И почему девятиклассник Димка Миронович из Лепеля мечтает стать именно альпинистом

img_3948 Дзе ж нам у Беларусі знайсці тыя горы, асабліва на суглініста-балоцістай Віцебшчыне і, прынамсі, у азёрным лепельскім краі. І чаму дзевяцікласнік  Дзімка Мірановіч з Лепеля марыць стаць менавіта альпіністам — лепей у яго самога і спытайцеся.

— Прамысловым альпіністам, — удакладняе Дзімка.
Добра, хоць прамысловым. Будзе, напэўна, вунь дрэвы пілаваць, як Ілья Малееў, але ж гэта таксама небяспечна.
Зрэшты, Дзіма, відаць, з тых людзей, якія дасягаюць сваёй мэты. Няхай сабе ў выдатніках не ходзіць, аднак праз год, калі ўжо можна будзе вызначацца з профілем, хацеў бы выбраць фізіка-матэматычны. Праўда, для гэтага давядзецца крыху падцягнуцца. Падцягнуцца не на турніку — там ён майстра, — а менавіта па фізіцы ды матэматыцы. Тут усё больш складана.
Справа ў тым, што ў Дзімкі, шчыра кажучы, крыху іншы жыццёвы профіль. І фізкультура ў яго любімы прадмет. І фізрук Вадзім Сігізмундавіч Станкевіч — любімы яго настаўнік у СШ №3, дзе хлопец вучыцца. А любімы занятак — турызм.
Вось і сёлета накіраваліся падлеткі з розных школ раёна, якія займаюцца турызмам у гуртку цэнтра дзяцей і моладзі, у сплаў на байдарках па Уле.
— Ну, расказвай. Чакаю пачуць аб цікавых прыгодах.
— А што расказваць? Было нас чалавек дваццаць, а можа і болей. Да месца старту дабіраліся на аўтобусе. Затым гадзіны тры-чатыры збіралі байдаркі.
— Колькі ў вас байдарак было?
— Штук дзесяць.
Хлопец даволі спакойны і флегматычны, як тая плынь на ціхай Уле. І наўрад ці дачакаюся ад яго цікавага прыгодніцкага расказу. Распавядае павольна, узважвае кожнае слова. Няўжо так ні разу і не “занясе” яго па ціхай плыні ў круты вір авантуры?
— Эх, байдарачнік з цябе, напэўна, лепшы, чым апавядальнік…
— Што расказваць. Мы былі на байдарцы ўдвух з Кірылам Козелам, мой сябар па турызме, зараз у першай школе вучыцца. Плылі, можа, гадзіны дзве-тры. Планавалі дайсці да Заслонава. Перавыканалі план, апярэдзілі іншых. Аляксей Аляксандравіч Багавец (адзін з кіраўнікоў) нас дагнаў і завярнуў назад. Зрабілі прывал у Зорніцы.
— Слухай, чаму табе падабаюцца паходы?
— А чаму яны не павінны падабацца! Палаткі, вогнішча начное, макароны з тушонкаю… Ведаеце, як гэта крута ўсё — на свежым паветры, на прыродзе!
— Ты ўжо колькі часу ў гуртку?
— У Аляксандра Уладзіміравіча Волчака займаюся тры гады.
— Хадзіў дагэтуль у паходы?
— Вядома. У мінулым годзе, напрыклад, плавалі па Бярэзіне да Барысава… Дык вось, а раніцай — зноў у дарогу. Гэта ў першы дзень мы прайшлі кіламетраў дзесяць, у астатнія ж усе 25 — 30 трэба было. Урэшце амаль да самага Полацка дайшлі. Кіламетраў пятнаццаць ад горада спыніліся і павярнулі назад. Сем дзён у паходзе былі.
— І што запомнілася?
— Чапелькі шэрыя. Іх Аляксей Аляксандравіч фатаграфаваў. Арэлі. Мы неяк на прывале ў вёску па ваду пайшлі, а там — арэлі. І накаталіся ж!
Быццам бы ён у паход хадзіў, каб на арэлях пагушкацца. Зрэшты, у кожнага сваё ўяўленне аб рамантыцы. Хтосьці едзе “за туманом и за запахом тайги”. А яго вясковыя прыгоды на арэлях нагадалі мне “крылатые качели” з фільма “Прыгоды Электроніка”. Нездарма ж і сабаку свайго дома Дзімка назваў Рэссі. Штосьці ёсць у яго ад тых прыемных “электронных хлопчыкаў”, якіх у часы нашага дзяцінства ведала ўся краіна. Што? Надзейнасць, уменне сябраваць. Нездарма ж Дзімка сярод лепшых чалавечых якасцяў назваў адкрытасць і шчырасць. Ён умее знаходзіць сяброў. Вось і ў гэтым паходзе былі разам з Сашам Аляксеевым, Кірылам Пятровічам, Ванем Конкіным, заслонаўскімі сваімі сябрамі. Ёсць у яго сябры і ў роднай школе. Адзін з іх, наш агульны “УКантакце” Жэня Ганчаронак, сказаў пра Дзімку так: “Гэта мой лепшы сябар. І ён, можа, адзін з лепшых хлопцаў у школе”. Згадзіцеся, такія сяброўскія водгукі дарагога каштуюць.
Дзімка — чалавек даволі разнастайных інтарэсаў. Турызм. На спаборніцтвы па турыстычным мнагабор’і ездзілі ў Полацк, Оршу, Віцебск. У футбол заўсёды гуляе з сябрамі на двары. Дома ж працуе з паяльнікам. Акрамя таго, сабака з “электроннай мянушкай”. І нарэшце — альпізм, як далёкая, амаль недасяжная мара. Зрэшты, чаму недасяжная? Свет такі шматколерны і такі цікавы — варта толькі ўмець захапляцца. А ў дзяцінстве гэта так лёгка, дастаткова толькі пабудаваць лесвіцу ўяўлення. Глядзіш — і ты ўжо на вяршыні сваёй юначай мары.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Дзмітрый Мірановіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.