Подходим к дому, стучимся. Говорим: “Добрый вечер тому, кто живет в этом дому!»

img_8765 Вось кажуць, што моладзь цяпер пайшла і такая, і сякая, і гэтакая. А хто кажа? Тыя дарослыя, якія моладзі і не ведаюць, і, калі шчыра, не надта і ведаць хочуць. Пазачыняюцца за высокімі брамамі, пазіраюць ціхенька праз дзірачку ды бурчаць. Ёсць у дарослых такая шкодная звычка — бурчэць на моладзь, быццам бы адны яны ведаюць, як жыць правільна. Між іншым, якасць жыцця не залежыць ад колькасці пражытых гадоў, жыццёвыя заслугі — таксама.
А ніколі не цікавіліся бурклівыя дарослыя, як яны самі выглядаюць, хоць бы, скажам, у вобразе тых мяшчан, якія зачыняюць дзверы перад калядоўшчыкамі? Ды смешна і недарэчна выглядаюць. Мае знаёмыя падлеткі расказваюць пра такіх з гумарам:
— Падыходзім да хаты, грукаемся. Кажам: “Добры вечар таму, хто жыве ў гэтым даму, сею-вею-павяваю, вам дабра жадаю”. Пытаемся, ці ёсць хто? Голас за брамкаю адказвае грозна: “Няма нікога дома!” Хоць ты перахрысціся. Яшчэ раз перапытваем для пэўнасці, бо нехта ж адказвае. У адказ зноў: “Я вам сказаў, нікога дома няма”.
Смех дый годзе… Каюся. Я і сам не перад кожным на Каляды дзверы адчыню. Па-першае, у вёсцы, дзе жыву, не засталося каму калядаваць, па-другое, калі хтосьці яшчэ і цягаецца пад вугламі, дык пачуеш толькі адно: “Калядую-калядую, кілбасу чую…” Такая “творчасць” мяне не пераконвае, бо яе больш можна назваць жабрацтвам, чым сцэнічнай дзеяй. А творчы ганарар, хоць бы і ў выглядзе той жа каўбасы, трэба зарабіць.
Іншая справа, калі б жыў я, скажам, у Лепелі. Мабыць, давялося б раскашэліцца. Бо хто ж утрымаецца перад тымі вясёлымі падлеткамі, якія гуртам вось ужо гадоў пяць заносяць у хаты на казіных рагах радасць сапраўднага зімовага свята.
Шасцёра дзяўчат — сёстры Крысціна, Паліна і Анжэла Быкавы, Насця Емяльянава, Аліна Маркава і Паліна Аношка. І ўсяго адзін кавалер — Ягор Лешчанок. Быў, кажуць, другі — Ілья Хатыка, ды з’ехаў у Санкт-Пецярбург. Толькі на канікулы ўлетку прыязджае. Трэба сказаць, адразу ж далучаецца да старой-добрай сваёй кампаніі сяброў яшчэ па дзіцячым садзіку.
Сямёра вясёлых штурмуюць на Каляды непрыступныя крэпасці, спрабуюць дастукацца да чалавечых душ з дапамогай няхітрых самаробных маскарадных касцюмаў, звыклага рэпертуару, які хоць ужо і адскоквае ад зубоў за столькі гадоў практыкі, а ўсё роўна кожны раз багацее нечым новым, і маладой бадзёрай энергіі.
Ягору прасцей. Ён заўсёдны Дзед. Не трэба і напружвацца, валёнкі з кіем даўно стаяць у куце, пакулле на бараду заўсёды знойдзецца, вусоў пакуль уласных не адгадаваў, не бяда, намаляваць нядоўга. Дзяўчаткам больш клопату. У іх няма строга размеркаваных роляў. Летась адна была мядзведзем, сёлета — цыганом, а налета, можа, стане казою. У казы доля незайздросная, яна заўсёды падае з ног. Галодная, маўляў, хоча есці — так па сцэнарыі. Накарміць казу — якраз і азначае выплаціць калядоўшчыкам іх “творчы ганарар”.
— Чым плацяць? — пытаюся.
— Ды ўсім: і сала даюць, і каўбасу. Могуць і грошы. Мы калі малыя былі, нам неяк каўбасу далі, найлепшую, пальцам піханую. А надта мы тады ў каўбасах тых разбіраліся. Напрыдумвалі сабе штосьці, гідліва стала нам. Кінулі тую каўбаску ў ваду, у балота. Зараз успамінаем — і смяёмся, і шкадуем. Чорту пакаштаваць далі.
— А ці наліваюць?
— Хіба кампот. Іншага не п’ём.
— Весела, мабыць?
— А то, яшчэ як! Неяк заходзім у хату, а там цэлая кампанія: мужык з жонкаю, іх сябры. Раптам выходзіць адзін і з паўднёвым акцэнтам нам: “Пэсню, пажаласта!” Мы “Ражство Хрыстова” заспявалі. Выносіць нам кампоту, а казе на хвост наступіў: “О, прасці, мой блажэній!” А каза брык ды з капытоў. “Каза ўпала, каб далі сала, — кажам. А той спалохаўся, думаў, што ёй кепска, давай падымаць. Нарагаталіся!
— А дзе казіныя рогі бераце?
— Прасцей простага: бярэш два алоўкі, намотваеш на іх валасы, вось табе і рогі.
З касцюмамі праблем няма. Ёсць розныя маскі і добрая фантазія. А што фантазіі маім суразмоўцам не займаць, не сумняваюся.
Запытаўся: “Вы ў містыку верыце?” І ў адказ наслухаўся столькі ўсяго — з белымі і празрыстымі прывідамі, чырвонымі вачыма, лямпачкамі, якія загараліся там, дзе ўвогуле няма святла і г.д. Адным словам Гогаль з яго “Віем” і “Вечарамі на хутары ля Дзіканькі” адпачываюць. Вось табе і апатычная, безыніцыятыўная моладзь! І хто іх вучыў? Хто напоўніў гаючай вадзіцай народнай самабытнасці іх маладыя душы? Хто падштурхнуў да дзеяння? У кагосьці калядавалі бацькі, хтосьці даведаўся ад бабулі і дзядулі.
— А з чаго ўсё пачыналася?
— Гэта было так даўно, — смяюцца, — цукеркі дома закончыліся. Анжэла стала казой, Аліна — чортам. А пасля і іншыя далучыліся.
— А варажыць умееце?
— Як не ўмець! — адказваюць дзяўчаты. — Абдымаеш плот — колькі штакецін захопіш. Калі ў пару — будзе суджаны, калі не — выбачай. А яшчэ ёсць варажба на вадзе: бярэш шклянку, ваду награваеш і ставіш пад ложак: “Суджаны-ражаны, прыходзь да мяне вячэраць”. Спаць кладзешся — і абавязкова хтосьці прысніцца.
Ягор дапаўняе:
— Бабуля расказвала, як варажылі ў лазні з дапамогаю люстэркаў. Даваражыліся, што венікі на палку… падскокваць пачалі. Яны спалохаліся і далі драпака. Затым вярнуліся, а венікі па-ранейшаму “танцуюць”.
Ну як тут не прыгадаць гогалеўскіх персанажаў, каму самі ў рот скакалі варэнікі і чорт насіў па небе на мятле. Даруй, божа! Чаго не здараецца на Каляды. І не толькі на хутары ля Дзіканькі, але і на нашай багатай на гумар і фантазію Лепельшчыне.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: пасялкоўскія калядоўшчыкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.