По давней доброй традиции в Старолепельской школе ценят народные обычаи и уже с молодых лет учат любить Беларусь

sam_7743Па даўняй добрай традыцыі ў Старалепельскай школе шануюць народныя звычаі і ўжо з маладых гадоў вучаць любіць Радзіму Беларусь, ведаць яе гісторыю, фальклорную спадчыну, гульні, песні, святы.
Штогод па народным календары настаўнікі пачатковых класаў па чарзе рыхтуюць розныя мерапрыемствы з фальклорнага гадавога цыклу. Такім чынам, працаю ў накірунку нацыянальнага адраджэння і патрыятычнага выхавання ахоплены ўсе дзеці. І ім гэта праца вельмі падабаецца.
Выхаванцы настаўніцы Людмілы Глушанок зараз ужо ў чацвёртым. Дзеці з ахвотаю ўспамінаюць, як да іх прыязджала майстар па выцінанцы і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Галіна Жураўлёва. Знаёміла з выставай сваіх работ і праводзіла майстар-клас. Прыгадваюць, як ездзілі гукаць вясну ў Люкжына. Падкідвалі булачкі і спявалі: “Жавароначкі, прыляціце!”. Слухалі, як дзядзька грае на дудзе, выраблялі папяровых птушачак і гушкаліся на арэлях. Арэлі таксама, паводле народных паданняў, увасабляюць вясну.
Людміла Глушанок займаецца з гэтымі дзецьмі ўжо чацвёрты год. Працуюць па адраджэнні беларускай культуры, знаёмяцца з майстрамі народных рамёстваў, прасочваюць сямейныя радаводы і г.д. У іх ужо грунтоўныя напрацоўкі і набыткі. З класам рыхтавалі “Грамніцы”, ладзілі “Свята бульбы”, выставу “Беларускае народнае адзенне”.
Людміла Пятроўна падае мне торбачку і, не паказваючы, што ўсярэдзіне, прапануе навобмацак вызначыць, якія гародніна і садавіна там знаходзяцца. Самому становіцца цікава. Хутка намацваю вялікі яблык, штосьці падобнае да бурака — вызначаю па хвосціку (аказалася, рэпа, таксама караняплод, лёгка ўгадваю невялікі кабачок, гібрыд з патысонам, а вось над морквай доўга давялося думаць-вагацца. Аказалася, у мех паклалі адмыслова нетыповую моркву, а некалькі зросшыхся. Вось такая цікавая “адгадайка” атрымалася. А гэта ўжо фрагмент іх свята восені “Багач”, якое таксама арганічна ўпісваецца ў гадавы каляндарны цыкл. З цікавымі гульнямі і конкурсамі, з песнямі і жартамі, з народнымі забавамі праходзяць падобныя мерапрыемствы. Трэба ж дзяцей захапіць, прыахвоціць, зацікавіць, завабіць. Дзеці павінны вучыцца і гуляць у адначассі, на тое яны і дзеці. На бульбінках напісалі літары і затым складвалі з іх слова, якое азначае назву гародніны. Прыгадвалі, што ў даўнія часіны ў народзе бульбу называлі “чортавым яблыкам”, а памідор — залатым, цыбуліны насілі як амулеты. Выконвалі танец з бульбінай на галаве. Рыхтаваліся да паходу ў лес.
А неўзабаве будуць рыхтаваць свята “Пакровы”. Вывучаюць традыцыі і завядзёнкі, звязаныя з гэтым цікавым восеньскім святам, якое мае тры карані.
На Пакровы сыходзяцца дахрысціянская, язычніцкая, традыцыя і праваслаўная — шанаванне Божай Маці, а таксама сучасная — Дзень маці. Існуе шмат народных прыкмет з земляробчага цыкла. Усе іх трэба творча асэнсаваць і далучыць да сцэнарыя.
А там неўзабаве і Дзяды. Настаўніца раскажа, як адзначаюць Дзяды ў народзе, узгадае сваіх продкаў, а дзеці ў сваю чаргу прыгадаюць сваіх. Складуць “сямейнае дрэва”, па-іншаму — радавод. Магчыма, наведаюць воінскае пахаванне, якое паблізу школы. Дзеці часта бываюць ля помніка, прыбіраюць там. Дарэчы, яны расказваюць, што Дзяды адзначаюць і шмат у каго дома. Вараць клёцкі, поліўку, куццю, памінаюць.
А там не за гарамі і Каляды, а там і Масленіца зноў прыляціць. Будуць пячы бліны, і першы з іх абавязкова пакінуць на акне — продкам. Будуць катацца з горкі і варажыць, які ўродзіць лён.
Так і жывуць у Старалепельскай школе — весела, цікава, па-народнаму, з любоўю да зямлі і да Радзімы.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: народныя забавы ў Старалепельскай базавай школе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.