«Турэцкі бераг» Таццяны Тухта — яе родная Лепельшчына

60 Прыгадаў словы паэта пра тое, з чаго складаецца простае шчасце людское: “…З солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу…” Прыгадаў пад час сустрэчы з аператарам Таццянай Тухта на жывёлагадоўчым комплексе “Дражна”. Жанчына відавочна хвалявалася, не ведала, куды падзець рукі, круціўся ў іх увесь час мабільны тэлефон, падаў — выбачалася. Коратка адказвала на мае журналісцкія пытанні.

Не ўмее яшчэ Таццяна Іванаўна трымаць падобныя “экзамены”. Праз агонь, праз ваду, як кажуць, прайшла, а вось выпрабаванне “меднымі трубамі”…

Нядаўна, зусім для яе нечакана, аб’явілі “Чалавекам года Віцебшчыны”, выклікалі ў абласны цэнтр, уручалі дыплом і прэмію.

Не сказаць, каб паездка ў вялікі горад была для яе ў навіну. Ездзіла ж у свой час на экскурсію і ў Ленінград (тады менавіта так называўся горад на Няве) і ў Маскву. Фатаграфаваліся на Краснай плошчы. Экскурсіі для перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці ладзілі часта. І яна, як кажуць, паездзіла і пабачыла свету. Таму здзівіла не сама паездка, а нагода для яе. Чалавек года! Чаму яна?

Так і хацелася падказаць крыху зніякавелай маёй суразмоўцы, што менавіта на такіх вось людзях — простых, сціплых, працавітых, не тое слова, самаадданых у працы, на такіх вось аратых і сейбітах чалавечага шчасця — яно само і трымаецца. А шчасце — гэта наша заможнасць і дабрабыт, наш хлеб надзённы на стале і цвёрдая глеба пад нагамі. Не ўсім жа кіраваць, трэба камусьці і хлеб здабываць.

Яе хлеб — яе свінаматкі з маленькімі парасяткамі, якіх даглядае ўжо, ні многа ні мала, амаль трыццаць гадоў. Як прыйшла на свінакомплекс у Дражна ў восемдзесят восьмым го­дзе, ці не на самым пачатку яго стварэння, так увесь час і цягне лямку. Нялёгкая тая праца. А яна не шукала. Бо ў каго ён, лёгкі хлеб? У аднаго хіба ваўка з казкі, ды і той падавіўся, зубы страціў.

Не шукала Таццяна Тухта лёгкіх шляхоў у жыцці. Па маладосці, праўда, падалася ў горад Віцебск, па прафесію швачкі. Ну хіба ёй, дзяўчынцы з Бяседаў з небагатай сялянскай сям’і, выхаванай у школе-інтэрнаце, магчыма было прыжыцца на асфальце. У інтэрнаце апынулася, хоць расла не без бацькоў —  бацька “на карчах працаваў” у сельгасхімііі, маці калгасніцай была, — а таму што хадзіць было далёка ў Лепель. Аўтобус праз Бяседы не хадзіў. Трэба пехатою. Дык якая розніца, ці ў інтэрнаце ў звычайнай школе ся­дзець, ці вучыцца ў школе-інтэрнаце.

У Віцебску закончыла паўгадавыя курсы на ткачыху, паспрабавала там год папрацаваць і — клубочак Ра­дзімы пацягнуў разматаную нітачку да сябе. Вярнулася ў Лепель. У КБА ткачыхай уладкавалася, а тут і замуж зайшла за Івана Тухту з Верабак, пазнаёміў­шыся з хлопцам у вясковым клубе на дыскатэцы. А неўзабаве пераехалі ў Стаі, дзе мужу-будаўніку далі дыхтоўны дом — драўляны ды цэглай абкладзены, цёплы. А зараз, калі ўжо і газавае ацяпленне падвялі, і яшчэ цяплейшы. Іван — пенсіянер ужо, гаспадарыць. На ім і быкі, і куры. Што зробіш, калі жонка штодня на працу, як на спатканне, бегае. Як павезлі раніцай у Дражна, так да вечара і не чакай, нават абедае ў сталовай. Іван не раўнівы, ведае, каму “спатканне” жонка прызначае — парасяткам сваім, бо любіць іх болей, мабыць, чым сябе. Ці ж не праўда? Ці ж яна сябе любіць, ці ж беражэ, калі вось ужо два гады на пенсіі — у свінарак пенсія льготная, — а ўсё з працаю расстацца не можа.

Таццянін імпэт да працы можна сабе і зразумець. Якая ж маці не хоча дапамагчы дзецям? А дзеці, хоць сабе і дарослыя, а ўсё роўна дзеткамі застануцца для яе да сівога воласа. Юра ў Лепелі, Алеся ў Глыбокім, Сяргей у Заазер’і. У кожнага сем’і, у кожнага ўжо свае дзеці, а яе ўнукі. Ды вось малодшы сын будуецца, а каб будавацца зараз, тоўсты кашалёк мець трэба. Як не дапамагчы сыну!

Ну ды грошы грашыма, усіх не перабераш, а не хацелі б яе ногі валачыся на комплекс, то і не пайшла б. Душа Таццяніна на той свінаферме і з тымі парасяткамі. Там менавіта гэтая простая, сялянскага складу характару жанчына рэалізавалася. Па дзвесце дваццаць грам за суткі ў сярэднім прырастаюць яе парасяткі пры максімальнай, дзевяностасяміпрацэнтнай, захоўваемасці. Гэта азначае, што амаль увесь маладняк ад шасцідзесяці адной свінаматкі, якіх яна даглядае, выжывае, расце здаровенькім і роўна праз трыццаць дзён догляду пераходзіць у іншыя рукі. Проста фантастыка! Трэба ж гэтак любіць і клапаціцца. Ці мала свіння можа і наступіць на парасятка, ці легчы ды задушыць і не пачуць нават? А яшчэ трэба своечасова, двойчы на дзень, стойла пачысціць, тройчы раздаць камбікармы…

 У адпачынку Таццяна кардынальна мяняе абстаноўку: са свінарніка — на агарод. Гектар агароду дома: сена, градкі, засолкі ды закаткі. А яшчэ ёсць любімыя ружы ў кветніку. І “не трэба нам бераг турэцкі,  і Афрыка нам не патрэбна”. Па санаторыях Таццяна не гойсае. Аджартоўваецца, маўляў, як на пенсію вый­дзе, па курортах паедзе. А на пенсію можна выйсці з працы, ды нельга — з жыцця. Тае бяды, свет яна і ў камп’ютары паглядзіць. У адказ на маё здзіўленае пытанне, навошта ёй кам­п’ютар, калі дзяцей малых няма ў хаце, жанчына раптам святлее поглядам, горда выпрамляе плечы, ціха, спакойна прамаўляе: “Не падумайце, што мы аднымі свіннямі ды быкамі жывём”. І хочацца ёю любавацца, і хочацца яе зноў і зноў запэўні­ваць, што гэта мы якраз са сваімі камп’ютарамі ад жыцця вунь адарваліся, а яна цвёрдымі нагамі на зямлі стаіць. Зямля на такіх, як яна, і трымаецца.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Таццяна Тухта.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.