На Лепельщине активно работают трудовые лагеря

trudovoj-lager Ідучы па скверы на плошчы Свабоды, заўважыла падлеткаў, якія зграбалі скошаную траву, выбіралі з пліткі на дарожках расліннасць. І, трэба адзначыць, рабілі гэта з добрым настроем, энтузіязмам. Часцей мы бачым, як дарослыя прымушаюць дзяцей працаваць, а яны імкнуцца як мага хутчэй скончыць работу, каб пагуляць з сябрамі. Тут жа назіралася адваротная карціна. Склалася ўражанне, што гэта іх ініцыятыва і жаданне, каб наш горад быў чыстым і выглядаў прыгожа.

За некалькі дзён паспелі папрацаваць ужо не толькі ў скверы, а і ў парку, на іншых тэрыторыях. Падмятаюць, зграбаюць, робяць розную, здаецца, нескладаную, але вельмі патрэбную работу па добраўпарадкаванні роднага горада.
Усе апрануты ў спецыяльныя камізэлькі, якія бачныя здалёк. І гэта правільна, бо бяспека павінна быць у першую чаргу.
Аказваецца, на базе гімназіі імя І. М. Ерашова ад КУВП “Бароўка” дзейнічае працоўны лагер, які наведваюць дзесяць вучняў. Кожны са школьнікаў заключыў дамову з прадпрыемствам. Жадаючых было нашмат больш, аднак патрабавалася пэўная колькасць школьнікаў. Хтосьці не падышоў па ўзросце, у кагосьці не было яшчэ пашпарта, улічваліся і медыцынскія паказчыкі.
Хочацца спадзявацца, што лепяльчане і госці горада будуць шанаваць працу маладога пакалення і не кінуць недакурак ці паперку міма скрыні для смецця.
Разам з дзецьмі ўвесь час знаходзілася Вольга Мароз, класны кіраўнік былога 8 ”А”. Яно і зразумела, яшчэ ж дзеці, патрабуюць пільнага вока дарослага чалавека. Кваліфікаваны педагог заўсёды падкажа, параіць і правільна арганізуе дзейнасць.
Пацікавілася ў Вольгі Анатольеўны пра распарадак дня. Пачынаюць збірацца ў гімназіі дзеці да 8.30 на сняданак, потым з 9.00 да 13.36 працуюць у розных кутках нашага горада. Аднак з-за гарачыні паветра час скарачаецца. І так на працягу 18 дзён будуць чаргавацца праца і адпачынак.
Па вяртанні ў навучальную ўстанову дзяцей чакае смачны абед для аднаўлення сіл. А ў канцы дня юныя працаўнікі яшчэ атрымліваюць падвячорак. “Заўсёды штосьці смачненькае”, — кажуць дзеці.
Не праходзіць дзень і без культурнай ці забаўляльнай праграмы.
Педагог дадала, што ў лагерах працы і адпачынку дзецям прапануюць разнастайна бавіць вольны час. У прыватнасці, юнакоў і дзяўчат чакаюць пазнавальныя экскурсіі, гульні і іншыя мерапрыемствы. Арганізатары запланавалі шмат цікавага на час дзейнасці працоўнага лагера.
Як лічаць спецыялісты, дзеці павінны быць увесь час задзейнічаны. Калі не на працы, то, магчыма, у іншых мерапрыемствах, напрыклад, спартыўных. Яны не павінны быць прадастаўлены самі сабе.
Заўважыла, што лагеры працы і адпачынку карыстаюцца папулярнасцю ў падлеткаў. Да таго ж з’яўляецца першая магчымасць зарабіць уласныя грошы, якія, сама памятаю з дзяцінства, вельмі шкада потым марнаваць.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.