Пакуль дырэктар школы ў Бароўцы, на Лепельшчыне, узначальваў каманду “знатакоў”, школай кіраваў адзінаццацікласнік

интел. ринг 6 У Бароўскай школе апошнім часам творыцца неверагоднае. Зусім нядаўна  Антон Кавалёў быў прызначаны дырэктарам, аб чым паведамляла наша газета. Новаму кіраўніку шаснаццаць гадоў і ён   мае няскончаную сярэднюю адукацыю, бо пакуль толькі перайшоў у адзінаццаты. Такая вось метамарфоза…

Не паспелі мы паведаміць адну навіну, як з Бароўкі прыйшла другая: дырэктар школы Віктар Азаронак, на месца якога заступіў адзінаццацікласнік, заняў пасаду… капітана настаўніцкай каманды “знатакоў”. Больш таго, каманда настаўнікаў… прайграла дзесяцікласнікам.

Мы папрасілі Віктара Уладзіміравіча падзяліцца ўражаннямі на новай пасадзе.

— Якое пачуццё зазналі пад час гульні?

— Хвалюючае.

— Чаму?

— Ну, ведаеце, неяк некамфортна прайграваць дзецям.

— А калі сур’ёзна…

— А калі сур’ёзна, то прайграць такім вучням, як нашы дзесяцікласнікі з каманды інтэлектуалаў “Віртуале”, не сорамна, а прыемна. Гэтым і заключаецца прызванне педагога – выхаваць і навучыць, каб вучні былі вышэй і наперадзе сваіх настаўнікаў. У гэтым заслуга настаўніка, яго працяг.

Інтэлектуальныя гульні сталі адной са шматлікіх добрых традыцый, якія культывуюцца ў Бароўскай школе. Сёлета Віктар Азаронак заснаваў пераходны школьны кубак пераможцаў інтэлектуальных гульняў. Другая добрая традыцыя – валейбольныя баталіі. Дырэктар Віктар Азаронак “рэжацца” ў валейбол з дзецьмі толькі так, з запалам юнака адстойваючы гонар роднай каманды. Зрэшты, які ж дырэктар, калі мы толькі што сказалі, што ў вакантным кіраўніцкім крэсле апынуўся вучань. Не будзем далей інтрыгаваць чытача. Раскрыем сакрэт – гэта была ўсяго толькі гульня, агульнашкольнае мерапрыемства пад назваю “Дзень дублёра”.

Зрэшты, для кагосьці, можа, і гульня, а для каго – вынік напружанай працы. Для таго каб дзеці раз у год “пагулялі ў дублёраў”, выступіўшы ў ролі настаўнікаў, патрэбна была грунтоўная папярэдняя падрыхтоўка. Трэба сказаць, што настаўнікі з усёй адказнасцю паставіліся і да гэтага, на першы погляд, несур’ёзнага мерапрыемства.

Віктар Уладзіміравіч перакананы, што гульні з дзецьмі – справа сур’ёзная, бо нават гуляць з імі нельга фальшыва. Ці не таму капітан настаўніцкай каманды насамрэч хваляваўся перад інтэлектуальным паядынкам са сваімі ж дзесяцікласнікамі? Ці не таму ён стараецца “не прамазаць” і ў валейболе?

Паядынак інтэлектуалаў складаўся з двух частак – медыя-азбукі і ўласна гульні “Што? Дзе? Калі?”. У першай частцы настаўнікі апярэдзілі вучняў. А вось у другой тыя “абставілі” педагогаў аж на тры балы. Дзіва што! Педагогі ўступілі ў паядынак з сапраўднымі прафесіяналамі, якія ўжо не раз перамагалі нават на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Каманда “Віртуале” склала касцяк вучнёўскай зборнай інтэлектуалаў, сфарміраванай з дзевяці-дзесяці- і адзінаццацікласнікаў. Ну што там для сапраўдных “зуброў” інтэлектуальнага рынгу, якія пабачылі ўсялякага, нескладаныя пытанні ў межах школьнай праграмы, жартоўныя, лагічныя, з гісторыі, з біялогіі, з мульцікаў, пра Гары Потэра, пра кітайскую медыцыну і г.д.

Адным словам, свята атрымалася. Бліскуча заявілі пра сябе ў камандзе вучняў Дзмітрый Ерыцян, Марыя Ермалаева, Юліяна Часнакова, Канстанцін Сарамбаеў, у настаўнікаў Наталля Наймушына, Мадзіна Сафіна, Людміла Пестрыкава, Марына Новікава, Людміла Ермакова і іншыя.интел ринг8

А перамаглі зусім не набраныя балы, а выхаваўчыя задачы, пастаўленыя педагогамі. Адна з іх – зрабіць школу камфортнай, а вучобу – прывабнай для дзяцей. Многія спрачаюцца, ці патрэбен дзень самакіравання ў школе. Думкі падзяляюцца. Можна колькі заўгодна спрачацца, аднак нельга адмаўляць таго факту, што падобныя мерапрыемствы збліжаюць настаўніка і вучня, дэмакратызуюць вучэбны працэс. А гэта так важна, каб дзеці ўбачылі, што настаўнікі не чытаюць ім дакучлівых мараляў, паверылі, што дарослыя не гуляюць з імі ў педагагічныя догмы, а ўсё па-сапраўднаму, па-чэснаму, адкрыта, шчыра, на роўных.

Уладзімір МІХНО.

На здымках: дзень дублёра ў Бароўцы – інтэлектуальныя каманды настаўнікаў і вучняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.