Надзейны бар’ер паставілі ў Лепельскім раёне заносу і распаўсюджванню АЧС

28e5870220d267fa6f7dabfc78adbc7cthumb640x480Раённы выканаўчы камітэт унёс змены і дапаўненні ў рашэнне ад 26 ліпеня 2013 г. №755 «Аб зацвярджэнні мерапрыемстваў па папярэджанні заносу і распаўсюджванні ўзбуджальніка афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Лепельскага раёна».
Забаронена ўтрыманне свіней фізічнымі асобамі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян у аграгарадку Стаі, вёсках Дражна, Гарадзец, Заполле Стайскага сельсавета і вёсцы Забалацце Лепельскага.
Забаронена ўтрыманне свіней індывідуальным прадпрымальнікам, сялянскім (фермерскім) гаспадаркам у аграгарадку Стаі, вёсках Дражна, Гарадзец, Заполле Стайскага сельсавета і вёсцы Забалацце Лепельскага.
Кіраўнікам паляўнічых гаспадарак неабходна арганізаваць выманне дзікоў у натуральным асяроддзі пражывання ў межах іх уліковай колькасці без уліку плана канфіскацыі, а таксама полу і ўзросту жывёлін па разавых дазволах на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічых пуцёўках да іх.
Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый трэба арганізоўваць у першую чаргу ўборку збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы ў межах двухкіламетровай зоны ад свінакомплексу, на палях, прылеглых да лясных масіваў і арэалах пасялення дзікоў.
Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання раёна варта аказваць усялякае садзейнічанне паляўнічым карыстальнікам пры арганізацыі і правядзенні палявання.
Прадугледжана таксама арганізаваць дзяжурства ма­більных ветэрынарна-санітарных брыгад у цесным узаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў.
Перавозка свіней, прадуктаў свінагадоўлі ўнутры раёна дапускаецца па ўзгадненні з галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам раёна; паміж раёнамі (у межах адной вобласці) — з галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам вобласці; паміж абласцямі — з галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам Рэспублікі Беларусь.
Скажам прама, дробязей тут няма і быць не павінна. Цана бестурботнасці высокая, адказнасць — персанальная.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.