Международный фестиваль мифологии «У госці да Лепельскага Цмока”»

img_0016 Дзіцячы смех на “Пагорку”, вясёлыя танцы ў “Лагчыне”, музыка на “Алімпе”, таямніцы традыцый на “Яры”. Усё гэта азначае адно — на Лепельшчыне ў пяты раз адбыўся Міжнародны фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”.

Распачаўся фэст з парада ўдзельнікаў. У госці да лепяльчан і Цмока прыехалі прадстаўнікі Эстоніі, Расіі і Польшчы. Гучнымі апладысментамі сустрэлі гледачы дэлегацыю з польскага Кракава. Палякі адзначылі, што ў вёсцы Шырокава існуе музей цмокаў. Была выказана слушная прапанова, каб польскі і беларускі цмокі пасябравалі паміж сабой. Дарэчы, і ў самім Кракаве жыве ў пячоры каля падножжа Вавельскага ўзгорка знакаміты Вавельскі цмок. У Кракаве ўсталявалі помнік цмоку, і кожныя пяць хвілін з яго пашчы вылятаюць вогненныя язычкі полымя.
Удзельнікі танцавальнага калектыву з эстонскай Нарвы шчыра прызналіся, што і падумаць не маглі, якая прыгожая прырода ў Лепелі, якія гасцінныя людзі тут жывуць. Нацыянальныя эстонскія танцы — такой экзотыкі пляцоўка лепельскага амфітэатра яшчэ не бачыла.
Супрацоўнікі мінскага музея Петруся Броўкі прапанавалі ўсталяваць на крынічцы каля Эсы памятны знак. Музейныя работнікі адзначылі, што яе раней называлі “броўкаўскай крыніцай”.
На “Музычным Алімпе” выступілі і госці з далёкага расійскага Іркуцка — беларускі клуб “Крывічы”. Праграма, якую прывезлі да нас расіяне, можна з поўным правам назваць унікальнай. Некалькі песень былі запісаны ў этнаграфічных экспедыцыях па вёсках беларускіх перасяленцаў Іркуцкай вобласці, якія былі заснаваны ў 1902 — 1912 гадах. Потым беларускі гурт “Крывічы” перамясціўся на “Танцавальную лагчыну”, дзе правёў майстар-клас па побытавых беларускіх танцах. Жыхары паселішча радавых маёнткаў “Звон-гара” ўручылі “хлеб-соль” намесніку старшыні райвыканкама Віктару Азаронку. Ноту завяршэння адкрыцця фестывалю ўзяў знакаміты лепяльчанін Аляксандр Балотнік, які выканаў новую песню.
Аднак свята лепельскага Цмока толькі пачыналася. У “Даліне майстроў” вочы разбягаліся ад разнастайных цікавых рэчаў-сувеніраў на любы густ. Асаблівым попытам, што і не дзіўна, карысталася прадукцыя з выявай героя свята — Лепельскага Цмока. Увагу прыцягнуў грукат молата аб кавадла. Каваль Уладзімір Акулевіч са звычайнай жалязякі робіць прыгожую качаргу.
img_0006— Я рамеснік, працую ў Лепелі і Лепельскім раёне, — кажа Уладзімір. — Раблю агароджу і іншыя вырабы. Трэці раз удзельнічаю ў фэсце. Распачынаў справу мой калега Андрэй, аднак і я за гэты час набыў неабходны вопыт і прылады працы. Асноўны напрамак — халоднае каванне. Есць выязны горан, дзе можна рабіць элементы гарачага кавання.
— Як ты прыйшоў да такой цікавай прафесіі, як каваль?
— Гэтым займаўся яшчэ мой дзед, таму можна сказаць, што любоў да такой справы ў мяне ў крыві, тым больш і бацька дыпламаваны слесар. Аднойчы я ўзяў жалеза і спрабаваў нешта зрабіць сваімі рукамі. Па адукацыі — настаўнік, хімік-біёлаг, аднак так здарылася, што гены “не падманеш”.
— Ці здольна жалеза адчуваць руку майстра?
— Безумоўна, жалеза патрабуе поўнай аддачы. Гэта не хобі, дзе ты працуеш па нейкай спецыяльнасці і адну-дзве гадзіны аддаеш адпачынку. Каб займацца з жалезам, трэба шмат рэсурсаў — як матэрыяльных, так і фізічных.
— Ці магчыма работа з жалезам без дапамогі эскіза, рабіць “з галавы”?
— Зрабіць гэта можна, калі ты прайшоў этап ад эскіза і да самастойнага вырабу прылады. Як правіла, гэта асабісты выпадак, калі ты жадаеш нешта ўдасканаліць. Аднак спачатку будучая справа тваіх рук прамалёўваецца, калі ты робіш канкрэтную агароджу альбо дэкаратыўны элемент, які трэба “падагнаць” пад памеры.
-2-
img_0023Дэгустацыю смачнай прадукцыі прапаноўвалі жыхары паселішча радавых маёнткаў “Звон-гара”: арганічны скрыпень (иван-чай), натуральны мёд, хатні хлеб, званагорскі квас, зялёныя кактэйлі, урбеч і іншыя прысмакі. Прайсці міма было нельга.
— Нашы радавыя паселішчы знаходзяцца ў Віцебскім раёне, за трыццаць пяць кіламетраў ад Віцебска, — адзначае прадстаўніца “Звон-гары” Ала Мішурная. — Гэта другое радавое паселішча па колькасці людзей у Беларусі. Зараз у нас пражывае чатырнаццаць сем’яў, маем пяцьдзясят гектараў зямлі, дзе займаемся арганічным земляробствам. Гэта вырошчванне садавіны і гародніны без выкарыстоўвання хіміі. Таксама займаемся прадукцыяй у натуральным стылі, маем сертыфікаты — першыя, хто атрымаў сертыфікат на скрыпень. Самастойна нарыхтоўваем, ферментуем. Зараз наш скрыпень можна знайсці ў крамах. Вельмі прыемна, што беларусы частуюцца менавіта нашай лекавай раслінай, а не расійскай. Робім свежа адціснуты алей на дубовым прэсе. Кожная сям’я робіць нешта сваё. Асноўны напрамак — удасканальванне асяроддзя, экалагічныя прынцыпы, прадукцыя, рамёствы, традыцыі. Ладзім экатуры, праводзім майстар-класы народных танцаў і песень, гульняў, святаў народнага цыклу.
— Ці ёсць магчымасць да вас далучыцца таму, хто жадае?
— Так, у нас ёсць статут, дзе прапісаны пэўныя правілы, па якіх мы жывём. Існуе выпрабавальны тэрмін, на працягу якога сем’і “прыглядаюцца” да навічкоў, а ён, у сваю чаргу, да нас. Калі ў радавым паселішчы “Росы” пад Мінскам жывуць у асноўным мінчане, у нас — сем’і з Віцебска, Оршы, Полацка, Барысава, Магілёва. Вельмі шмат гасцей прыязджае да нас з Расіі — Масквы, Смаленска.
Займаемся таксама экалагічным будаўніцтвам. Есць “круглы дом”, першае падобнае будаўніцтва на тэрыторыі постсавецкай прасторы, дом з саламяных блокаў, самана. Майстар з Калужскай вобласці аднавіў рубку драўляных зрубаў па даўнейшых традыцыях і перадаў вопыт нашай мужчынскай частцы.
— Растлумачце, калі ласка, што гэта за дзіва — урбеч?
— Гэта адзін з відаў нашай прадукцыі, калі на каменных жорнах перамолваюцца арэхі, семя льну, кунжут без аніякіх дадаткаў. І гэты прадукт вельмі добра засвойваецца.
Закранулі тэму прысмакаў, варта яе прадоўжыць. “Кулінарны востраў” на тое і кулінарны, каб там магчыма было паспытаць мяса, прыгатаванае на жывым агні ад віцебскага арт-паба “Торвальд”. Аднак самыя вялікія чэргі запрыкмеціў каля нашых знакамітых “клёцак з душамі”, якія ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
-3-
img_0028На “Дзіцячым пагорку” інтэрактыўныя гульні ладзіў акцёр і драматург Васіль Дранько-Майсюк, на “Магічным Яры” прыадкрывалі сакральныя таямніцы аўтары шматлікіх выданняў па этнаграфіі і фальклоры Янка Крук і Аксана Катовіч.
Тым часам на “Музычным Алімпе” вёў рэй аднайменны мінскі ансамбль народнай песні і танца, “Лепшае і новае” выканаў пастаянны ўдзельнік фестывалю, бард Зміцер Вайцюшкевіч.
Вельмі прыемна было пачуць віцебскі музычны фольк-рок гурт “Восьмы дзень”, які ўпершыню браў удзел у фестывалі. Удзельнікі і ўладальнікі Гран-пры знакамітага полацкага фестывалю “Рок-кола” напрыканцы 2008 года спынілі музычную дзейнасць. На шчасце, праз восем год шляхі музыкантаў зноў сышліся, і беларуская музыка ў выкананні вакаліста Зміцера Кавалёва, басіста Уладзіміра Панова і бубнача Дзяніса Волкава зноў загучала. Гледачы цёпла сустрэлі гурт, а музыкі, у сваю чаргу, шчыра падзякавалі за добры прыём на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы.
“Рокаш”, музычны гурт у стылі фолк-року, чакалі на Лепельшчыне. Запамінальныя мелодыі традыцыйнага ўдзельніка фестывалю ўжо добра вядомыя мясцовым аматарам беларускай музыкі. Аднак надвор’е мела сваю думку. Не паспелі музыкі наладзіць музычныя інструменты і прайсці “саунд-чэк”, як кроплі дажджу вымусілі адкласці пачатак на хвілін пятнаццаць-дваццаць. На шчасце, дождж крыху сціх, і “Рокаш” з бляскам адыграў праграму, у якой знайшлося месца “Крылам”, “Крумкачу”, “Сокалу” і іншым песням. Пранікнёны вакал Паліны Дулінец і майстэрская ігра на бас-гітары Лявона Казакова падняла нямала гледачоў, якія з імпэтам танчылі каля сцэны.
“Нябесная канцылярыя” ўсё ж на нешта раззлавалася, і дождж пайшоў суцэльнай сцяной. Для Лепельскага Цмока гэта не праблема, аднак людзі заспяшаліся недзе схавацца ад патоку вады.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: эпізоды свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.