О книжный мир! Мир бесконечный!


Бібліятэка ў вёсцы — гэта не проста месца, дзе шмат кніг. Туды дарослыя і дзеці ідуць, каб знайсці для душы кнігу або патрэбную інфармацыю, наведаць цікавае мерапрыемства ды і проста пагутарыць. Сельская бібліятэка ўжо даўно крочыць у нагу з часам, выкарыстоўваючы ў рабоце з насельніцтвам сучасныя тэхналогіі.
У бібліятэк на сяле кожны дзень – па-асабліваму цікавы, але ў той жа час і клапотны. Акрамя таго, што трэба прапанаваць па гусце кнігу, трэба арганізаваць і шмат свят. Толькі пройдзе адно мерапрыемства, як можна рыхтавацца да іншага, не менш важнага. Знамянальных дат у календары нямала. І так праходзяць дні за днямі, гады за гадамі.
Сельскія бібліятэкары працуюць на карысць для сваіх чытачоў, часам нават грэбуючы сваім вольным часам. Іх буднія дні вельмі насычаныя і цікавыя. У гэтым у чарговы раз упэўніліся, наведаўшы “храм” кнігі ў аграгарадку Вялікі Поўсвіж.
50 гадоў у Поўсвіжскай сельскай бібліятэцы загадчыкам працуе Людміла Сільвановіч. Дзякуючы такім энтузіястам, як Людміла Андрэеўна, гэтыя ўстановы не проста існуюць, а становяцца ўлюбёным месцам для вяскоўцаў.
Час ляціць хутка і незаўважна. Назапашаны вялікі вопыт і нават з’явілася пэўная залежнасць у неабходнасці зносін з чытачамі.
— Чытачы ўсё розныя, большасць, праўда,— жанчыны. За гады працы іх было шмат, многіх памятаю да гэтага часу, іх звычкі, інтарэсы, любімыя кнігі… — кажа Людміла Андрэеўна.
Бібліятэкар вельмі добразычлівая і гасцінная, заўсёды падкажа, на чым спыніцца.
Сёння вельмі складана зацікавіць наведвальнікаў толькі кнігамі, ім неабходны зносіны. Мая суразмоўца здолела зрабіць бібліятэку па-хатняму ўтульнай, месцам, дзе можна ўзняць настрой, супакоіцца, пагутарыць па душам.
У размове з жанчынай таксама зрабіла вынік, што праца для яе з часам стала чымсьці большым, чым проста калісьці выбраная прафесія. І хоць яна кажа, што выбрала спецыяльнасць спантанна, любоў да чытання суправаджае Людмілу Андрэеўну яшчэ са школы.
Працоўны шлях
Жанчына родам з Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы сяброўка прапанавала ёй паступаць ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Атрымаўшы дыплом у 1972 годзе, дзяўчыне было прапанавана 2 месцы працы на выбар – бібліятэкі ў вёсцы Суша і Поўсвіжы. Не задумваючыся выбрала другі варыянт — магчыма, таму што бліжэй да раённага цэнтра.
Спачатку бібліятэка размяшчалася ў будынку клуба ў маленькім пакойчыку. Кніжны фонд на той час таксама быў невялікі, не патрабаваў шматлікіх паліц. Налічвалася 350 чытальнікаў. Пазней выдзелілі яшчэ адзін пакой у клубе, бо з гадамі павялічвалася колькасць кніг, газет і часопісаў.
Некалькі гадоў давялося Людміле Андрэеўне папрацаваць загадчыкам клуба, але і зараз узгадвае іх з жахам. І я з ёй цалкам згодная.
Сама наведвала танцы ў Поўсвіжскім клубе і памятаю, як хлопцы з лепельскага “Пасёлка” з мясцовымі, вясковымі, учынялі сапраўдныя бойкі з каламі ад плоту і іншымі падручнымі сродкамі. Ды каб толькі хлопцы… Лепельскія дзяўчаты таксама дзялілі тэрыторыю з вясковымі прыгажунямі. Уяўляю пачуцці загадчыка клуба, які адказваў за ўсё, што адбывалася на дыскатэцы.
У пачатку 2000-х бібліятэка пераехала ў памяшканне ясляў-сада. Трэба сказаць, тут вельмі ўтульна. Адзначыла гэта адразу, як толькі ўвайшла ў будынак. Пастаралася гаспадыня на славу, каб наведвальнікі адчувалі сябе як дома. Зараз у бібліятэцы 500 чытачоў, кніжны фонд налічвае больш за 6 тысяч.
І гэта яшчэ не ўсё. Калі няма патрэбнай кнігі ў наяўнасці, чалавеку не трэба яе шукаць у іншых месцах. Бібліятэкар звязваецца з цэнтральнай раённай бібліятэкай або заказвае па ўнутрысістэмным абмене.
— Што зараз чытаюць жыхары Поўсвіжа?
— Жанчыны аддаюць перавагу невялікім раманам пра каханне, мужчыны – дэтэктывам. Любяць часопісы і газеты пагартаць, пагутарыць на розныя тэмы, — кажа гаспадыня.
Цеснае супрацоўніцтва
Дзякуючы актыўнай дзейнасці Людмілы Андрэеўны ў бібліятэкі наладжаны цесныя стасункі з сельскім клубам і Поўсвіжскай базавай школай.
Акампаніятарам на шматлікіх святах ва ўстанове выступае Аляксандр Міхно, ён жа мастацкі кіраўнік вакальнай групы “Вяселіца” пры Поўсвіжскім сельскім клубе. Гэты творчы калектыў на кожным мерапрыемстве заварожвае гледачоў сваімі душэўнымі і вясёлымі спевамі. Актыўнымі ўдзельніцамі мерапрыемстваў таксама з’яўляюцца загадчыца сельскага клуба Лідзія Ганчар, Ірына Скібская, Надзея Шарлаева, Раіса Грамыка і іншыя артысты.
Частым госцем у бібліятэцы таксама з’яўляецца Васіль Шкіндзер, які з задавальненнем ўдзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах і нават выконвае музычныя кампазіцыі на традыцыйным беларускім інструменце — дудзе.
Традыцыйна для першакласнікаў праводзіцца знаёмства з храмам кнігі, а потым і пасвячэнне ў чытальнікі. Працуе Людміла Андрэеўна і са старшакласнікамі, арганізоўвае для іх розныя мерапрыемствы.
З цеплынёй жанчына кажа пра супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе заўсёды падтрымаюць, пракансультуюць, падкажуць. А калі трэба штосьці прыгожа аформіць, звяртаецца да мастака-афарміцеля Ірыны Атрашкевіч.
— Як вам удаецца сабраць жыхароў на мерапрыемствы?
— Па-рознаму. У першую чаргу пішу аб’яву, якую размяшчаю ў мясцовай краме. А часам даводзіцца і аб’язджаць, у прамым сэнсе гэтага слова, кожны двор. У апошнія гады вельмі складана сабраць вялікую колькасць удзельнікаў мерапрыемства. Магчыма, пандэмія ўнесла свае карэктывы.
Узгадваю часы, як праводзілі ў клубе розныя святы, конкурсы, КВЗ… Людзям не хапала месца ў зале, дастаўлялі крэслы, сядзелі на падаконніках. На сцэне ў хоры пелі 30 чалавек, усе дысцыплінавана прыходзілі на рэпетыцыі.
Калі паказвалі індыйскія фільмы, заўсёды была поўная зала. Зразумела, часы змяніліся, фільмы зараз глядзяць па тэлебачанні і ў інтэрнэце.
— Якім, на вашу думку, павінен быць бібліятэкар?
— Я думаю, што галоўнае для бібліятэкара — быць адкрытым, чуць чытача, адчуваць яго запыт. Важна ўмець пагаварыць з чалавекам і зрабіць так, каб ён хацеў вярнуцца, — рэзюмавала Людміла Андрэеўна.
Справы сямейныя
З мужам Васілём Сільвановічам Людміла Андрэеўна пазнаёмілася ў клубе, а праз год маладыя згулялі вяселле. Шмат гадоў мужчына адпрацаваў зваршчыкам на экскаватара-рамонтным заводзе, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку і займаецца гаспадарчымі справамі.
Гады бягуць, выраслі дзеці Святлана і Аляксандр, стварылі ўжо свае сем’і. Чацвёра ўнукаў і дзве праўнучкі з задавальненнем прыязджаюць да бабулі і дзядулі ў вёску, бо тут раздолле і свежае паветра. І асабліва любяць наведаць сельскую бібліятэку, любоў да якой прывіла бабуля.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.