Посоветовали мне познакомиться с общественными активистками и отличницами

img_6414 Людзі радняцца не заўсёды па крыві. Юлія Вашкевіч і Крысціна Царова — сяброўкі. “Яшчэ з дзіцячага садзіка,  нават з яслей сябруем, — прызналіся дзяўчаткі. — Ды якое там сяброўства, мы ўжо як сёстры”. І нездарма ў СШ №3, дзе яны вучацца, параілі мне пазнаёміцца з грамадскімі актывісткамі і выдатніцамі. І калі хацеў напісаць пра кагосьці аднаго з іх, запярэчылі: “Юлю з Крысцінай падзяліць немагчыма, ды і не варта”.

І сапраўды… Вось яны перада мною: спакойная, флегматычная, не надта гаваркая і вельмі ж “дарослая” для сваіх шаснаццаці Юлечка і больш шустрая, ахвочая да нязмушанай гаворкі, шчырая, цалкам сучасная яе сяброўка Крысцінка. Яны хораша дапаўняюць адна адну, і было б проста нелагічна апавядаць пра адну, ні слова не сказаўшы пра другую. Выдатніцы…
— Вам падабаецца вучыцца? Не стаміліся?
— А ўжо хутчэй бы са школы, паступіць і акунуцца ў новае жыццё, — уздыхае Юля.
— Чаму, — пярэчыць Крысціна, — у школе прыкольна. І часам, калі захварэеш і доўга дома сядзіш, цягне сюды. Тут хораша, весела. У нас клас самы-самы…
— Ці такі ўжо самы-самы? Кожны свой клас хваліць.
Кажу так, а ў думках сам сабе пярэчу. Няпраўда, далёка не кожны падлетак пахваліць свой клас.
— Не, наш самы класны. Гэта кожны ведае.
— Дык аргументуйце, чаму так…
Дзяўчаты задумаліся, а мне цікава, што скажуць аднакласнікаў камандзір і яго намеснік. Цікава, зараз у школе пабудавана цэлая кіраўнічая “вертыкаль”: ёсць камандзір і намеснік, асобна — стараста (штосьці накшталт “загадчыка гаспадаркі”), які адказвае за работу з ветэранамі, за дзяжурствы ў сталовай, за ўборку ў класе. А яшчэ ж вучнёўскі камітэт, а яшчэ ж БРСМ. Адным словам, чалавек дзесяць у класе ў “начальстве” ходзіць, хіба што кабінетаў асобных не маюць. І ў кожнага “начальніка” — свая сфера адказнасці. Той адказвае за культурныя мерапрыемтвы, гэты — за чысціню і парадак… А камандзір, Юля, вядома ж, за ўсё разам.
— Мы класам і на экскурсіі ездзім, і ў паход хадзілі, і на ўсіх мерапрыемствах заўсёды разам.
— Слухаюцца вас, дзяўчаты?
— Прывыклі слухацца.
— І хлопцы таксама?
— І хлопцы нашы класныя. Вось нядаўна дапамаглі нам навесці парадак на дыскатэцы, затрымалі парушальніка. Яны, нашы хлопцы, вядома ж, больш паміж сабой сябруюць, у іх асаблівая дружба, яны таксама як браты, аднак за клас гарою.
“Самы класны” адзінаццаты “Б” вунь падрыхтаваў сустрэчу з выпускнікамі і ўжо прымерваецца да чарговага школьнага мерапрыемства “Пакаленне-next-2018”. І як яны ўсюды паспяваюць, нашы сяброўкі-выдатніцы? І на школьных алімпіядах, і на дыскатэках, і ў гушчыні “бээрэсэмаўскіх спраў”. Нядаўна ездзілі на конкурс даследчых работ у Віцебск, дзе падмянілі хлопца, які захварэў і не змог паехаць. Нездарма ж педагогі імі не нахваляцца. А яшчэ ж танцуюць у РДК у эстрадным тэатры танца “Капрыз”. І амаль кожную суботу бываюць на дыскатэках, то ў РДК, то ў школе.
— Быць дарослым у шаснаццаць, напэўна, не вельмі прыкольна?
— Чаму ж, мне падабаецца, — кажа Юля. — Калі пашанцуе, паступлю ў БНТУ ці ў Акадэмію кіравання.
— І будзеш кіраўніком?
— Не выключаю.
— Дарослым быць цікава, але не падумайце, не такія мы ўжо і дарослыя, — разважае Крысціна, — летам вунь адпачывалі на дачы ў мяне: загаралі, купаліся, шашлыкі, хлопцы на матацыклах. Ды звычайныя мы, як усе. І “УКантакце” пасядзець цікава.
— Што там забыліся?
— Перапісваемся. Сядзім у групах, “паблікамі” абменьваемся — смешнымі такімі карцінкамі. Музыку слухаем. Падабаецца Элджэй, “Скіптанід”, “Фядук”.
— Што за музыка?
— Рускія песні, чымсьці падобныя да папсы, у асноўным танцавальныя рытмы.
— Аб чым марыце?
— Аб падарожжах. Паездзіць па свеце, паглядзець, як жывуць людзі. І паездзім абавязкова.
— А не думаеце, што ўжо хутка пачнецца новае жыццё, студэнтамі станеце, раз’едзецеся па розных гарадах. Вось так часам і заканчваецца юначая дружба.
— Гэта не пра нас. Ужо іншы час, электронныя сродкі сувязі. Ёсць вайбер, скайп. Мы не збіраемся расставацца.
Рознае жыццё, розныя густы, розныя кветкі любяць. І ўжо неўзабаве знойдуцца тыя, хто падорыць Юлі любімыя чырвоныя ружы, а Крысціне — белыя ліліі, а таксама сямейнае шчасце. Ды, спадзяюся, не знойдзецца таго, хто здолеў бы разлучыць іх.
На здымку: неразлучныя сяброўкі Юлія Вашкевіч і Крысціна Царова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.