После знакомства с семьей Лесунов меня не оставляют противоречивые впечатления

img_4751 Пасля знаёмства з сям’ёй Лесуноў мяне не пакідаюць супярэчлівыя ўражанні. Не ўсё разумею, а ўсё болей дзіўлюся… Зрэшты, можа, я і праўда чагосьці не разумею, а шчасце, гэта не толькі яскравыя ўражанні і авантурныя прыгоды. Можа, вось яно і ёсць сапраўднае шчасце, ціхае і непрыкметнае, як у гэтай сям’і.

Падказала мне “адрас” даўняя мая добрая знаёмая. Маўляў, жывуць у нас у пад’ездзе хлопчыкі, гарэзлівыя, рахманыя, але паслухмяныя і душою добрыя. Бабуля сама на чацвёртым, спускаецца на першы паверх да дачкі. Назад ледзьве паўзе, ногі не слухаюцца. Аднак жа сама-сама ўсё, ёй праваднікі не патрэбныя — катэгарычная, настаўніца былая. Бывае, з гасцінцамі дадому вяртаецца. А гэтыя верабейчыкі пырхаюць туды-сюды, забаўляюцца, гукаюць, ведама, дзеці.
— Я іх па-настаўніцку і павучу, і паўшчуваю, і прыцішу. Слухаюцца. А пасля і ўвогуле прывыклі. Схопяць у мяне пакет: “Мы вам, бабуля, паднясём”. “А ён лёгкі”, — кажу. “Не-не, усё роўна паднясём”. Добрыя дзеці. У іх сям’я мнагадзетная, у іх яшчэ сястрычка ёсць маленькая.
Вось так і апынуўся я на пятым паверсе ў доме па вуліцы Горкага, дзе жыве сям’я Лясун.
Хлопцаў тых, на жаль, не бачыў. Быў яшчэ даволі ранні час, і Андрэй з Мікітам знаходзіліся ў школе. Вучацца ў СШ №3. Пагодкі, аднаму — пятнаццаць, другому — чатырнаццаць. Маці кажа, што музыкі. lyasuny-1Ходзяць у школу мастацтваў. Мікіта грае на басах, Андрэй — на барабане.
— Можа, музыкантамі будуць? — пытаюся.
— Андрэй хацеў, ды нешта за гэта лета перадумаў, — кажа Вераніка, іх маці, — а Мікіту ўжо праслухоўвалі і кудысьці адабралі, будзе вучыцца далей. А дзе, і сама не ведаю.
Ітак, хлопцаў дома няма, а толькі Вераніка з мужам і маленькая двухгадовая дачушка-гарэзніца Яна. Дзмітрый заскочыў на хвіліначку, яму ў рэйс. Працуе вадзіцелем у райспажыўсаюзе. Ледзьве паспею зрабіць сямейнае фота, як ён знікне за дзвярыма. Размаўляць будзем з Веранікай, у якой часу болей, бо ў яе адзін зараз клопат — маленькая Яначка, за ёй трэба вока ды вока. Пасля ўрокаў хлопцы прыбягуць, палёгку дадуць. А зараз вунь дачушка ўхапіла алоўкі і пайшла размалёўваць сцены ў кватэры.
— Ну які тут рамонт будзеш рабіць? — разводзіць рукамі маці.
— Дык можа не даваць…
— А яна пытацца і не будзе.
— Кім, Яначка, будзеш, калі вырасцеш?
Глядзіць. Пазірае падазрона на незнаёмага дзядзьку.
— Начальнікам будзе, — адказвае за дачку Вераніка. — Яна тут усімі камандуе. Вось зараз хлопцы прыйдуць, пачуеш: “Стаяць!”.
— Вялікім будзеш начальнікам?
— Ага, — згодна малая ківае галоўкаю.
…Вучыліся Вераніка і Дзмітрый у адной школе, абодва закончылі СШ №3, затым — у адным тэхнікуме і нават на адным аддзяленні — гідрамеліярацыі. Толькі курсы розныя. Праўда, па спецыяльнасці фактычна не працавалі. На розных пераспрабавалі працах. Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей, пакуль ён не апынуўся ў райспажыўсаюзе, а яна — на запраўцы лукойлаўскай, адкуль і пайшла ў дэкрэтны.
Знаёмыя даўно. Пажаніліся, кааператыўна пачалі будаваць кватэру. Грошы патрэбны былі, вось і шукалі працу грашовую. Добра, у той час можна было ўзяць выгадны крэдыт на сорак гадоў. І бацькі дапамагалі.
— І мае бацькі дапамагаюць, — кажа Вераніка, — і вельмі значную дапамогу свекрыві адчувалі. Там агарод апрацоўваем, былі і куры, і козы, і свінні. Так што і агародніна ў нас свая, і мяса не з магазіна.
Гэта сапраўды шчасце, бо ў горадзе жыць з капейкі мнагадзетнай сям’і было б вунь як няпроста. Кватэра кватэраю, а яе ж трэба абставіць. Вунь і тэлевізар вялікі вадкакрышталічны купілі, і машыну “Фіат” маюць. Абодва вадзіцелі.
— І куды ж вы ездзіце, дзе праводзіце вольны час?
— А ён хіба ёсць, час той вольны? — здзіўлена падымае вочы Вераніка. — Муж дома рэдка бывае, праца такая, што і ў выхадныя знаходзіць. А тут, самі разумееце, пялёнкі-распашонкі, памперсы.
— Няўжо так за ўсё жыццё нідзе і не былі, нікуды не вандравалі?
— Не, ці тут да вандровак, хіба што ў лес у грыбы ці на рыбу з’ездзім.
Вось гэта мяне і здзівіла, гэта і ўразіла. Выходзіць, бывае ўсё ж шчасце ціхае, без заморскіх курортаў, без далёкіх вандровак і падарожжаў. Бывае шчасце і вось такое, як у Лесуноў, для каго ў родным Лепелі — і Парыж, і Рым, і Вена, і Венецыя. Ёсць у сямейным шчасці штосьці большае, чым далёкі і недасяжны Рым. І тады пялёнкі з распашонкамі становяцца самымі важнымі ў жыцці. Што ж, у гэтым ёсць свая логіка, філасофія і свая жыццёвая праўда.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Дзмітрый і Вераніка Лясун з дачкой Янай; браты Андрэй і Мікіта.
Фота аўтара
і з сямейнага архіва Лесуноў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.