Не потерять молодость души

image-1У наш імклівы час нагадваць людзям пра адпачынак неяк нават і не зусім тактоўна. Многія забыліся, што гэта такое. Маю на ўвазе ў асноўным працоўных людзей. Нярэдка, апрача асноўнай працы, шукаюць дадатковую. Праўда, удакладню, што размова ідзе пра маладых і адпаведна здаровых людзей.

img_20181218_143901Аднак жа не трэба забываць, што ёсць і іншая катэгорыя людзей. Яны таксама маладыя, але толькі душою. Душа ж не ведае ўзросту. А насамрэч гэта пажылыя і часцей адзінокія людзі. Працоўныя будні для іх закончыліся, а вольнага часу шмат, бо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Не сядзець жа ўвесь час ля тэлевізара, асабліва калі ты жывеш у гарадской кватэры і ў цябе няма зямельнага ўчастка, дзе можна адвесці душу і даць працу рукам.
Менавіта для такіх людзей у Лепелі пры дзяржаўнай установе “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” створана аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту. Яно працуе ўжо шэсць гадоў, а ўзначальвае яго Юлія Усцінава.
Мы сустрэліся з Юліяй Вячаславаўнай, каб пагаварыць пра справы адзялення, яго наведвальнікаў, творчыя згуртаванні і г.д. Тэма цікавая. І, думаю, што нашым чытачам будзе карысна ведаць, як не марнаваць вольны час, калі яго шмат, і як у сталым узросце заставацца запатрабаваным.
Юлія Усцінава расказала, што аддзяленне зараз наведвае 49 чалавек і ў ім працуе тры гурткі. Музычна-тэатральны атрымаў назву “Гармонія”. Назва вельмі трапная, бо менавіта ў гармоніі з самімі сабою і з навакольным светам жывуць удзельнікі гуртка. Кіруе творчай суполкай Наталля Маляўка. “Гармонія” даўно ўжо сказала сваё важкае слова, і яе добра ведаюць як у горадзе, так і ў многіх вёсках. Ведаю некалькі прыкладаў цеснага супрацоўніцтва і сяброўства калектыву з вяскоўцамі. Прынамсі, у Вялікімі Поўсвіжы жанчын з “Гармоніі” кожны раз з нецярплівасцю чакаюць у мясцовай бібліятэцы, і кожны іх прыезд — сапраўднае свята ў аграгарадку.
img-b6c1587953d65b4ea47fe1f9f8cc3868-vДругі гурток “Крыніца здароўя” вядзе Максім Шынкарэнка. Трэба сказаць, што ў тэрытарыяльным цэнтры ёсць свая спартыўная зала, устаноўлены розныя трэнажоры. І пажылыя людзі, асабліва тыя з іх, хто яшчэ адчувае сябе маладым не толькі душою, а і целам, маюць магчымасць рэгулярна займацца агульнай фізічнай падрыхтоўкай. Удзельнікі гуртка часта бываюць на свежым паветры і асвойваюць навыкі скандынаўскай хадзьбы. Адным словам, яны шчаслівыя, бо лічаць за шчасце адчуваць сябе бадзёрымі, жыццярадаснымі і не паддавацца хваробам. Пра такіх, звычайна, кажуць, што старасць іх не дагоніць. Ну, хіба ж дагоняць чалавека старасць і немачы, калі ў яго руках скандынаўскія палкі! А яшчэ ў аддзяленні ёсць некалькі аматараў лазні, якія штомесяц збіраюцца разам у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, каб папарыцца ды пагаварыць па душы.
Нарэшце, трэці гурток у аддзяленні для пажылых людзей носіць паэтычную назву “Вясёлка”. Яго кіраўнік Марына Аўдзеева, якая сама даўно займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, ахвотна дзеліцца з жанчынамі, што наведваюць гурток, сакрэтамі свайго прафесійнага майстэрства. З газетных трубачак ствараюць арыгінальныя самаробкі, вяжуць і вышываюць. Цікава, што сюды прыходзяць людзі не толькі з горада, а і прыязджаюць з сельскай мясцовасці.
Звычайна майстрыхі свае вырабы пасля забіраюць дадому, але калі яны спатрэбяцца для выставы, ахвотна прыносяць іх зноў. Цудоўная выстава з нагоды Дня маці была наладжана і ў раённым Доме культуры, і тут, у цэнтры, удзельнікі гуртка выстаўлялі свае цудоўныя прыгожыя вырабы. Арганізоўвалі і персанальныя выставы. Напрыклад, нядаўна былі выстаўлены вырабы Марыі Палавінскай з вёскі Заслонава.
Трэба заўважыць, што гурткі ў аддзяленні платныя, але пажылых людзей, апантаных, захопленых ідэямі сумеснага адпачынку, гэта акалічнасць не бянтэжыць і не спыняе.
Нягледзячы на тое, што аддзяленне прызначана для пажылых людзей, жыццё ў ім бруіцца па-маладому. Толькі за дзевяць апошніх месяцаў самадзейныя артысты паўдзельнічалі ў 29 канцэртах і іншых культурна-масавых мерапрыемствах. Актыўна супрацоўнічаюць з сельскімі і цэнтральнай раённай бібліятэкамі. Выязджалі з канцэртамі ў Поўсвіж, Баброва і Велеўшчыну. Спявалі ў “Лясных азёрах”. Праходзяць сустрэчы з настаяцелем храма Праабражэння Гасподняга протаіерэем Сергіем Ляшкевічам. Працуе ў аддзяленні цырульня, работнік якой Вольга Мадатава абслугоўвае наведвальнікаў па сацыяльна нізкіх цэнах.
Кожны чалавек глядзіць на свет па-свойму. Часам задумваюся, ці наведваў бы сам, калі б быў пенсіянерам, падобную структуру сумеснага адпачынку. Шчыра прызнацца, не. Тут, магчыма, іншы менталітэт. Для самавыяўлення мне не патрэбная публічнасць. І занятак я сабе знайшоў бы іншы. Аднак іх, гэтых людзей, каму за шэсцьдзясят і каму ў гэты час верыцца, што жыццё толькі пачынаецца, я разумею. Галоўнае ў жыцці — шчыра ў штосьці верыць і да чагосьці імкнуцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.