От работы по разным причинам отстранены 82 работника

img_4574Сёння адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Такая ініцыятыва прадыктавана імкненнем прыцягнуць увагу грамадскасці ва ўсім свеце да маштабаў гэтай праблемы, каб стварэнне належных умоў па ахове працы садзейнічала зніжэнню смяротнасці і траўматызму на рабочых месцах. Па аператыўных даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы ў 2016 годзе ў нашай краіне ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 119 чалавек і 635 чалавек атрымалі цяжкія траўмы. На жаль, ужо сёлета ў першым квартале па гэтых прычынах пазбавіліся жыцця 35 чалавек і 140 — былі траўмаваны.
У адпаведнасці з Падпраграмай 2 “Ахова працы” Дзяржаўнай праграмы сацыяльнай абароны і садзейнічання занятасці насельніцтва на 2016 — 2020 гады па Віцебскай вобласці, прадпрыемствам і ўстановам Лепельскага раёна на 2016 год былі даведзены заданні па паляпшэнні ўмоў і аховы працы для работнікаў. Кантралюецца выкананне мабільнай групай Лепельскага райвыканкама. Прынамсі, нядаўна старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы і галоўны дзяржаўны інспектар па ахове працы і тэхніцы бяспекі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Макарскі наведалі ААТ “Лепельскі МКК”, КУВП “Бароўка”, ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, УАЗ “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца”, ДКУБП “Лепельская ПМК-75” і ДБУ №34. Знаёміліся з умовамі працы і адпачынку, зробленымі капіталаўкладаннямі ў гэтую важнейшую сферу, выкананнем патрабаванняў заканадаўства.
Прадпрыемствамі і ўстановамі раёна летась было затрачана на гэтыя мэты два мільёны 519,4 тысячы рублёў, з іх на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў, зніжэння ўздзеяння шкодных і небяспечных вытворчых фактараў — 481,1 тысячы рублёў. Пяцьдзясят рабочых месцаў (занята 79 работнікаў) прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі гігіенічных нарматываў. Палепшаны ўмовы працы на 13 рабочых месцах, на якіх заняты 23 працаўнікі. Гэта ў ААТ “Лепельскі МКК”, філіял “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”, УАЗ “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, УАЗ “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца”, філіял “Дражна” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Акрамя таго, абуладкавана і адрамантавана шэсць санітарна-бытавых і дапаможных памяшканняў, абсталявана шэсць куткоў па ахове працы. На прадпрыемствах і ва ўстановах было выдзелена 53 пуцёўкі для аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння.
У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы лідарам у вытворчай сферы прызнана ААТ “Лепельскі МКК”, у невытворчай — УАЗ “Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца”, а лепшымі службамі аховы працы аказаліся КУВП “Бароўка” і ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, лепшае санітарна-бытавое забеспячэнне створана ў ДБУ №34 “ДСТ-1 г. Віцебск” і ДКУБП “Лепельская ПМК-75”. Лепшым грамадскім інспектарам па ахове працы прызнана Валянціна Карабань з ААТ “Лепельскі МКК”.
Раённай мабільнай групай за 2016 год абследавана 58 рабочых месцаў 136 суб’ектаў гаспадарання. Выяўлена 2622 розныя парушэнні, якія ўхілены па патрабаванні інспектараў мабільнай групы. Ад работы па розных прычынах адхілены 82 работнікі. Забаронена 154 віды работ, эксплуатацыя 266 адзінак тэхнікі і абсталявання. Зафіксавана 24 выпадкі допуску да працы работнікаў без правядзення інструктажу, выяўлена 58 фактаў незабеспячэння сродкамі індывідуальнай абароны.
Праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў камісіі Лепельскага райвыканкама прайшлі 147 службовых асоб, з іх восем — пазачарговую па патрабаванні інспекцыі працы.
Нягледзячы на актыўную прафілактыку вытворчага траўматызму і паляпшэнне ўмоў працы на рабочых месцах, з-за грубай неасцярожнасці і няўважлівасці саміх пацярпелых, а таксама нядбайнасці некаторых службовых асоб летась на тэрыторыі раёна адбылося дзесяць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у якіх адзін чалавек загінуў (ТАА “РадыалТрэйд”) і дзевяць работнікаў атрымалі цяжкія траўмы (ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, КУВСГП “Лепельскае”, ААТ “Ладасна”, КФГ “Азімка”, філіял “ДЭУ №37” РУП “Віцебскаўтадар”, філіял “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”, СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”).
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Мілы і галоўны дзяржінспектар па ахове працы і тэхніцы бяспекі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Макарскі (злева направа) абмяркоўваюць актуальныя праблемы аховы працы са спецыялістамі ААТ “Лепельскі МКК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.