Навагодні круіз на Лепельшчыне

571Надыходу Новага года мы заўсёды чакаем з прыемным прадчуваннем ажыццяўлення казачных дзівосаў і здзяйснення светлых мар. Як і дзеці, мы, дарослыя, чакаем падарункаў, пад бой курантаў загадваем запаветныя жаданні і верым, што наперадзе нас чакае ўсё самае светлае, лепшае і дарагое. А якое ж навагодняе свята без вясёлай музыкі, спеваў і танцаў? Адправіцца ў навагодні круіз, атрымаць зарад творчай энергіі і выдатнага настрою запрасілі гледачоў самыя артыстычныя і знаходлівыя прадстаўнікі аграгарадкоў і вёсак нашага раёна.572
“Навагодні круіз-2014” — менавіта так называўся раённы конкурс сярод сельскіх клубных устаноў, які праходзіў у Каменскім СДК. У творчы паядынак уступілі каманды Чарэйшчынскага, Баброўскага і Каменскага сельскіх дамоў культуры, а таксама Матырынскага сельскага клуба. Арганізатары мерапрыемства — работнікі раённага Дома культуры — надалі конкурсу асаблівыя непаўторнасць і творчы каларыт.
Гледачы адчулі сябе ўдзельнікамі яркага відовішчнага шоу, калі на сцэне ў вобразе дзвюх піратак з’явіліся Таццяна Стрыжонак і Вольга Якубовіч. Яны паведамілі аб тым, што іх заложнікамі сталі мясцовыя артысты. Ім патрэбна зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб спадабацца гледачам і падарыць ім свята. Выявіць жа лепшых артыстаў неабходна было камандаванню карабля — журы конкурсу.
573У першым туры кожная з каманд па­вінна была прэзентаваць відэа­ролік “Навагодняе віншаванне”. Артысты Чарэйшчынскага сельскага Дома культуры падрыхтавалі цёплае віншаванне Дзеда Мароза і Снягурачкі. Госці з Матырынскага сельскага клуба расказалі аб дзейнасці сваёй установы пры дапамозе яркіх фота­здымкаў, а загадчыца клуба Людміла Пшанко ў ролі Казы павіншавала гасцей цёплымі вершамі.
Узняў настрой каміч­ны відэаролік Баброўскага сельскага Дома культуры. …Напярэдадні Новага года мужчына ўвайшоў у дом. Гаспадароў у ім не аказалася, але пад ёлкай было шмат падарункаў. Да таго ж непадалёк быў касцюм Дзеда Мароза. Мужчына не разгубіў­ся — пераапрануўся, склаў у мех падарункі і выйшаў на вуліцу. Дзеда Мароза акружылі дзеці, якія, вядома ж, вельмі хацелі атрымаць святочны падарунак. Атрымалі. І раптам… да яго падышла прыгожая дзяўчына, у якую “дзядуля” закахаўся. Дзед Мароз на­дзеў ёй на палец пярсцёнак, і пара пайшла разам сустракаць свята.
Калейдаскоп яркіх віншавальных паштовак і навагодніх пажаданняў адрасавалі гледачам артысты Каменскага сельскага Дома культуры.
У другім туры конкурсу “Нашы таленты” цёплымі акордамі песень прывіталі гледачоў выканаўцы з Чарэйшчыны. Сустрэла ўсіх юная вядучая, вучаніца Бароўскай сярэдняй школы Юлія Шартух. Яна ж падарыла гледачам цудоўную песню. Нікога не пакінулі раўнадушным спевы Алы Віткоўскай і Уладзі­міра Рабчонка. Выдатны падарунак падрыхтавалі гасцям і артысты Баброўскага СДК — юныя спевакі Анастасія Бондал і Максім Малярчук, мясцовая выканаўца Марыя Бондал, а таксама ўдзельнікі вакальнай групы “Ляночак”. Развесяліла гледачоў мініяцюра, прадстаўленая артыстамі Каменскага сельскага Дома культуры. Гледачы ад душы смяяліся, назіраючы за тым, як прадпрымальная бабуля тра­піла на прыём да міліцыянера. Выдатным дапаўненнем сцэнічнай дзеі стаў танец лялек, з якім выступілі Наташа Аўгусціновіч, Оля Унуковіч і Ксенія Хацкевіч. Цёпла было сустрэта і выступленне сама­дзейнай спявачкі Ганны Салаўёвай, дырэктара Каменскага СДК Анжэлы Пятрышчы з песняй “Пажаданне”.
А якое ж свята без шчодрых пачастункаў? У кулінарным паядынку “Дары гаспадыні года” вяскоўцы гасцінна запрасілі членаў журы пачаставацца смачнымі навагоднімі стравамі і да кожнай з іх падрыхтавалі арыгінальнае прадстаўленне. Гаспадары з Чарэйшчыны прапанавалі гледачам пакаштаваць фаршыраванага перцу. Прыгожую салату “Барашак з гародніны” прыгатавалі матырынскія кулінары. Пачаставацца смачнай салатай у выгля­дзе козачкі запрасілі гледачоў гаспадары Баброўскага сельскага Дома культуры, а каменскія артысты прапанавалі пакаштаваць свежай капусты і апетытную салату.
Уразіў гледачоў і трэці этап конкурсу — шоу пераўвасабленняў “Точь-в-точь”. На самой справе атрымалася яркая каларытная дзея, дзе ў адзінай гармоніі зліліся вакальнае майстэрства і артыстызм.574
Мілагучнай лірычнай песняй сустрэла гледачоў Тамара Крыўко (аграгарадок Чарэйшчына) ў вобразе Надзеі Кадышавай, з вёскі Матырына на свята прыехаў Стас Міхайлаў, якога ўдала сыграў Міхаіл Шалак. Артысты Баброўскага сельскага Дома культуры выступілі з папулярнай песняй з рэпертуару эстраднай групы “Дзюна”. Цёплымі апладысментамі гледачы падтрымалі выступленне Леаніда Забабуры з аграгарадка Камень у вобразе Веркі Сяр­дзючкі. Папулярную песню выразна дапоўніла жартоўная мініяцюра.
Пераможцай конкурсу стала каманда Баброўскага сельскага Дома культуры. Крыху менш балаў набралі артысты Каменскага СДК, якім прысуджана другое месца. Каманды ж Чарэйшчынскага сельскага Дома культуры і Матырынскага сельскага клуба атрымалі Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе. Акрамя таго, кожная з каманд атрымала ў падарунак духмяны каравай.
І ўсё ж, упэўнена, у гэты цудоўны вечар самай галоўнай узнагародай для артыстаў сталі шчырыя прызнанні гледачоў, якім быў падораны святочны настрой. Са сцэны льюцца цёплыя акорды музыкі, а сэрца напаўняецца прыемным прадчуваннем навагодніх дзівосаў…
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: выдатна выканаў ролю Стаса Міхайлава спявак Міхаіл Шалак з вёскі Матырына; усім узнялі настрой артысты групы “Дзюна” з Баброва; яркай мініяцюрай уразілі гледачоў “Верка Сярдзючка” і іншыя артысты з аграгарадка Камень; вось так прыгожа і апетытна выглядалі стравы, прыгатаваныя ўдзельнікамі круізу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.