Он — на виду. Он выносит флаг

img_3606Яго можна сустрэць на шмат якіх урачыстасцях, і не толькі ў роднай СШ №3, дзе вучыцца ў дзясятым “А” класе, але на раённых піянерскіх ды “бээрэсэмаўскіх” мерапрыемстваў. Яго цяжка не заўважыць, светлавалосага хлапчука ў акулярах. Ён — навідавоку. Ён выносіць сцяг.

Гэта як тая ганаровая варта ля Маўзалея ці Вечнага агню. Абы-каму не давераць, ды і выпраўка патрэбна амаль вайсковая.
— Даўно стаў сцяганосцам?
— Класа з восьмага. Спачатку ў ганаровай варце стаялі, а затым прапанавалі вынесці сцяг.
— Спачатку, напэўна, трымцеў?
— Ну так, натуральна. А зараз прывык.
Раман Кучко — выдатнік. І, як і многія “класічныя выдатнікі”, не расстаецца з акулярамі. Аднак назваць яго “очкариком” не паварочваецца язык. Бо прападае Раман днямі якраз не за падручнікамі і не па бібліятэках, а носіцца па спартыўных залах і футбольных пляцоўках. Любімым прадметам у выдатніка апрача фізікі і матэматыкі з’яўляецца фізкультура. А любімай камандай — “Манчэстэр-Юнайтэд”, якая, зрэшты, і прывяла яго ў “вялікі спорт”. Іграе за школьную каманду на раённых спаборніцтвах. Мінулай зімой быў на турніры, у якім удзельнічалі шмат якія арганізацыі горада, у тым ліку міліцыя і МНС.
І сябры яго ўсе — “с команды молодости нашей”. Зірніце: Даніла Целіца, Мацвей Вашкевіч, Ілья Куракоў, Улад Закрэўскі, Аляксандр Старасельскі — усе заўзятыя спартсмены. Тусуюцца разам на футбольных, валейбольных пляцоўках. Асабліва блізкія сябры — Мацвей і Ілья. З першым жывуць у адным двары, з другім разам хадзілі ў дзіцячы садзік і з першага класа разам вучацца.
А яшчэ Раман… спявае.
— У цябе ёсць любімая песня?
— Што значыць любімая? Тыя, якія даводзіцца спяваць, усе люблю. Спяваем і пра вайну, і пра Ісуса Хрыста, і пра настаўнікаў. Летась на Дні настаўніка спявалі песню на лацінскай мове.
— У цябе добры голас?
— Давяраюць.
— Сольна спяваеш?
— Не, у хоры. Ужо гады два. Выступалі спачатку на спаборніцтвах між школамі ў МНС: маршыравалі, хтосьці трымаў экзамен па тэхніцы бяспекі і асновах бяспекі жыцця. А затым у гімназіі выступалі: танцы, вершы, песні. Занялі другое месца.
— Табе падабаецца быць актыўным?
— Так. Ды і камусьці ж трэба. Аднак дома хочацца цішыні і спакою, хочацца адпачыць на футболе з сябрамі.
— Будзеш спартсменам?
— Хачу паступаць на інжынера-праграміста ці на выкладчыка фізікі і матэматыкі.
— Разумееш у камп’ютарах?
— Ну, магу штосьці адрамантаваць.
— Песні любіш. А ці іграеш на якіх музычных інструментах?
— Не, толькі падабаецца, як іграюць на гітары. Хацеў навучыцца сам.
— Дык чаму не вучышся? У Лепелі можна гэта зрабіць.
— Ведаю. Можна ў цэнтры дзяцей і моладзі. Проста няма часу: урокі, секцыі па футболе.
— Умееш рабіць нешта рукамі?
— У вёсцы з дзядзькам клалі печ. І згатаваць што-небудзь магу: пельмені, макароны, салаты навагоднія наразаў. Сястра вучылася на повара. Паказала мне, як падліўку рабіць з курыцы з соусам. Было вельмі смачна.
— Часта бываеш у вёсцы?
— У Пераходцы да бабулі езджу, асабліва ўлетку. Бываем на шашлыках.
Раман Кучко — з тых людзей, якім шмат чаго цікава і ўсяго хочацца паспрабаваць. Зрэшты, на тое яно і жыццё, каб спрабаваць, на тое яно і юнацтва, каб паспяваць усюды і… расці-расці.
На здымку: Раман Кучко.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.