Неравнодушные лепельчане вносят свои предложения

unnamedПрацягваецца падрыхтоўка да VI Усебеларускага народнага сходу, на якім будуць вызначаны прыярытэты далейшага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

У гэтыя дні кожны грамадзянін імкнецца ўнесці свае прапановы па розных накірунках.

Неабыякавыя лепельчане таксама звяртаюцца з надзённымі пытаннямі і ідэямі ў грамадскія прыемныя. Многія кажуць пра набалелае. І гэта правільна, бо на маштабным форуме збяруцца людзі розных узростаў і прафесій, якія будуць прадстаўляць свае працоўныя калектывы і рэгіёны.

На момант прыёму Рымантаса Стрыпейкіса, старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах», паступіла некалькі пытанняў. Аднак асабліва хочацца спыніцца на наступных, бо астатнія вырашаюцца на мясцовым узроўні.

Са сваімі прапановамі звярнуўся жыхар горада Лепеля Віктар Прыгожаў. Віктара Васільевіча ў нашым раёне ведаюць многія жыхары. Мужчына шмат гадоў рупіцца ў Лепельскай ЦРБ урачом-дэрматавенеролагам, таму і праблемы нездарма ўзняў важныя і канкрэтныя, якія датычацца непасрэдна здароўя людзей.

— Было б карысным стварыць “Дзіцячы фонд” па аналогіі з Расійскай Федэрацыяй для аказання медыцынскай дапамогі хворым дзецям, якую немагчыма аказаць у Рэспубліцы Беларусь, а таксама на закупку дарагіх медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, — кажа мужчына.

У Расійскай Федэрацыі гэтая грамадская дабрачынная арганізацыя аказвае дапамогу дзецям і маламаёмным сем’ям, дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам і іншым катэгорыям.

— Здароўе — гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Хацелася б, каб на АЗС стварылі пункты прыёму адпрацаваных тэхнічных вадкасцяў (масла, астуджальныя і тармазныя вадкасці). У асноўным аўтааматары іх спальваюць або выкідваюць, што наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей, — адзначыў Віктар Прыгожаў.

Яшчэ адной прапановай Віктара Васільевіча было ўсе пясочніцы на дзіцячых пляцоўках абсталяваць накрыўкамі ад хатніх і бадзяжных жывёл з мэтай недапушчэння захворвання дзяцей мікраспарыяй і іншымі захворваннямі.

— Мікраспарыя, у народзе лішай, з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных грыбковых інфекцыяй, узбуджальнік якой трапляе ад бяздомных катоў і сабак у пясочніцы. Пасля гульні ў такім пясочку часта малыя трапляюць да ўрача на прыём. Каб пазбегнуць гэтай праблемы, дастаткова гэтыя пляцоўкі закрываць, калі там не знаходзяцца дзеці, — канстатаваў Віктар Васільевіч.

Прыемна, што такая форма работы грамадскай прыёмнай дае магчымасць людзям звярнуцца з прапановай або ініцыятывай, а таксама ўзняць хвалюючую праблему.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.