На лепельском пляже — очень многолюдно

Здавалася б, яшчэ на пляжы ніхто не купаецца, але чаму там так шматлюдна, ды яшчэ ў будні дзень?

 Прагульваючыся па парку ў пошуках цікавых здымкаў, звярнула ўвагу на супрацьлеглы бераг, дакладней, на наш улюбёны пляж. Вада як быццам заварожвае ў спёку і вабіць да сябе. Аднак разумею, што яна яшчэ занадта сцюдзёная.

Як аказалася, не для ўсіх. Накіроўваюся праз мост на пясчаны бераг, каб даведацца, што там адбываецца.

— Мы сюды з трэнерамі прыходзім амаль кожны дзень, — кажуць Ангеліна Алецкая і Ліза Міснік. — Каб была магчымасць, мы б усё лета ў лагеры правялі. Тут вельмі цікава, шмат праводзіцца забаўляльных мерапрыемстваў і конкурсаў. А яшчэ мы харчуемся ў піцэрыі, дзе вельмі смачна гатуюць. Вось, напрыклад, на сняданак была піца з гарбатай.

Дзяўчынкі з’яўляюцца навучэнкамі Віцебскай абласной спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ «Альбатрос». Падчас летніх школьных канікул тут арганізаваны спартыўна-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання.

Заўважаю, што хлопцы ходзяць па вадзе.

— Вам не холадна?

— Не, — крычаць у адзін голас. — Мы ўжо некалькі разоў акуналіся, як перакульвалася байдарка.

Побач з дзецьмі завіхаюцца іх педагогі, на дадзены момант выхавацелі. Яны ж выконваюць і Функцыі ратавальнікаў у перыяд вучэбна-трэніровачных заняткаў. Трэба адзначыць, што кожную раніцу ў лагеры праводзіцца інструктаж па тэхніцы бяспекі падчас атраднага пастраення.

Няма часу адпачываць ужо і прадстаўнікам раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах». Так, старшыня арганізацыі Рымантас Стрыпейкіс, які хадзіў па пляжы на працягу ўсяго гэтага часу, адзначыў, што прыйшла і для іх гарачая пара. Лепяльчане і госці горада любяць бавіць час ля вады не толькі днём, а і познім вечарам.

— Кожны дзень я і мае калегі назіраем за адпачывальнікамі з 10 раніцы да 9 вечара, — кажа Рымантас Пятровіч. — Дзяжурым заўсёды ўдвух.

— А навошта зараз сачыць за дзецьмі? З імі ж трэнеры.

— Мы адказваем за ўсіх адпачывальнікаў, і за трэнераў таксама, бо яны знаходзяцца ля вады, — смяецца мой суразмоўца. — У нас арганізаваны два пасты. Адзін — перасоўны, з выратавальнай лодкай, на якой зараз мой калега, другі — стацыянарны.

Сапраўды, на лаўцы каля самага берага заўважаю выратавальныя камізэльку і круг. Імі могуць скарыстацца і адпачывальнікі ў надзвычайных сітуацыях. Трэба сказаць — зручна!

Заўважаю і яшчэ адну групу дзяцей, якія разам са сваім трэнерам займаліся бегам. Па рухах рукамі зрабіла вынік, што гэта хлопцы з секцыі бокса. Не памылілася.

Трэнер Аляксей Буйлоў адзначыў, што на базе Лепельскай СДЮШАР сярод іншых арганізаваны спартыўна-аздараўленчы лагер і для тых, хто наведвае ў яго заняткі.

Дзеці з 9 да 13 гадоў у колькасці 10-11 чалавек 18 дзён правядуць не толькі з карысцю, а і цікава. Раніцой усе збіраюцца ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры і цэнтралізавана ідуць у піцэрыю на сняданне. Пасля смачнай ежы — абавязковая прагулка ў парк ці на пляж, а таксама іншыя спакойныя месцы Лепеля. Пасля гэтага праводзіцца невялікая трэніроўка — бег па пяску, прысяданне, падцягванне тулава і шмат чаго іншага. Не абходзіцца і без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі.

На абед таксама накіроўваюцца дзеці ў піцэрыю, пасля чаго ідуць у сваю любімую залу, якая месціцца на базе 3-га корпуса аграрна-тэхнічнага каледжа. І хоць Аляксей Аляксеевіч прапаноўвае ім адпачыць, усё роўна хлопцы жадаюць пазаймацца на рынгу, памераць свае сілы з супернікам.

Закончылася вучоба, прыйшоў час адпачыць. Няхай ён для лепельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак будзе насычаным прыемнымі момантамі!

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.