Падлеткавыя гульні на Лепельшчыне

 Пра злачыннасць у падлеткавым асяроддзі гутарым з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццянай Часнаковай.

Таццяна Мікалаеўна, якія тэндэнцыі назіраюцца сёлета ў сферы падлеткавай злачыннасці?

 — Статыстыка паказвае, што асноўным правапарушэннем сярод падлеткаў з’яўляецца распіццё спіртных напояў. Мяркуйце самі, са ста васьмі матэрыялаў, разгледжаных за чатыры месяцы, шэсцьдзясят чатыры ўзбу­джаны ў дачыненні да непаўналетніх, якія здзейснілі правапарушэнні. З іх трыццаць адзін пратакол складзены за п’янства. Дарэчы, назіраецца рост “п’яных правапарушэнняў”, бо летась такіх было дваццаць.

І што п’юць?

 — У асноўным піва ў грамадскіх месцах.

Якія яшчэ правапарушэнні?

 — Чацвёра прыцягнуты да адказнасці за дробнае хуліганства, столькі ж — за курэнне ў грамадскіх месцах, васьмёра падлеткаў парушылі правілы дарожнага руху.

 — Штрафуеце? А якія яшчэ меры прымаеце, прынамсі, у дачыненні да злосных парушальнікаў?

 — Калі падлетак здзейсніў чатыры і болей парушэнні, ставім пытанне аб накіраванні яго ў спецустанову. Адзін падлетак з СШ №3 ужо накіраваны на два гады ў спец­установу, падрыхтаваны дакументы аб накіраванні другога — навучэнца ліцэя.

— А за што панеслі пакаранне бацькі непаўналетніх?

 — У дачыненні да бацькоў непаўналетніх разгледжаны дваццаць шэсць пратаколаў, з іх чатырнаццаць — на бацькоў, чые дзеці ўчынілі правапарушэнні, аднак не дасягнулі ўзросту адказнасці. Двое бацькоў пакаранны за распіццё спіртнога разам са сваімі дзецьмі, дзесяць чалавек не суправа­джалі сваіх непаўналетніх дзяцей у начны час.

Разгледжаны тры матэрыялы аб прызнанні неабходнасці дзяцей у дзяржаўнай абароне, пяцёра дзяцей з трох сем’яў былі адабраны ў бацькоў і змешчаны на дзяржзабеспячэнне, чацвёра ж, наадварот, вернуты ў біялагічныя сем’і. Адзінаццаць непаўналетніх знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні да вырашэння пытання аб вяртанні іх бацькам альбо пазбаўленні апошніх бацькоўскіх правоў. Разгледжаны сямнаццаць хадайніцтваў аддзелам адукацыі аб правядзенні прафілактычнай работы з бацькамі.

— Прывядзіце, калі ласка, прыклады падлеткавых правапарушэнняў, якія разглядаліся камісіяй апошнім часам.

 — П’яны падлетак з Забаення быў затрыманы за рулём “Жыгулёў”. Больш таго, ён не мае правоў. Натуральна, машына была без страхоўкі, не праходзіла тэхагляду, да таго ж гэта быў зімовы час, а колы машыны апрануты ў летнюю гуму. Як кажуць, увесь комплекс непрыемнасцяў, якія маглі б для кагосьці аказацца сапраўднай трагедыяй, калі б сутыкнуўся з такім гора-вадзіцелем. Цікава, што парушальнік спрабаваў выкруціцца, нават “сведку” прывёў, гатовага пацвердзіць, што не падлетак, а ён быў за рулём. І толькі калі мы нагадалі пра адказнасць за хлуслівыя паказанні, “дабрадзей” не стаў рызыкаваць. У выніку парушальнік атрымаў пакаранне, як кажуць, на ўсю катушку — штраф памерам сто базавых велічынь і пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады.

Іншы прыклад: падлетак некалькі разоў трапляў у рэанімацыю — нюхаў клей. Ён жа хуліганіў на ўроку. Тут шмат пытанняў, у тым ліку і да выхавальнікаў. Справа ў тым, што дагэтуль ён дзесяць гадоў жыў у прыёмнай сям’і. Зараз рыхтуем дакументы для накіравання ў спец­установу.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.