Папугаі на льду і сабакі на роліках

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ Мінск, на галоўную ёлку краіны, ездзіла шмат дзяцей з Віцебшчыны — цэлых тры аўтобусы набралася. Сярод іх былі сямікласнік з гімназіі Марк Радзько, Ганна Косава, якая вучыцца ў 8 “А” класе БШ №4, і Наташа Ладзік, вучаніца 6 “Б” класа СШ №1.
Па вяртанні з Мінска мы сустрэліся.
Марк — двойчы прызёр міжнародных інтэлектуальных гульняў, фіналіст чэмпіянату рэспублікі па інтэлектуальных гульнях. Хлопчык займаецца ў клубе “РА”. Аня — дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазіі”, на якім спаборнічалі дзіцячыя вырабы з саломкі, мешка¬віны… Дзяўчынка ходзіць у гурток “Прырода і фантазія”, які працуе ў ЦДМ пад кіраўніцтвам Марыны Арцеевай. Нялёгкім аказаўся 2013 год для трэцяй удзельніцы “прэзідэнцкай ёлкі”. Наташа страціла маці і цяпер расце ў прыёмнай сям’і. Дзяўчынка таленавітая, у свой час была пераможцай раённага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў”.
— Якія ўражанні ад паездкі?
— І ўражанні добрыя, і добрыя падарункі атрымалі — кніжку казак славянскіх народаў і вялікі пакунак з разнастайнымі цукеркамі.
— Вы прабылі ў сталіцы суткі. Чым займаліся? Якая праграма вас чакала?
— Пасля абеду мы паехалі ў цырк. Вечарам засяліліся ў інтэрнат, там нас чакалі канцэрт дзіцячай самадзейнасці і дыскатэка. А на наступны дзень, паснедаўшы, мы адправіліся на ёлку ў Палац Рэспублікі. Уразіла велічнасць гэтага будынка. Спачатку нас павялі на другі паверх паказаць выставу вырабаў, якія дзеці зрабілі сваімі рукамі. Пасля пачалося прадстаўленне. Прыйшоў Дзед Мароз. Ён паклі¬каў Прэзідэнта. Той выступіў з прамовай, пасля чаго яму ўручылі вялікі букет кветак. І ад нашай вобласці Прэзідэнту таксама падарунак уручылі — навагоднюю карціну, якую зрабілі дзеці.
— Па якім сюжэце развівалася навагодняе прадстаўленне?
— Гэта была інсцэніроўка ў выглядзе казкі “Па шчупаковым загадзе”. А пасля нам уручылі падарункі, накармілі і яшчэ далі гасцінцаў у дарогу, і мы паехалі.
— Што з паездкі вам запом¬нілася найбольш?
— Навагодняе прадстаўленне ў цырку “Чарадзейства на льду”. Там сабакі і папугаі ездзілі на роліках.
— Вы ўсе актыўна ўдзельнічаеце ў школьных мерапрыемствах, у культурным жыцці раёна. А што вы робіце для сябе, ці ёсць у вас хобі?
Аказалася, хобі ў маіх суразмоўцаў цесна пераплятаецца з грамадскім жыццём. Наташа вельмі любіць вышываць, ездзіць на спартыўныя спаборніцтвы. Аня малюе, ходзіць у музычную школу ў гурток ігры на цымбалах, займаецца баскетболам, гандболам, валейболам. У Марка і ўвогуле разнапланавыя захапленні. Хлопчык гуляе ў шахматы, іграе на гітары, цікавіцца народнымі танцамі, ездзіць на алім¬піяды па інфарматыцы і матэматыцы. Па матэматыцы нават заняў трэцяе месца ў вобласці.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: Марк Радзько, Аня Косава і Наташа Ладзік — з падарункамі з “прэзідэнцкай ёлкі”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.