але калі надарыцца вольная хвілінка, яна любіць у лесе баравікоў пашукаць альбо адкрыць кніжку. Цікавіць жанчыну гістарычная, ваенная проза. З задавальненнем чытае творы Васіля Быкава. Не абыходзіць увагаю і раённую газету “Лепельскі край”, сябрам якога з’яўляецца ўжо амаль чвэрць стагоддзя. Асабліва падабаюцца Фёдараўне матэрыялы пад рубрыкай “Людзі і лёсы”, бо яны распавядаюць аб людзях простых і працавітых, чые лёсы ў кожнага па-свойму цікавыя.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: Алена Фёдараўна Юрчанка.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.