Вместе сделаем страну красивее и богаче! Так считает делегат Татьяна Дятко

img_1590З Таццянай Дзятко, першым намеснікам дырэктара Лепельскага філіяла «Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства», мы знаёмыя ўжо не першы год, паколькі яна неаднаразова была абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, які прыходзіцца выконваць штодзень, Таццяна Аляксандраўна заўсёды знаходзіць час для таго, каб выслухаць чалавека і дапамагчы яму ў вырашэнні ўзніклай праблемы. Усе, хто з ёй знаёмы, ведаюць, што яна нікому не адмовіць у дапамозе. Усе ўзніклыя пытанні імкнецца вырашыць хутка дзякуючы сваёй настойлівасці, прынцыповасці і адказнасці. Вядома, без гэтых якасцей у адказнай рабоце абысціся немагчыма.
Таццяна Аляксандраўна расказвае мне пра шматлікія напрацоўкі філіяла, і я разумею, што Лепельшчыне ёсць чым ганарыцца. Дастаткова ўявіць, што ў цяперашні час Лепельскі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства ажыццяўляе гандлёвае абслугоўванне жыхароў Лепельскага, Чашніцкага, Гарадоцкага, Віцебскага і Дубровенскага раёнаў праз сетку 187 аб’ектаў гандлю і 30 аб’ектаў грамадскага харчавання. Усе гандлёвыя прадпрыемствы неабходна забяспечыць шырокім пералікам харчовых і прамысловых тавараў, пракантраляваць паказчыкі работы магазінаў, аўтакрам, за кароткі час ліквідаваць магчымыя недахопы ў рабоце… І гэта далёка не ўсе абавязкі, якія штодзень выконвае Таццяна Аляксандраўна.
– Што ж дапамагае вам у нялёгкай працы? – цікаўлюся ў суразмоўцы.
– Галоўнае, што дапамагае вырашыць усе праблемы і цяжкасці, гэта любоў да сваёй справы, – шчыра прызнаецца Таццяна Аляксандраўна, і яе словы выразна пацвярджаюць факты біяграфіі: у гандлё­вай галіне жанчына працуе на працягу ўсяго жыцця.
Шлях да прафесіі
Работа ў сферы гандлю заўсёды прыцягвала Таццяну, таму пасля заканчэння гімназіі імя І. Ерашова дзяўчына цвёрда вырашыла паступаць у Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж Белкаапсаюза. Ужо ў час навучання ва ўстанове Таццяна зразумела, наколькі блізкая для яе спецыяльнасць прадаўца. Таццяна Аляксандраўна заўсёды ўмела знайсці падыход да кожнага чалавека, магла падтрымаць размову. Сярод вялікага пераліку тавараў няцяжка разгубіцца, таму прадавец заўсёды павінен умець выслухаць кліента і дапамагчы яму зрабіць пакупку, каб ён пакінуў магазін з выдатным настроем. Гэта правіла Таццяна Аляксандраўна засвоіла для сябе цвёрда.
Скончыўшы каледж, дзяўчына пачала свой працоўны шлях на роднай Лепельшчыне – у ліпені 2003 года ўладкавалася на працу прадаўцом 3 катэгорыі ў прыватнае гандлёвае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Лепельскі каапгандаль». Набыўшы практычны вопыт, Таццяна вырашыла ўдасканаліць сваю прафесіўную падрыхтоўку і стала студэнткай Беларускага гандлёва­-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, дзе і набыла спецыяльнасць эканаміста.
І зноў малады спецыяліст прадоўжыла працу на Лепельшчыне – у студзені 2008 года была прызначана таваразнаўцай Лепельскага райспажыўтаварыства. З першых дзён калегі заўважылі ў асобе Таццяны Аляксандраўны не толькі здольнага спецыяліста, а і шчырага, добразычлівага чалавека, які з увагай ставіцца да патрэб людзей. Не выпадкова ў снежні 2010 года Таццяна Аляксандраўна была абрана членам праўлення Лепельскага райспажыўтаварыства і прызначана першым намеснікам старшыні праўлення райспажыўтаварыства. Шэраг абавязкаў маладога намесніка кіраўніка значна павялічыўся, але гэта не стала перашкодай для адказнай працаўніцы, якая ні на хвіліну не развітвалася з любімай работай. Многія жыхары раёна, канечне, памятаюць, як у свой час ў у г. Лепелі былі адкрыты новыя магазіны «Родны кут» – у раёне старой базарнай плошчы, сярод новабудоўляў па вуліцы Чуйкова, у вёсцы Заслонава… Унутраны інтэр’ер гандлёвых кропак адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, тут заўсёды маецца шырокі асартымент розных відаў тавараў. Гэта, вядома, вынік добрасумленнай працы Таццяны Дзятко.
Са студзеня 2020 года Таццяна Аляксандраўна працуе на пасадзе першага намесніка дырэктара Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства.

Вынікі,якімі можна ганарыцца
Вядома, у цяперашні час, калі разам з гандлёвымі прадпрыемствамі Белкаапсаюза актыўна развіваюцца і іншыя гадлёвыя сеткі, з’яўляюцца новыя брэнды, гадлёвыя маркі, вытрымаць канкурэнцыю не так ужо і лёгка. Аднак гандлёвыя прадпрыемствы Лепельскага філіяла па-ранейшаму працуюць стабільна і не страч­ваюць сваіх пастаянных пакупнікоў.
– Сярод тавараў, якія мы прапануем наведвальнікам, ёсць шмат уласнай прадукцыі кааператыўных прадпрыемстваў, у тым ліку Віцебскай вобласці. Кліенты ахвотна набываюць марынады, соусы, дзе практычна няма ніякіх дабавак, а для прыгатавання выкарыстоўваецца толькі свежая гародніна. Актыўна прапануем пакупнікам адзен­не, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, выпушчаныя прадпрыемствамі Віцебскай вобласці. Таму тавары, якія прапануюцца ў магазінах Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства, заўсёды запатрабаваныя.
На 1 студзеня 2021 года штатная колькасць работнікаў філіяла склала 923 чалавекі. Пра вынікі зладжанай працы арганізацыі сведчаць канкрэтныя лічбы. Так, фактычны рознічны тавараабарот за студзень – снежань мінулага года склаў 53928,2 тысячы рублёў, забяспечаны тэмп росту ў памеры 94,9 працэнта.
Тавараабарот грамадскага харчавання за студзень – снежань 2020 года склаў 3275,9 тысячы рублёў, забяспечаны тэмп ротсту 63,9 працэнта, выпушчана ўласнай прадукцыі на 3172,6 тысячы рублёў, а тэмп росту склаў 80,1 працэнта.
Удзельная вага спажыў­кааперацыі ў рознічным тавараабароце гандлю раёнаў па афіцыйна ўлічаных прадпрыемствах за студзень—лістапад 2020 года склаў: па Лепельскім раёне – 21 працэнт, па Чашніцкім – 9,4 працэнта, Гарадоцкім – 10,2, а Дубровенскім – 28,1 працэнта.
Нарыхтавана сельскагаспадарчай прадукацыі і сыравіны на 4493,8 тысячы рублёў, тэмп росту склаў 100 працэнтаў. У выніку гаспадарчай дзейнасці за студзень – лістапад мінулага года атрыманы прыбытак ад рэалізацыі ў памеры 113 тысяч рублёў і чысты прыбытак у памеры 258 тысяч рублёў.
Бездакорная праца Таццяны Аляксандраўны адзначана шэрагам заслужаных узнагарод. За шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, дасягненне важкіх паказчыкаў у 2017 го­дзе жанчына атрымала грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, у 2018 годзе – Ганаровую грамату Віцебскага аблспажыўсаюза, у 2019-м – Ганаровую грамату Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэс­публікі Беларусь.

Сям’я – надзейны тыл
Вядома, што працоўных клопатаў у адказнага работніка заўсёды шмат. Калі ж у Таццяны Аляксандраўны з’яўляецца вольная хвілінка, яна з задавальненнем прысвячае час любімай сям’і. Надзейнай апорай і падтрымкай для жанчыны стаў муж Дзмітрый, які клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне сям’і, працуе ў галіне прыватнага бізнесу. Сынок Мікалай вучыцца ў 2 класе сярэдняй школы №3. Актыўны і мэтанакіраваны хлопчык праяўляе сябе ў спорце і творчасці: займаецца ў секцыі таэквандо Беларускага грамадскага аб’яднання «Таэквандо», а таксама з’яўляецца ўдзельнікам узорнага харэаграфічнага ансамбля танца «Затея» Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. У вольны час Таццяна Аляксандраўна з задавальннем займаецца спортам, актыўна ўдзельічае ў раённых, абласных і рэс­публіканскіх спартакіядах, а таксама інтэлектуальных гульнях у складзе каманды Лепельскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах. Да таго ж Таццяна Аляксандраўна з’яўляецца капітанам валейбольнай каманды філіяла, якая штогод удзельнічае ў абласной галіновай спартакіядзе.

Пажаданне ад душы
– Таццяна Аляксандраўна, што для вас як для дэлегата з’яўляецца важным напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу?
– Я ўпэўнена, што VI Усебеларускі народны сход пройдзе ў выглядзе змястоўнага дыялога па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны, прагучаць розныя думкі, погляды на вырашэнне пытанняў, якія стаяць перад краінай, і ўсе яны будуць накіраваны на тое, каб зрабіць нашу Беларусь больш моцнай.
Будучыня краіны зале­жыць ад кожнага з нас. Таму я заклікаю сваіх землякоў добрасумленна і адказна выконваць свае працоўныя абавязкі. Упэўнена, што толькі разам мы зможам зрабіць нашу краіну больш прыгожай і багатай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.