Не стареет душой ветеран

9Памяць пра вялікую вайну жывая ў кожнай сям’і. Гісторыі ваенных гадоў, успаміны ветэранаў, лісты з фронту — бясцэнныя сведчанні вялікага подзвігу  савецкага  народа.

Для нас зараз слова “вайна” вызывае жах, а ветэраны яе адчулі на сабе з усімі падрабязнасцямі.
Ад многіх людзей сталага ўзросту, якія прайшлі праз пекла, чула, што на вайне ў салдата страху няма, таму што яго заўсёды акружаюць такія ж, як ён, байцы. Ды і не было часу баяцца.
Андрэй Паўлавіч Лапцеў нарадзіўся ў вёсцы Гарэлае, што недалёка ад Бягомля. Калі пачалася вайна, быў зусім юнаком, толькі скончыў восем класаў школы. У вёсцы ў калгаснай канцылярыі быў стол і рупар, праз які жыхары населенага пункта і даведаліся пра страшную падзею, а таксама пра тое, каб усе мужчыны ішлі ў ваенкамат. У той час нават не маглі здагадвацца, колькі доўгіх гадоў будзе яна доўжыцца і якое гора прынясе ў многія сем’і.
Са скрухай у голасе Андрэй Паўлавіч узгадвае тыя далёкія часы, якія памяць ніяк не адпускае.
Бацькі былі простымі людзьмі. Бацька працаваў на смалакурным заводзе, маці — у калгасе, таму сялянская праца для хлопца была звычайнай. У школу хадзіў з торбачкай, у якой знаходзіліся падручнікі, пёры, чарніліца, кавалак хлеба, часам са скваркай. Сталовай ва ўстанове не было, толькі стаяў бачок з кіпячонай вадой і кубачак на вяроўцы.
Брат служыў у Чырвонай арміі. Калі пачаўся прызыў, хлопцу было 17 гадоў, таму застаўся дома.
— Добра памятаю першую стральбу ля вёскі. Жудасныя моманты глыбока заселі. На шашы Бягомль — Барысаў сустрэліся адна наша бронемашына і дзве нямецкія танкеткі. Нашы разгубіліся і каля вёскі звярнулі ў кювет. На мяккай глебе забуксавалі і не змаглі далёка ўцячы. Немцы іх і расстралялі. Я разам з вясковымі мужчынамі накіраваўся на тое месца, хоць бацькі і забаранялі. Мне загадалі бегчы ў калгас за канём. Усе разам пахавалі нашых салдатаў.
Праз некалькі дзён пры адступленні чырвонаармейцы пакінулі каля вёскі шмат гармат, кулямётаў… Андрэй з сябрам Валодзем назапасілі вялікую колькасць зброі. У 1942 годзе жылі ў акупацыі, было загадала ўсім здаваць зброю.
— Я восем вінтовак вырашыў схаваць. Бацька заўважыў і сказаў, каб толькі не закопваў, бо заржавеюць. Прапанаваў пакласці каля рэчкі. Так і зрабіў, а для сябе на дрэве зрабіў надсечку. Калі пачалі арганізоўвацца атрады партызанаў, ім паведамілі, што ў мяне ёсць зброя. Хоць я быў непаўналетні, аднак залічылі, бо аддаў зброю.
Давялося і захварэць на тыф у час вайны. Ад той хваробы немагчыма было ўратавацца. Маці выходжвала шмат месяцаў. Аднак паправіўся, пазней трапіў у брыгаду Жалезняка.
—…На рацэ Беразіне злучыліся з Чырвонай арміяй брыгады Жалязняк. Нас пакінулі лавіць немцаў, якія прабіраліся групоўкамі па 20-30 чалавек праз лес. У вёсцы Краснікі, за 13 кіламетраў ад Бягомля, захапілі 100 немцаў. Мне далі каманду суправаджаць іх у вёску Бабча, там знаходзіўся штаб. Я з аўтаматам паставіў іх у тры шарэнгі і павёў праз лес. Потым спыніў і спытаў: “Хто можа размаўляць па-руску?” Адзін сярод немцаў знайшоўся. Растлумачыў, што я адзін і яны мяне могуць забіць. Аднак вакол акружэнне, збегчы ўсё роўна не змогуць. Ведаю, што потым іх рассялілі па хатах у Домжарыцкім сельсавеце, каб дапамагалі адбудоўваць знішчаныя хаты і выконваць іншую працу.
Так атрымалася, што мне далі бронь і накіравалі на Мінскі аўтазавод слесарам. Пабыў там каля дзесяці дзён і вярнуўся дадому. Пайшоў у Бягомльскі ваенкамат, а мне адмовілі, бо не мелі права бронь адпраўляць на фронт. Давялося маці несці літр самагону, каб далі згоду. Ішоў з іншымі хлопцамі тры дні з Бягомля да Уручча. Трапіў у знішчальны супрацьтанкавы асобны 134-ы дывізіён.
Памятае, як рушылі на Польшчу, дзе было масавае наступленне за Бугам. Успамінаецца і Бягомльскі аэрадром, на які за ноч часам прызямлялася па дванаццаць нямецкіх самалётаў. Часы вайны немагчыма сцерці з памяці.
У жніўні 1944 года Андрэй Паўлавіч трапіў на Другі беларускі фронт. Пазней скіравалі на Усходнюю Прусію. Удзельнічаў ва ўзяцці гарадоў Морлівердэр, Дойчалаў. Сустрэў перамогу на востраве Ругін, адтуль скіравалі на Берлін.
У апошні год вайны быў паранены ў руку і нагу, месяц знаходзіўся ў шпіталі.
Ветэран мае падзякі ад Сталіна за ўзяцце адзінаццаці гарадоў, узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
У 1946 годзе накіравалі ў Фінляндыю, горад Выбарг, дзе дыслакавалася часць. Потым — Ленінград. Урэшце ў красавіку 1947 года быў у Бягомлі. 60 кіламетраў ішоў пешшу з Барысава. Нават бачыў машыны на ўзбочыне дарогі, якія згарэлі яшчэ ў пачатку вайны. Іх за гэты час ніхто не прыбраў.
— Франтавікам давалі месяц водпуску. Праз 15 дзён вызвалі ў райкам камсамолу. Накіравалі да старшыні райвыканкама, які прапанаваў працу інструктара. Я згадзіўся і два гады аддаў гэтай справе. На адной з канферэнцый мяне абралі сакратаром Бягомльскага райкама камсамолу, дзе адпрацаваў тры з паловай гады. Скончыў вышэйшую партыйную школу. Пазней працаваў і на іншых пасадах.
Пакахаў дзяўчыну Нону Галуза, якая працавала дырэктарам школы, хутка і пажаніліся. Пазналі разам і далёкі свет — Сібір, дзе працаваў начальнікам цэха на хімічным камбінаце. Дочкі там атрымалі вышэйшую адукацыю. Аднак радзіма клікала да сябе. Праз дваццаць гадоў жыхарства ў далечыні ад бацькаўшчыны, як толькі была магчымасць ісці на льготную пенсію, не задумваўся ні хвіліны. У 80-я гады вярнуўся з сям’ёй у Лепель. Жонка была членам ЦК і дэлегатам 18 з’езда камсамолу. Год таму не стала Ноны Барысаўны.
Не старэе душой ветэран і зараз. Актыўны, пазітыўны, у добрым настроі. Любіць пазавіхацца на прысядзібным участку. Аднак у вольную хвіліну гатовы сядзець з вудай і назіраць за паплаўком. Увесь час на веласіпедзе на розныя азёры ездзіў у пошуках вялікай рыбіны. Амаль да 90 гадоў кіраваў машынай.
Мае траіх дачок, чацвёра ўнукаў. Не забывае і моладзь ветэрана, наведвае, слухае гісторыі ваеннага перыяду.
Такая сувязь маладога пакалення з ветэранамі — добры выхаваўчы працэс, які нельга спыняць. Сама з задавальненнем слухала Андрэя Паўлавіча, хоць у школе гісторыю як прадмет не вельмі любіла. Калі пра падзеі расказвае сведка, успрымаюцца яны зусім па-іншаму.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.