Не так даўно работа Стайскага сельсавета па добраўпарадкаванні, што на Лепельшчыне была прызнана адной з лепшых у вобласці

2090621 Не так даўно работа Стайскага сельсавета па добраўпарадкаванні была прызнана адной з лепшых у вобласці. Атрымалі ў падарунак трактар

МТЗ-82.

— Падарунак сапраўды каштоўны, а галоўнае, вельмі патрэбны. І дзе вы збіраецеся выкарыстоў­ваць трактар? — пытаюся ў старшыні сельвыканкам Анатоля Залатухі.

— Будзем выкарыстоў­ваць на апрацоўцы агародаў, перавозцы дроў і г.д. У нас створаны КУП “Салютагра”, аднак пакуль што ён займаецца выключна зборам малака. Дарэчы, нашы малаказдатчыкі і малака­зборшчыкі лепшыя ў раёне.

— Але ж для таго, каб за­дзейнічаць трактар на агародах, патрэбен кваліфі­каваны трактарыст. Менавіта кваліфікаваны, бо гэта не ніва, дзе разгонішся, і з рознымі прычапнымі прыстасаваннямі трэба ўмець працаваць.

— Менавіта так. І такі чалавек ужо ў нас ёсць. Ёсць трактарыст, няма пакуль, праўда, прычапных прыстасаванняў. Пакрысе будзем набываць.

— Думаеце, апрацоўка агародаў сельсавецкім трактарком будзе запатрабаваная?

— А гэта пытанне цікавае. Ва ўмовах канкурэнцыі ўсё залежыць ад кошту. Паспрабуем і мы ўпісацца ў гэтую камерцыйную схему.

— Пакрысе пераходзіце да рыначных узаемаадносін?

— А як жа! Асвойваем рынак. Аднымі бюджэтнымі сродкамі не абысціся. Вось сёлета, напрыклад, на добраўпарадкаванне выдзелена пяцьдзясят мільёнаў рублёў, у той час нам толькі на абуладкаванне могілак у Пышне трэба ці не ўдвая болей. Летась рабілі там агароджу: бетонныя слупкі, вялікія пралёты са штыкетніку. Самі разумееце, мала не каштуюць. Дык вось, бюджэтных сродкаў яўна недастаткова, таму асвойваем рынак. Летась прадалі два зямельныя ўчасткі ў Краўцах за дзевяць мільёнаў рублёў і на Окане за дваццаць адзін мільён. І сёлета ўжо выставілі на аўкцыён участак у Селішчы. Просім дзесяць мільёнаў, плюс дваццаць — выдаткі. Тры заяўкі паступіла ўжо. Ёсць жаданне ў кліентаў набываць участкі таксама і ў Окане.

— Нашмат хапіла летась заробленых грошай?

— Я ж кажу, затрацілі ў Пышне на могілках. Працаваў “Будаўнік”. І яшчэ ў Старым Лепелі на вуліцы Перакоп кіламетр водаправоду праклалі.

— Праблемы з вадою?

— Было б дзіўна, калі б іх не было ў такі засушлівы год. У нас у гэтым плане дзве праблемныя вёскі — Стары Лепель і Кальнікі. У Кальніках хочам выкапаць студню з дапамогай моднай зараз буравой устаноўкі. Ужо такі метад апрабаваны ў Каменскім сельсавеце. Студня пацягне дванаццаць — чатырнаццаць мільёнаў рублёў.

— Колькі там, у Кальніках, народу засталося? Напэўна, нерэнтабельна ў невялічкіх вёсачках дарагія студні капаць.

— Што зробіш, піць усім хочацца. Туды пенсіянерцы-інваліду ваду ў флягах вазілі. Ёсць увогуле вёскі з адным домам, дый той толькі што на паперы лічыцца. Была такая вёсачка Клёўзы, там паўдома стаяла разбуранага. Летась яго знеслі і вёска перастала існаваць, і яшчэ дзве нічыйныя хаты пад бульдозер пусцілі — у Гарадцы і Стаях. Сёлета ў Стаях плануем зносіць тры да­мы.

— Чаму менавіта ў аграгарадку? Хіба больш нідзе няма дамоў безгаспадарных?

— Ёсць, а што толку іх зносіць, калі тут жа ўчастак зноў зарастае, нікому не патрэбны. А ў буйных населеных пунктах можа хто хоць зямлю возьме ды пабудуецца.

 — Зразумела, хто ж бу­дзе ў аддаленых вёсках будавацца? А тут і пад’езды ёсць, і дарогі байчэйшыя, і зімою хутчэй ад снегу расчысцяць.

— Колькі таго снегу! Гэтай зімою бяды не было асаблівай. З тымі першымі цыклонамі — і Даніэлай, і Эмай — дзякуй, дапамаглі справіцца СВФ “Заазер’е” і ДЭУ-37. А болей і снегу не было. А што датычыцца дарог, то імкнёмся, вядома, не абыходзіць і маленькія населеныя пункты, толькі адным разам усё не зробіш. Летась адрамантавалі дзве вуліцы ў Стаях — Кветкавую і Стадыённую, пачалі, але не завяршылі работы на Перакопе ў Старым Лепелі і не закончылі рамонт на вуліцы Мала­дзёжнай у Юркоўшчыне. Заадно і звалку ля Стай ліквідавалі, дапамог прадпрымальнік Мазай. Сёлета, калі будзе фінансавая магчымасць, работы па добра­ўпарадкаванні прадоўжым.

 — Ужо ведаеце прыблізна фінансавую раскладку?

— Прыблізна. Шэсцьдзясят тры мільёны рублёў выдаткавана на догляд дарог, адзінаццаць з паловай — на знос старых дамоў, сто трыццаць дзевяць — на асвятленне.

— Асвятленне болей актуальна зімою…

— Так, вядома, ды цёмны сезон у нашых шыротах доўжыцца даволі працяглы час. Таму і асвятленне — справа не другога плана. Праверка прааналізавала яго стан па сельсавеце і прыйшла да высновы, што недастаткова асветлена частка вуліц у Юркоўшчыне, Падлобных, Заазер’і. Будзем выпраўляць сітуацыю. Закупілі пятнаццаць лямпачак, было ў наяўнасці пяць свяцільняў. Дзе б чалавек ні жыў, у вёсцы ці ў горадзе, ён павінен мець неабходны мінімум сацыяльных гарантый і ведаць, што яго не пакінуць.

— Цікава, а колькі пражывае людзей у вашым сельсавеце?

— У нас адна з самых буйных адміністрацыйных адзінак раёна. У сарака пяці населеных пунктах жыве дзве тысячы васемсот восем чалавек.

 Гутарыў

Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.