В Лепеле провела прием Министр труда и социальной защиты Республики Беларусь Ирина Костевич

Надзённыя праблемы грамадзян пастаянна знаходзяцца ў полі зроку ўлады, кожны чалавек мае магчымасць у адносінах узнятай праблемы атрымаць кампетэнтны адказ спецыяліста — гэта ў чарговы раз пацвердзіў прыезд на Лепельшчыну прадстаўніка высокай улады. У пачатку тыдня ў райвыканкаме правяла прыём грамадзян па асабістых пытаннях Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч.

Першым да Ірыны Анатольеўны звярнуўся жыхар вёскі Бароўка Аляксандр Качубей, які паведаміў наступнае:

— Я з’яўляюся ваенным пенсіянерам. Пасля адыходу на пенсію працаваў у якасці індывідуальнага прадпрымальніка — аказваў паслугі па дастаўцы пасажыраў. Па прычыне перанесенага захворвання ў цяперашні час займацца гэтым відам дзейнасці не маю права. Аднак калі я займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, штомесяц плаціў адзіны падатак. Чаму ж у цяперашні час я не маю магчымасць атрымліваць другі від пенсіі?

Ірына Касцевіч на ўзнятае пытанне дала канструктыўны адказ:

— У нашай краіне існуе 2 віды пенсій: для грамадзян, якія працавалі ў звычайных умовах, а таксама для людзей, якія працавалі ў асобых умовах працы. Гэта шахцёры, лётчыкі, даяркі , настаўнікі і г.д. Яны атрымліваюць адпаведны від пенсіі — За асобыя заслугі — і пасля выхаду на заслужаны адпачынак працаваць у гэтай жа галіне не маюць права. Асабіста вы сталі пенсіянерам у 45 год. Аднак у грамадзян, якія сталі ваеннымі пенсіянерамі, як і іншым людзям, якія працавалі ў звычайных умовах працы, ёсць магчымасць працаваць далей у той ці іншай сферы. Адзіны падатак, які вы плацілі, аказваючы паслугі па дастаўцы пасажыраў у якасці індывідуальнага прадпрымальніка, паступаў не на рахунак раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта іншы від падатку, сродкі якога накіроўваюцца на аказанне медыцынскай дапамогі, бюджэтнае навучанне ў сярэдніх спецыяльных, вышэйшых навучальных установах і г.д. Таму права атрымліваць яшчэ адзін від пенсіі вы не маеце.

Аляксандр Качубей падзякаваў Ірыне Анатольеўне за змястоўны адказ.

Наступнай да Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь звярнулася жыхарка г.Лепеля Алена Мазго:

— Некалькі год таму мой сын атрымаў сур’ёзную траўму, стаў інвалідам, таму я займаюся яго доглядам. На вялікі жаль, мой грашовы даход невялікі — я атрымліваю толькі дапамогу па доглядзе інваліда. Займацца ж іншым відам дзейнасці не маю права, паколькі ў такім выпадку не змагу атрымліваць дапамогу па доглядзе. Аднак я маю навыкі шыцця. Ці маю я магчымасць займацца рамесніцкай дзейнасцю?

Ірына Касцевіч, дэталёва вывучыўшы пытанне Алены Мазго, шчыра параіла жанчыне:

— Мяркую, што для вас будзе вельмі зручны наступны варыянт. Дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда магчыма аформіць на іншага чалавека, напрыклад, кагосьці з вашых родных. Вы ж можаце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю — напрыклад, займацца пашывам адзення, знаходзячыся ў сябе дома. Такім чынам, вы маглі б ажыццяўляць догляд свайго сына, атрымліваць даход ад прадпрымальніцкай дзейнасці і разам з гэтым — дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда.

— Прызнацца шчыра, раней такі варыянт мы нават не абмяркоўвалі. Вялікі дзякуй за прапанову! — шчыра падзякавала Алена Мазго.

Пасля правядзення прыёму грамадзян Ірына Касцевіч наведала Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў, дзе пазнаёмілася з умовамі, якія створаны для працы і адпачынку людзей з інваліднасцю. Як адзначыла Ірына Анатольеўна, работа Цэнтра, адзінага ў нашай рэспубліцы ўстановы такога накірунку, арганізавана на высокім узроўні.

Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.