Первый раз в пятый класс

pyaty-klas-4 Чамусьці не памятаю сябе ў пятым класе. Шкада. А зрэшты, чаму менавіта ў пятым? У наш час адаптацыйным, пераходным быў менавіта чацвёрты клас. Ды і пра слова “адаптацыя” тады ніхто ніколі не чуў і не казаў. Проста з трэцяга класа перайшлі ў чацвёрты, апынуўшыся, як у віры, сярод розных прадметаў, многіх настаўнікаў. Адным словам, у калаўроце падлеткавага жыцця.

А як сталеюць сучасныя падлеткі? Каб пра гэта даведацца, адправіўся ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Лепеля”.
Найперш пагутарыў са школьным псіхолагам. Педагог-псіхолаг Наталля Папкова расказала мне, што ў школе сёлета навучаюцца тры пятыя класы: у двух — па дваццаць пяць, і ў адным — дваццаць чатыры вучні. І калі летась былі пэўныя “пературбацыі”, то сёлета класы, якія выпусцілі настаўнікі Алена Кузьмічонак, Ларыса Палонская і Ірына Грынкевіч, у поўным складзе перайшлі ў пятыя. Таму хвалявацца за іх праблемы па частцы адаптацыі ў калектыве не выпадае. Усе дзеці добра ведаюць адзін аднаго, бо разам вучыліся чатыры гады.
— Што вы можаце сказаць у цэлым пра гэтыя класы?
— Я ўжо наведвала іх урокі, назірала. Гэта ветлівыя і ўважлівыя дзеці, умеюць слухаць і чуць. Хаця ім даволі складана.
І ў мяне такое ж меркаванне. Напэўна, усё ж складана самастойна вырашыць сітуацыю, калі ты раптам апынуўся сам-насам з нашмат большай колькасцю прадметаў, чым было раней. А галоўнае, замест адной настаўніцы, да якой ужо прывык за чатыры гады вучобы, на кожны новы ўрок прыходзіць новы, незнаёмы настаўнік.
— Ці звярталіся да вас за дапамогай бацькі пяцікласнікаў? — пытаюся ў Наталлі Іванаўны.
— Пакуль што не. Аднак яшчэ рана. Па вопыце ведаю, што гэта адбываецца пазней. Звычайна, бліжэй да заканчэння першай чвэрці мы праводзім дыягностыку: выяўляем узровень трывожнасці, назіраем за самаацэнкай вучня і яго матывацыяй да вучобы. Пакуль што класныя кіраўнікі наведваюць, ды, напэўна, ужо пабывалі ва ўсіх сем’ях. Мы ўжо абмяркоўвалі з імі становішча дзяцей і прыйшлі да высновы, што праблемных у літаральным сэнсе гэтага слова сярод іх няма. Мы сістэматызуем увесь сабраны матэрыял і на бацькоўскім сходзе адбудзецца, як кажуць, канструктыўны абмен думкамі.
Наталля Іванаўна прызналася, што ў яе самой дачка акурат пайшла ў пяты клас, толькі вучыцца яна ў іншай навучальнай установе. У яе праблем болей — пакуль не стае паразумення з дзецьмі.
Наступная наша сустрэча была з Вікторыяй Мартыненка. Вікторыя Аляксандраўна прыступіла да класнага кіраўніцтва ў пятым “В”, але сутыкаецца тым часам з усімі паралелямі пяцікласнікаў, бо выкладае ў іх гісторыю.
— А пра што ўжо гутарылі са сваімі вучнямі на класных гадзінах?
— Абмяркоўвалі шмат пытанняў. Закраналі і тэму гісторыі малой радзімы, і вялі тэматычную размову з нагоды Дня пісьменнасці.
— А пра стасункі ў калектыве вялі размову?
— Вядома. І пра ўзаемапавагу таксама.
pyaty-klasЦікава, што Вікторыя Аляксандраўна ўсіх дзяцей на ўроках называе на “вы”. Тут мы нават крыху і паспрачаліся. Я ўвогуле не прыхільнік звароту на “вы” і лічу, што нават сярод дарослых гэтая акалічнасць адчужае людзей і дадае афіцыёзу ў іх стасункі. Вікторыя Аляксандраўна ж, наадварот, упэўнена, што такі зварот павышае самаацэнку дзяцей, якія імкнуцца выглядаць больш дарослымі. Вучням гэта падабаецца. Што ж, магчыма. Ведаю, што настаўніцай гісторыі Вікторыяй Мартыненка ўвогуле захапляюцца дзеці, асабліва матываваныя, якія звыкла бачаць у ёй асобу і дарадчыка. Што ж тут спрачацца.
— Ці назіраеце вы канфлікты ў сваім класе?
— Так, мы ўжо разбіралі адзін з іх. Толькі гэта не канфлікт дзяцей і дарослых, проста два хлопчыкі не ўспрымаюць адзін аднаго. Гэтае непрыняцце ўзнікла не зараз. Аказалася, яно існуе даўно, яшчэ з першага класа. Больш таго, гэта не канфлікт двух дзяцей, а непрыняцце аднаго з іх большасцю аднакласнікаў.
— Удаецца выправіць становішча?
— Спрабуем. І ўжо ёсць плён. Хлопчыкі вітаюцца, не скажаш, што сябруюць, але ў іх ужо ёсць узаемаадносіны.
— На мой погляд, патрэбна больш калектыўных творчых спраў…
— Патрэбна. І мы іх робім. Разам віншавалі настаўнікаў з іх прафесійным святам, супольна рыхтавалі канцэрт з нагоды Дня маці. Дзяцей гэта вельмі захапіла і наблізіла адзін да аднаго. Дзяўчынка добра грала на скрыпцы, хлопчыкі — на баяне. І танцавалі вальс, і спявалі частушкі…
— А ці ёсць у іх цікавасць да гісторыі?
— На жаль, пакуль назіраю яе болей у дзяцей з паралельных класаў “А” і “Б”. Аднак жа мы толькі паўтара месяца разам са сваімі.
— А як вы ставіцеся ўвогуле да класнага кіраўніцтва?
— Без яго, вядома, настаўніку-прадметніку прасцей. Аднак жа ў класнага кіраўніка ёсць дзеці, а без класа ён сірата.
Як гэта важна для педагога — не асірацець у школе…
Уладзімір МІХНО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.