Кульмінацыяй «глюкаў» стаў сеанс «стрыптызу»: юнак распрануўся і ў «чым маці нарадзіла» выправіўся на лепельскую уліцу…

stop-narkotikiПра небяспеку ад так званых спайсаў гаварылася і пісалася даволі шмат, у тым ліку і на старонках “Лепельскага краю”. Аднак для сустрэчы з урачамі ўстановы аховы здароўя “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца” загадчыцай наркалагічнага ад­дзялення Валянцінай Сеўрук, загадчыцай мужчынскага псіхіятрычнага аддзялення Ларысай Сякерскай і псіхолагам Юрыем Пекарам стала сумная нагода.
Слова Юрыю Пекару:
— За апошнія месяцы двое жыхароў Лепеля трапілі ў нашу бальніцу з-за ўжывання спайсаў.
— Магчыма, два чалавекі — не так ужо і многа, нашмат больш наша грамадства пакутуе, напрыклад, ад злоўжывання алкаголем…
— Хачу вам запярэчыць. У свой час і алкаголем людзі не так злоўжывалі, выпівалі хіба што па вялікіх святах. Успомнім і гісторыю так званых традыцыйных наркотыкаў — гераіну і какаіну. Цяпер дзіўна чуць, але сто гадоў таму гераін можна было набыць практычна ў любой аптэцы, а ўжыванне какаіну лічылася шыкам у вышэйшым свеце. А потым гэта зараза распаўсюдзілася на шырокія слаі грамадства, стала выбіваць маладое, здаровае пакаленне. Так і са спайсамі, трэба адразу прыпыняць іх распаўсюджанне, дзейнічаць на апераджэнне.
— Апішыце, калі ласка, выпадкі ў Лепелі, — звяртаюся да Валянціны Сеўрук.
— Першы выпадак быў зафіксаваны восенню мінулага года. Малады дваццацігадовы чалавек гуляў па вуліцы, паводзіў сябе неадэкватна: ішоў нібы п’яны, слаба арыентаваўся ў прасторы, то прызнаваўся ўсім у любові, то раптам надыходзілі прыступы беспадстаўнай агрэсіі. Кульмінацыяй стаў, так бы мовіць, сеанс стрыптызу: ён распрануўся і “ў чым маці нарадзіла” пайшоў гуляць далей. Натуральна, што яго накіравалі да нас. У аддзяленні ён некалькі дзён прыходзіў у сябе. Вялі размовы, спрабавалі высветліць прычыну такіх неадэкватных паводзінаў. Хлопец аднекваўся, спрабаваў нешта прыдумаць. Яно і не дзіўна. Каму ахвота псаваць сабе рэпутацыю?! Аднак пасля размоў высветлілася, што малады мужчына ўжываў спайс.
Пацыент быў выпісаны з дыягназам “аднаразовае ўжыванне псіхаактыўных рэчываў (ПАР) са шкоднымі наступствамі”. Папярэдзілі, што пры паўторным выпадку будзе пастаўлены дыягназ “залежнасць ад ПАР”, а гэта ўжо іншы сцэнарый развіцця падзей.
— А другі выпадак…
У размову ўключылася Ларыса Сякерская:
— Другім выпадкам займалася я. Маладога чалавека васемнаццаці гадоў у псіхбальніцу даставілі бацькі. Вярнуўшыся з працы, яны засталі сына ў незвычайным узбуджэнні, ён бегаў па пакоях, то ад кагосьці хаваўся, то, наадварот, кагосьці шукаў. У давяршэнне ўзяў у рукі манціроўку і адарваў усе плінтусы.
Устрывожаныя бацька і маці не ведалі, што рабіць. Здаецца, алкаголем ад сына не пахне, але нібыта п’яны, ды яшчэ і супакоіць немагчыма, ні на словы, ні на дзеянні не рэагуе. У бальніцы таксама толькі праз некалькі дзён хлопец прыйшоў у сябе, пачаў адэкватна ацэньваць рэальнасць. Як і ў першым выпадку, не адразу прызнаўся, што ўжываў спайс, сказаў, што сябар даў нешта пакурыць у кампаніі.
— А ўвогуле, што такое спайсы, у чым іх небяспека? — звяртаюся да Юрыя Пекара.
— Спайс — гэта абагульненая назва курыльных наркатычных сумесяў. Праўда, галоўным дзеючым кампанентам там будзе не раслінны складнік, а сінтэтычнае псіхаактыўнае рэчыва. Вобразна кажучы, ёсць сінтэтычны наркотык, якім можна прапітаць тытунь ці нават нацярушанае сена ці салому. Масу высушваюць, і можна ўжываць. Небяспека ў тым, што для дозы дастаткова тысячных доляў грама дзеючага рэчыва.
Ужыўшы, чалавек перажывае абсалютна рэальныя для яго галюцынацыі. Ён бачыць здані, чуе гукі, гутарку, адчувае пахі, дотыкі. Ён нібыта пагружаецца ў паралельны свет. А на самой справе пад уздзеяннем наркотыкаў перакрываюцца пэўныя нервовыя каналы, да мозгу кісларод паступае з перабоямі — вось і крыніца ўсіх “глюкаў”. Зноў жа, вялікая верагоднасць таго, што ад кіслароднага галадання ў мозгу могуць адбыцца незваротныя змены, прасцей кажучы, чалавек ідыётам стане.
— Наколькі хутка фарміруецца залежнасць ад спайсаў?
— Паколькі гэтыя наркотыкі адносна новыя, яны пакуль што слаба вывучаныя. Магу сказаць толькі, што на фарміраванне залежнасці ўплываюць некалькі фактараў: стан фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека, склад і форма ўздзеяння ПАР, прынятая доза. З гераінам можна было сказаць адназначна — залежнасць пасля першага ж ужывання, а тут пакуль што недастаткова медыцынскіх даных. У любым выпадку да наркатычных рэчываў, да якіх я адназначна адношу і спайсы, трэба ставіцца рэзка адмоўна.
— Якія катэгорыі грамадзян найбольш падвяргаюцца наркатычнай небяспецы?
— Моладзь, падлеткі. Псіхалагічна ім уласцівы бунтарскі дух, шуканне новага, нязведанага. Акрамя гэтага, вялікую вагу ў свядомасці маладых лю­дзей займае кампанія, аўтарытэтныя знаёмыя, сябры. Дзеля іх увагі, адабрэння падлеткі часам ідуць на самыя неймаверныя ўчынкі.
— Што ж тады рабіць?
— Найперш увагу павінны праяўляць бацькі. Яны павінны змалку ўдзельнічаць у фарміраванні характараў сваіх дзяцей, у выхаванні ў іх правільных жыццёвых арыенціраў. Важна таксама навучыць дзяцей адмаўляцца, калі ім прапануюць сумніўныя здзелкі. Таксама часта падлеткі становяцца ахвярай дрэннай кампаніі, калі ў іх вельмі шмат незанятага вольнага часу. Таму акрамя вучобы дзеці павінны наведваць творчыя гурткі, спартыўныя секцыі, клубы па інтарэсах, каб не заставалася ні хвіліны для глупстваў.
— А якія захады могуць зрабіць органы ўлады?
— Органы ўлады таксама вельмі занепакоены сітуацыяй з распаўсюджваннем спайсаў. Нядаўна на заканадаўчым узроўні былі прыняты меры па павелічэнні адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў, у тым ліку і спайсаў. У дадатак распрацавана і накіравана да выканання інструкцыя аб перыядычным прафілактычным дыягнаставанні ў працоўных калектывах. Наступленне на наркотыкі будзе весціся па ўсіх франтах.
Інтэрв’ю правёў
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.