Парни Лепельщины готовы к службе в армии

img_3058Некалькі дзён таму адбылося пасяджэнне раённай прызыўной камісіі. Яе члены прымалі рашэнне аб чарговым прызыве на тэрміновую вайсковую службу.
— Усяго ў восеньскі прызыў ваенкамат Лепельскага і Ушацкага раёнаў павінен накіраваць у войскі 54 прызыўнікі, — кажа начальнік групы прызыву ваенкамата маёр Дзмітрый Заікін. — У прынцыпе, столькі прызыўнікоў у нас і набіраецца. Сёння, напрыклад, прымаем і зачытваем рашэнні ў адносінах трыццаці прызыўнікоў.
Гэта азначае, што яшчэ раней, на працягу больш за месяц, збіраліся асабовыя справы, маладыя людзі накіроўваліся ў медыцынскія ўстановы для праходжання абследавання. Калі патрабавалася, то накіроўвалі і ў Віцебск. Адным словам, прызыў — гэта завяршэнне вялікай падрыхтоўчай працы, у якой занятыя дзясяткі людзей.
Узначальвае прызыўную камісію намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак, акрамя яго ўваходзяць ваенны камісар падпалкоўнік Дзяніс Мілінчук, галоўны ўрач установы “Лепельская ЦРБ” Ілья Шандалесаў, яго намеснік Таццяна Коннава, намеснік начальніка РАУС Аляксандр Калінічэнка. Па выкліку заходзіць малады чалавек, прадстаўляецца. Маёр Заікін кажа:
— Таварыш прызыўнік, камісіяй прынята рашэнне аб прызыве вас на тэрміновую ваенную службу. Рашэнне вам зразумелае, пытанні ёсць?
— Няма, — часцей за ўсё гучыць адказ.
— Атрымайце копію рашэння, можаце быць свабоднымі, аб даце адпраўкі ў вайсковую часць вам будзе паведамлена дадаткова.
Некалькі прызыўнікоў задалі пытанні адносна таго, куды іх мяркуюць накіраваць на службу, але пераважная большасць ужо ведае папярэдняе размеркаванне і гатова заступіць на абарону Радзімы.
— У бягучы прызыў двое прызыўнікоў выказалі жаданне праходзіць службу ў рэзерве, — кажа Віктар Азаронак, — адзін з іх вельмі патрэбны ў народнай гаспадарцы — інжынер адной з сельгасарганізацый раёна. Гаспадаркай, райвыканкамам накіраваны хадайніцтвы ў аблваенкамат з просьбай выдзеліць па магчымасці месцы для службы ў рэзерве. З іншага боку, абарона Радзімы — свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна, таму мы прымем любое рашэнне.
Хлопцы па адным падыходзілі, атрымлівалі дакументы. Праз некаторы час пасяджэнне было завершана.
— Як вы ацэньваеце фізічны стан цяперашніх прызыўнікоў? — пытаюся пазней у Дзмітрыя Заікіна.
— Неблагі, — адказвае афіцэр, — хаця дваіх прызыўнікоў давялося накіраваць на больш глыбокае абследаванне ў Віцебск. Трывогу выклікалі падазрэнні на сардэчна-сасудзістыя захворванні. Яшчэ адна прычына для трывогі — скаліёзы, парушэнні паставы. Усё гэта — вынік маларухомага ладу жыцця, калі маладыя людзі больш сядзяць за камп’ютарам, чым бегаюць за мячом па футбольным полі, займаюцца іншай фізкультурай, фізічна сучасная моладзь мала працуе, таму і развіваецца слаба. Сюды ж дададзім і курэнне з ужываннем спіртнога, піва.
— А які маральна-псіхалагічны настрой?
— Самы розны. Хаця большасць — жадае служыць. Хлопцы ўжо прыблізна ўяўляюць, дзе якія ўмовы службы, яны гатовыя.
— У якія часці больш імкнуцца?
— Тут можна было б раздзяліць. Значная частка прызыўнікоў жадае служыць у вайсковых часцях, якія размяшчаюцца на Лепельшчыне, у 231-й артылерыйскай брыгадзе, у 19-й механізаванай. Некалькі чалавек выказалі жаданне служыць у 52-м асобным пошукавым батальёне, маюць намеры пасля тэрміновай службы застацца на кантракт. Даволі шмат тых, хто хоча служыць у спецназе, паветрана-дэсантных войсках, у пагранічніках.
— І якія ў іх шанцы трапіць у жаданую вайсковую часць? Шчыра прызнаюся, 50/50. Пакуль што звесткі наступныя. Большасць прызыўнікоў з нашага ваенкамата будзе накіравана ў 72-і аб’яднаны вайсковы вучэбны цэнтр у Печах пад Барысавам. 13 чалавек прыме 103-я Віцебская паветрана-дэсантная брыгада, сем — пагранічныя войскі. Аднак гэта толькі папярэднія звесткі. Дакладна ўсё будзе вядома літаральна напярэдадні адправак.
— А калі пачнуцца адпраўкі?
— З 15 лістапада.
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: зачытваецца чарговае рашэнне прызыўной камісіі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.