На полях Лепельщины появился ещё один новый комбайн

Размовы пра набыццё трэцяга імпартнага высокапрадукцыйнага камбайна ў філіял “Баброва-Агра” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” холдынгу “Славянскі Велес” ішлі амаль год таму, з моманту набыцця і ўвядзення ў эксплуатацыю другога камбайна гэтай жа маркі. Такому рашэнню кіраўніцтва холдынгу ёсць важкае абгрунтаванне: у цяперашні час работнікі прадпрыемства апрацоўваюць каля 14 тысяч гектараў зямлі, угоддзі раскінуты па тэрыторыі 5 раёнаў, вырошчваюцца рапс, пшаніца, авёс і ячмень. Сёлета ўпершыню пасеяна кукуруза на зерне — усё гэта трэба ўбіраць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, а для хуткай і якаснай уборкі, вядома, патрэбна высокапрадукцыйная тэхніка, якая дазволіць усё гэта зрабіць.

Меркавалася, што новы камбайн прыбудзе ў пачатку ліпеня, якраз да пачатку ўборачнай кампаніі, і з першага дня ўключыцца ў яе. Аднак па шэрагу абектыўных і субектыўных прычын пастаўка затрымалася на месяц. І вось камбайн New Holland CR-9.90 знаходзіцца тут.

Хочацца расказаць пра яго тэхнічныя характарыстыкі. Першыя 2 камбайны New Holland СХ-8.90 набыты, адпаведна, два і год таму, маюць класічную сістэму абмалоту. Зжатая маса абмалочваецца, праходзячы праз барабан, а затым зерне адсейваецца праз сістэму рэшатаў, грохатаў і клавішаў. У новым камбайне галоўным механізмам абмалочвання зяўляюцца 2 ротары. Зжатая маса праходзіць праз іх з высокай хуткасцю, выдзяляючы зерне з каласоў (пшаніца, ячмень), стручкоў (рапс) і пачаткаў (кукуруза). Такі механізм зяўляецца яшчэ больш высокапрадукцыйным у параўнанні з класічнай барабанна-клавішнай сістэмай. Аднак ён мае і пэўныя недахопы. Як паказвае практыка, у першую чаргу такім камбайнам патрэбны палеткі з высокімі ўраджаямі. Свае станоўчыя якасці яны могуць праявіць на палях з ураджайнасцю ад 30-40 цэнтнераў з гектара і вышэй, а пры зніжэнні ўраджайнасці змяншаецца і якасць абмалоту, могуць непамерна павялічыцца страты зерня. Таму прадукцыйнасць камбайна ў многім залежыць яшчэ і ад работы агранамічнай службы.

Другім відавочным адрозненнем новага камбайна зяўляецца паўгусенічны ход. Замест пярэдніх колаў зманціраваны цялежкі з гумовымі гусеніцамі. Калісьці, яшчэ у савецкія часы падобная схема прымянялася на камбайнах СК-5 “Ніва”, якая дазваляла працаваць на пераўвільготненых участках, на тарфяніках. Дарэчы, падобная праблема ўзнікла на Лепельшчыне пад час уборачнай кампаніі 2019 года, калі на працягу амаль усяго ліпеня і жніўня ішлі дажджы, якія замаруджвалі ход уборачнай кампаніі. Камбайны траплялі ў глей, праразалі глыбокія каляіны. Адзінай дапамогай магла б стаць наяўнасць хаця б па адным камбайне з паўгусенічным або гусенічным ходам у кожнай гаспадарцы раёна. “Баброва-Агра” быў зроблены першы крок.

Патрэба менавіта ў камбайне з паўгусенічным ходам абумоўлена яшчэ і тым, што значная доля земляў гаспадаркі — гэта меліяраваныя тарфянікі, якія заўсёды вызначаліся глейкасцю. На іх часцей буксуюць трактары, камбайны, і менавіта ў гусенічных больш шанцаў усё ж такі праехаць і выканаць патрэбныя аперацыі.

Каму ж даверана новая тэхніка? На камбайне New Holland CR-9.90 з першага дня працуе сямейны экіпаж. Аляксандр Зябко прапанаваў быць памочнікам свайму бацьку Пятру. Для механізатара-ветэрана сёлетняя ўборачная кампанія юбілейная — 40-ая! Пётр, жартуючы, кажа:

— Хаця б у старасці папрацую на такой прыгожай тэхніцы!

На пытанне аб кошце камбайна дырэктар філіяла Вячаслаў Чувілін з усмешкай адказаў:

— Камерцыйная тайна.

Прагартаўшы некалькі спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсаў па продажы сельгастэхнікі, знайшоў адну прапанову, па якой можна зрабіць параўнанне. У ёй камбайн New Holland CR-9.90 з паўгусенічным ходам 2014 года выпуску з напрацоўкай у 2062 мотагадзіны прадаецца за 775 тысяч рублёў, што адпавядае 307 тысячам умоўных адзінак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.