Мир увлечений Ксении Хацкевич

kseniya-xackevichНапэўна, Ксюша адказала б, што юнацтва — гэта калі ўсюды паспяваеш. І, ведаючы яе натуру, можна было б дадаць — паспяваеш рабіць добрыя справы.
Аднак пачнем з самай галоўнай добрай справы, якую зрабіла зусім нядаўна Ксенія Хацкевіч. Тут трэба сказаць, што жыве дзяўчынка ў аграгарадку Камень, а яе маці працуе ў Лепелі, у землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службе райвыканкама спецыялістам па землеўпарадкаванні. І вось калі аднойчы стомленая пасля працоўнага дня маці адвячоркам прыйшла дадому, падышла да яе дачушка, пяшчотна паклала сваю руку на яе плячо і… заспявала. Ксюша спявала самаму роднаму свайму чалавеку песню “Матуля”, якую не раз чула ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і вельмі палюбіла. А потым ціхенька ўпотай трэніравалася, каб зрабіць сюрпрыз да Дня маці.
Ксюша вельмі любіць спяваць. Летам удзельнічала ў раённым конкурсе маладых выканаўцаў “Белыя Росы”, дзе спявала песні пра вайну і пра веру, тую самую веру ў дабрыню, якая дапамагае людзям жыць. А не так даўно яшчэ і навучылася іграць на гітары.
А яшчэ дзяўчынцы падабаецца родная мова. Мову родную яна любіць з маленства, калі вучылася ў пачатковых класах Каменскай базавай школы, а настаўніца Ганна Барадзіна заўважыла добрыя здольнасці дзяўчынкі і адправіла яе на алімпіяду па беларускай мове. З таго часу вось ужо колькі гадоў Ксюша ўдзельнічае ў раённых алімпіядах па беларускай мове. І ўжо іншыя настаўнікі вядуць яе па жыцці. У Бароўцы гэта Людміла Семілетава. Менавіта яна летась падрыхтавала да алімпіяды сваю вучаніцу, і Ксенія атрымала на ёй дыплом другой ступені.
Родная мова для Ксюшы — як паветра, як крыніца з гаючай вадою, як той камень, што даў назву роднай вёсцы. Легенду пра яго аднойчы пачула дзяўчынка. Родная мова — гэта развітальны крык журавоў, які так уразіў Ксенію, калі чытала аповесць Васіля Быкава “Жураўліны крык”. Родная мова — гэта і званы Хатыні. Аднойчы, ужо калі вучылася ў Бароўскай сярэдняй школе, вучні ўсім класам наведалі Хатынь. Ксюша была ўражана, і асабліва — тым жудасным перазвонам, прывыкнуць да якога было немагчыма. На Лепельшчыне ёсць свая “маленькая Хатынь” — мемарыяльны комплекс у спаленай у гады вайны вёсцы Кісцялёва. Сюды ўсім класам вучні ажыццявілі паход.
Ксюшы падабаюцца экскурсіі, розныя паходы. Здавалася б, увесь час кудысьці хадзіла б ці ездзіла. З задавальненнем катаецца на веласіпедзе па суседніх вёсках. Яна ж надзвычай спартыўная дзяўчынка. Прыедзе пасля абеда дадому, адпачне крыху, пасядзіць над хатнімі заданнямі — і пабяжыць у школьную спартыўную залу, дзе адна размінаецца, бегае, гуляе з мячом. Пасля зацікавіла да заняткаў у спартыўнай зале і сваіх малодшых сябровак. А па аўторках і чацвяргах пасля ўрокаў дзяўчынка застаецца ў Бароўцы, каб пазаймацца ў школьных спартыўных секцыях валейболам і баскетболам. Зараз тут ідзе падрыхтоўка да раённых спаборніцтваў, і неўзабаве будуць абараняць гонар роднай школы.
І як толькі дзяўчынка ўсюды паспявае — проста дзіву даешся. Аднак жа гэта яшчэ не ўсё. Ксенія Хацкевіч даўно і сур’ёзна займаецца тэнісам. Летась на раённых спаборніцтвах была першай і зараз зноў жа на трэніроўках. Наведае абласныя спаборніцтвы і марыць там заняць прызавое месца.
Сапраўды, юнацтва — той час, калі ўсюды паспяваеш і ўсяго хочацца паспрабаваць. На летніх канікулах адзінаццацікласніца Ксенія Хацкевіч паспрабавала сябе… на кухні. Хто, магчыма, і адпачываў, а яна цэлае лета працавала ў сталовай ААТ “Ладасна”, дапамагала дарослым гатаваць ежу, развозіла яе па палях. Зарабіла грошы, каб апрануцца, падрыхтавацца ў школу, астатнія ж аддала маме.
Я распавёў пра шматлікія Ксюшыны захапленні і справы. Іх так шмат і яны такія розныя! А зараз угадайце, пра якую прафесію марыць будучая выпускніца? І не старайцеся, бо ў каляровай гаме яе захапленняў жыццёвы выбар знаходзіцца асобна. Марыць дзяўчынка паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і стаць культработнікам. Думаю, што і гэты жыццёвы праект у яе таксама атрымаецца, бо няма нічога недасягальнага, варта толькі паставіць сабе мэту і ўпэўнена да яе ісці…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.