В хозяйствах района — новые экипажи-тысячники

Экіпажы ў складзе Анатоля Петухоўскага, Ільі Мацвеева, Аляксандра і Пятра Зябко, якія працуюць у філіяле “Баброва-Агра”, другімі ў раёне дасягнулі намалоту збожжа ў тысячу тон. Варта прыняць да ўвагі той факт, што ў залік спаборніцтва ідуць толькі збожжавыя культуры: пшаніца, жыта, ячмень і авёс. Калі ж улічваць яшчэ і намалоты рапсу, то баброўскія камбайнеры — у адназначных лідарах. Для таго, каб шчыра павіншаваць іх, на поле прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Мончык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч.

Камбайны якраз шчыравалі на пшанічным полі паміж аграгарадком Баброва і вёскай Губіна. Азімая пшаніца пад уздзеяннем вятроў і дажджоў апошніх дзён месцамі палегла. Так што павысіць працоўны тэмп камбайнам і іх экіпажам не ўдавалася. Даводзілася рухацца павольна, імкнучыся падабраць як мага больш каласоў.

Камбайнеры і дырэктар філіяла “Баброва-Агра” раз-пораз паглядаюць на неба. У іх супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, глебе пасля працяглай засухі патрэбен дожджык, вільгаць, каб падрасла кукуруза, наліліся яе пачаткі. З другога боку, дождж замінае жніву, узнікае рызыка палягання.

У філіяле “Баброва-Агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” паспяхова перакрочылі экватар уборачнай кампаніі. Такі працоўны поспех абумоўлены ў першую чаргу падтрыманнем старой тэхнікі ў працаздольным стане і набыццём новай. Так, да 2 высокапрадукцыйных камбайнаў New Holland CX-8.90 быў набыты яшчэ больш магутны New Holland CR-9.90, на якім працуюць Аляксандр і Пётр Зябко.

Побач працаваў і звышмагутны камбайн Case-8250. Расказвае Вячаслаў Чувілін:

— Набыць трэці New Holland мы планавалі ў пачатку ліпеня, каб адразу задзейнічаць яго на жніве. Аднак прадаўцы па шэрагу прычын не змаглі своечасова ажыццявіць пастаўку, камбайн прыбыў са спазненнем на месяц. Таму ў якасці кампенсацыі нам у часовае карыстанне быў выдзелены Case, які будзе працаваць на нашых палях на працягу тыдня.

Віншаванне было непрацяглым, бо ў гарачую пару кожная хвіліна на ўліку.

— У нас ёсць што і чым убіраць, а самае галоўнае — каму. Ёсць людзі, якія гатовы працаваць ледзьве не круглыя суткі, — кажа старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан. — Няхай мае словы і падаюцца ўзвышанымі, але я ад шчырага сэрца рады, што вы і дзясяткі, сотні такіх жа працаўнікоў вёскі ўносіце пасільны ўклад, мацуеце харчовую бяспеку Лепельшчыны, вобласці, усёй рэспублікі. Жадаю вам моцнага здароўя і новых працоўных поспехаў!

— Сапраўды, гэтыя людзі — самыя галоўныя ў нашай сельскагаспадарчай працы, — заўважыў Вячаслаў Чувілін. — Кіраўнік не зможа працаваць без зладжанага калектыву — механізатараў, камбайнераў і г.д.

На развітанне госці выказалі надзею на далейшыя сустрэчы з нагоды новых працоўных дасягненняў.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.