Вясковы гаспадар

389Апоўдні, калі сонца знаходзілася амаль у зеніце, перад наступленнем самай моцнай, невыноснай спёкі па вуліцы вёскі Суша рухаўся невялікі статак кароў, які суправа­джалі іх гаспадары. Жывёліны хвастамі адбівалі амаль бесперапынныя атакі аваднёў, сляпнёў, як толькі магчыма прыспешваючы хаду, каб хутчэй патрапіць у выратавальны цень хлява. Сярод мясцовых жыхароў, што знаходзіліся ў гэты час на вясковай вуліцы, выдзяляўся сваім ахайным, дагледжаным выглядам мужчына, які павольна ехаў на веласіпедзе. Перад ім ішлі карова і буйное цяля. Вясковец прадставіўся Сяргеем Старавойтавым.
— Ганю сваю “карміцельку” з прыплодам дадому, каб жывёліны на працягу некалькіх гадзін адпачылі ад летняй спёкі, — патлумачыў Сяргей Мікалаевіч. — Акрамя таго, у гэты прамежак часу жонка Святлана падоіць карову, а я потым зноў адпраўлю яе і цяля пасвіцца ў поле.
— Цяляці, напэўна, ужо больш за год?
— Так. Хутка яно ўжо павінна стаць каровай-першацёлкай.
— А ці зможаце нарыхтаваць належную колькасць сена на ўтрыманне дзвюх кароў у зімова-стойлавы перыяд?
— У маёй асабістай гаспадарцы ёсць механічная касілка, таму павінен справіцца з гэтай задачай.
— Кім працуеце?
— Малаказборшчыкам. Справа ў тым, што раней з сям’ёй жыў у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці, працаваў механізатарам. Аднак у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, радыёактыўным забруджваннем нашай мясцовасці вымушаны быў у 90-ыя гады перабрацца жыць на Лепельшчыну. Ад мясцовай гаспадаркі атрымаў дом сядзібнага тыпу. Доўгі час тут таксама працаваў механізатарам. Аднак прыблізна гадоў восем таму па стане здароўя мяне перавялі на гэтую працу.
— Па якіх вёсках збіраеце малако?
— Суша і Двор Суша. На жаль, тут людзі зараз утрымліваюць у асабістых падсобных гаспадарках толькі 14 кароў.
— Колькі сабралі малака ад гэтых кароў за ліпень?
— Пяць тон шэсцьсот кілаграмаў.
— Ці вялікая сям’я?
— Два сыны і дачка. Дзеці ўжо дарослыя, маю ўжо двух унукаў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Сяргей Старавойтаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.