На дошку гонару ААТ “Лепельскі малочна-кансервавы камбінат” занесены 51 чалавек

Напярэдадні прафесійнага свята ў ААТ “Лепельскі малочна-кансервавы камбінат” падвялі вынікі дзейнасці. На дошку гонару прадпрыемства занесены 51 чалавек: 24 з галаўнога прадпрыемства ў Лепелі, дзевяць з Талачынскага філіяла, адзін з Докшыцкага і сем з СВФ “Заазер’е”. Кожнаму выплачваецца прэмія ў памеры трох базавых велічынь. Карэспандэнт сустрэўся з трыма работнікамі.

img_0631

Інжынер-механік
Міхаіл Іванавіч Пашкевіч — ветэран прадпрыемства, працуе на МКК з сакавіка 1990 года. Вось што ён распавёў пра сябе:
— Я родам з Талачынскага раёна, пасля школы атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля, працаваў у саўгасе. У войску быў вадзіцелем. І толькі пасля службы ў арміі паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, асвойваў спецыяльнасць інжынера. Ажаніўся з дзяўчынай з Лепельшчыны. Калі дзіця нарадзілася, перабраўся сюды канчаткова.
— Якія вашы асноўныя абавязкі?
— Займаюся ў асноўным матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем аўтамабіляў і прычэпаў. Машыны ездзяць інтэнсіўна, бывае, ламаюцца, патрабуюць замены дэталяў. Часам узнікаюць цяжкасці, як вытрымаць баланс. З аднаго боку хочацца, каб на складзе пастаянна былі ўсе неабходныя запчасткі і расходныя матэрыялы: падшыпнікі, шасцерні, радыятары, электраматоры, рухавікі. Каб усё было пад рукой пастаянна. Аднак накупіш, скажам, падшыпнікаў, а яны паўгода будуць ляжаць не патрэбныя. Атрымаецца, што мы надоўга адцягнулі абаротныя сродкі. З вопытам навучыліся вызначаць, якія запчасткі пастаянна неабходныя, а якія можна не закупляць у запас.
— Дарэчы, а цяпер, зімой, якога рамонту больш часта патрабуюць машыны?
— Да эксплуатацыі ў зімовых умовах важна правільна падрыхтаваць машыну загадзя, праверыць сістэму падачы паліва, тармазную сістэму, заліць тасол. Тады паломак і праблем будзе значна менш. А на сёння часта выходзяць са строю электрарухавікі сістэм ацяплення.
— Як асвойваеце інфармацыйныя тэхналогіі?
— Шчыра прызнаюся, з камп’ютарам я пакуль што не асабліва “сябрую”, мне больш прывычна пашукаць патрэбную дэталь у каталозе. Знаходжу такім чынам значна хутчэй, чым іншыя знаходзяць у інтэрнэце. З другога боку, сучасная тэхніка робіцца ўсё больш і больш складанай. Напрыклад, у ранейшыя гады аўтамабілі МАЗ дзяліліся па мадэлях і гадах выпуску. Зараз жа ў адзін і той жа год могуць быць выпушчаныя машыны, якія маюць значныя адрозненні. Звонку гэта незаўважна, аднак, калі, скажам, у мосце замест вала дыяметрам 42 міліметры ўстаўляецца дыяметрам 50, розніцу спецыялісты адчуваюць.
Напярэдадні нашага прафесійнага свята хачу пажадаць усім здароўя, шчасця, а таксама каб моладзь усё ж такі больш ахвотна ішла ў рабочыя прафесіі. Бо калі не будзе рабочага чалавека, нават самае сучаснае прадпрыемства спыніцца, не зможа працаваць.

img_0639

Слесар-рамонтнік

Валерый Паўлавіч Дзямко прыйшоў на МКК у 1998 годзе. Успамінае:
— Складаныя былі часіны для прапрыемства. Уявіце сабе, што сухое малако тады мы, асабліва ўзімку, выпускалі па два-тры дні на тыдзень. Вытворчасць, для якой сёння патрэбны кругласутачны тэхналагічны працэс, перапынялася. Проста не хапала малака. Яго тады прывозілі, залівалі ў халадзільнікі, а потым, як толькі яны запаўняліся, накіроўвалі на перапрацоўку. Прыйшоў на службу галоўнага энергетыка, залічылі слесарам па рамонце і абслугоўванні катлоў. Тады ў якасці паліва выкарыстоўвалася мазута. У пачатку двухтысячных пачаліся перамены, адной з самых знакавых для нас, энергетыкаў, стаў перавод прадпрыемства на выкарыстанне прыроднага газу.
Зараз працаваць нашмат лягчэй, зручней, у цэнтральнай кацельні чыста, утульна.
А гэта мой сябар электрагазазваршчык VІ разраду Сяргей Мікалаевіч Шацілаў. Мы з ім часта працуем разам.
Да нас якраз падышоў мужчына ў такой жа самай рабочай вопратцы, як і Валерый.
— А вы, Валерый, які маеце кваліфікацыйны разрад?
— У 2007-м атрымаў шосты, вышэйшы, разрад. Як толькі абсталяванне перавялі на газ, нас, слесараў, адразу накіравалі на спецыяльнае навучанне, а потым яшчэ раз на тры гады ездзілі ў Віцебск на павышэнне кваліфікацыі. Увогуле, павышэнне кваліфікацыі — важная і неабходная справа, бо з кожным годам паступае ўсё больш і больш складаная тэхніка, якую не будзеш, як раней, абслугоўваць толькі наборам ключоў, а ў выключных выпадках — яшчэ і ломам з кувалдай. Трэба асвойваць і камп’ютары.
— Аднак цяпер усе імкнуцца да поўнай аўтаматызацыі, каб толькі націснуў кнопку — і сядзі ды наглядай…
— Аўтаматызацыя — вельмі добрая справа, аднак у ААТ “Лепельскі МКК” шмат розных аб’ектаў ацяплення ў Лепелі, Бешанковічах, нават зернесушылку ў Стаях мы абслугоўваем. Так што працы ўсім хапае.

img_0654

Вадзіцель

З чарговага рэйса вярнуўся вадзіцель Васіль Сямёнавіч Лях.
— Доўгі рэйс быў?
— Не надта, з’ездзіў за 46 кіламетраў у Вялікія Дольцы Ушацкага раёна, прывёз чатыры тоны малака. Аднак гэта яшчэ не самы аддалены аб’ект, часам даводзіцца ездзіць у Глыбачаны, што за Сарочынам, да іх — 70 км. Выязджаем звычайна дзесьці а шостай-сёмай гадзіне раніцы, каб хутчэй прывезці малако на завод. Сёння мне размеркаваны адзін рэйс. Зараз выкатаю малако, пастаўлю машыну —і дахаты, а заўтра буду дзяжурыць тут.
— Як доўга працуеце на МКК?
— Дзесьці з 1994 года. Да гэтага больш за дзесяць гадоў адпрацаваў у сельгасхіміі, вазіў людзей на аўтобусе, а пасля развалу гэтай арганізацыі прыйшоў на МКК. Так тут і працую.
— Што можаце распавесці пра сваю тэхніку?
— Зараз — на малакавозе ГАЗ. Гэта добрая, цягавітая машына. Дызельны рухавік надзейны, толькі, прызнацца, зашмат моцы, абароцістасці ў ім. Трэба быць пільным, асабліва зімой, на снезе, пракруцяцца колы раз-другі — і сядзеш, забуксуеш. Таму пастаянна важу з сабой рыдлёўку. Машыну гэтую атрымліваў восем з паловай гадоў таму новай, больш за 200 тысяч кіламетраў на ёй ужо накатаў.
— Аднак тэхніка часам псуецца…
— Апошні значны рамонт быў у канцы кастрычніка. У картар рухавіка працякаў тасол. Самастойна перабраў матор, не здымаючы яго з машыны.
— А дзеці якую дарогу ў жыцці выбралі?
— У нас з жонкай адзін сын, ён таксама вадзіцелем працуе на хлебазаводзе. Што ж, знайшоў сваю дарогу. У яго ўжо свая сям’я, двое дзяцей…
— Вам ужо хутка на пенсію?
— Так, каля года засталося. Аднак заставацца на працы не планую, даволі цяжка мне ўжо падымацца раніцай, ездзіць у дальнія рэйсы.
Між тым падышла і яго чарга здаваць малако. Мужчына спачатку абмыў зліўныя гарлавіны спецыяльным растворам для дэзінфекцыі, потым прыстыкаваў шланг. Увесь працэс заняў каля 30 хвілін. Потым — абавязковае абмыванне бочкі знутры і звонку, абмыванне машыны. Толькі калі ўжо выехаў на вуліцу, улучыў момант, каб зрабіць фотаздымак.

На здымках: інжынер-механік Міхаіл Пашкевіч правярае нумары падшыпнікаў; слесар-рамонтнік Валерый Дзямко (злева) і зваршчык Сяргей Шацілаў у майстэрні; вадзіцель Васіль Лях ля сваёй машыны. 
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.