А дома она хозяюшка. И приготовит, и посуду помоет, и в доме уберет

burakova-2У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе камп’ютарны гурток. Марыя Буракова — адна з яго кіраўнікоў. Навучае людзей з абмежаванымі магчымасцямі камп’ютарнай грамаце. Здавалася б, справа звычайная. Ці мала ў нас праграмістаў? Незвычайнасць сітуацыі ў тым, што Марыя сама з’яўляецца чалавекам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таму мае права бачыць і ацэньваць сваіх вучняў іншымі вачыма, аналізаваць сітуацыю як бы знутры.
Жылі ў Новалукомлі, ды бацька загінуў, і па сямейных абставінах мусілі з маці пераехаць у Лепель. З кватэраю, можна сказаць, пашанцавала. Пабудавалі двухпакаёўку пад ільготны крэдыт. Маці ўладкавалася ў дзіцячы садзік. Марыя заканчвала школу. Дыягназ “ДЦП” не стаў для яе прысудам. Дзяўчынка вучылася ў СШ №3 у звычайным класе, разам з усімі. Няблага паспявала. Разумніца, адно што рухацца ёй складана. Бачыла, як іншыя дзеці бегаюць, гарэзнічаюць, забаўляюцца. Вядома, было крыўдна, ды што крыўдаваць на лёс. Маці вучыла, ды і сама разумее, што трэба змагацца за жыццё, чапляцца за яго, бо ніхто нічога на талерачцы з блакітнай лямовачкай не паднясе.
Выпускны клас заканчвала на хатнім навучанні, атрымала годны атэстат. Марыла вучыцца ў каледжы электронікі, ды медкамісія не дазволіла. Добра, неўзабаве знайшла сябе ў аддзяленні для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Спачатку прыходзіла туды проста як наведвальніца. Пасля вызвалілася месца кіраўніка камп’ютарнага кружка, і ёй прапанавалі працу. Праца хоць і невялікая, на палову стаўкі, і заробак адпаведны, аднак да пенсіі па страце кармільца, якую Марыя атрымлівае, істотны даважак. А любая праца патрабуе адпаведных навыкаў. Няпроста было трапіць ёй і на камп’ютарныя курсы, але прыклала намаганні і чатыры месяцы ўдасканальвала сваё камп’ютарнае майстэрства, першапачатковыя навыкі якога атрымала яшчэ ў школе. Адначасова пачала вучыцца на бібліятэкара, бо каб кіраваць камп’ютарным гуртком, патрэбна была сярэдняя спецыяльная адукацыя.
Першы год навучала камп’ютарнаму майстэрству пенсіянераў. Кажа, што з пажылымі людзьмі прасцей было працаваць. Прыходзілі менавіта тыя, хто вельмі хацеў ухапіць за хвост новую электронную эпоху. Нават адна сямідзесяціпяцігадовая вучаніца была. Заняткі былі платнымі. Пенсіянераў цікавілі простыя рэчы: уменне працаваць са скайпам, вайберам перасылаць паведамленні па электроннай пошце, заходзіць у сацыяльныя сеткі і ў “тэлеграм”. Часам людзі выказвалі жаданне вучыцца на сваім камп’ютары, і яна штотыдзень хадзіла па пятніцах дахаты да трох чалавек.
Другі год навучае моладзь. Працуюць у звязцы з другім кіраўніком гуртка Арцёмам Марчанкам. У моладзі ў кожнага свой характар, розныя магчымасці і здольнасці. Гэта Марыя добра разумее, а таму стараецца патрапіць пад настрой сваіх вучняў і дагадзіць іх жаданням. Такая праца патрабуе вялікай эмацыйнай нагрузкі. Ды і аказаць першую дапамогу трэба ўмець і быць гатовай. Бо часам у інваліда можа здарыцца прыступ хваробы. І таму “моцнае мужчынскае плячо” калегі бывае дарэчы. Знайсці да кожнага наўпрост сцежку і дапамагчы рэалізавацца — вось яе сённяшняя надзённая задача.
Разам з калегам навучаюць дваццаць дзевяць чалавек. У Арцёма ёсць таксама і “надомнікі”.
Гурток стаў для Марыі жыццём, а святло манітора — прасветлінай у гэтым даволі суровым жыцці, дзе трэба змагацца за сябе і неяк выжываць. На працу дабіраецца з хадунком, бо хоць на роўнай паверхні хада дастаткова ўпэўненая, ды ці мала што — і слота, і галалёд. Добра, што блізка. Амаль побач, на вуліцы Горкага, жывуць з маці.
Марыя шчыра прызнаецца, што ў будучыню глядзіць з трывогаю. Разумее, што і маці не вечная, усялякае можа быць. Аднак панікаваць не збіраецца. Яна ж яшчэ такая маладая, ёсць спадзеў на асабістае шчасце. Раскісаць не выпадае, бо ад гэтага не стане лягчэй. Трэба церабіць і церабіць сабе сцежку па жыцці.
А дома яна гаспадынька. І згатуе, і посуд памые, і ў хаце прыбярэ. У вольны час таксама не сядзіць склаўшы рукі. Ужо з дзяцінства вышывала, пляла з бісеру і саломкі, ляпіла з гліны. Пашанцавала на творчую настаўніцу. Вядомы майстар саломапляцення Святлана Чэрнікава займалася з ёю. Нават на конкурс у “Зорьку” работы адпраўлялі. Святлана Сямёнаўна стала для яе не толькі настаўніцай, але і добрым сябрам. Дзякуючы ёй трапіла на лячэнне ў Германію. Лячэнне патрэбна — масаж, якасныя працэдуры. Добра, калі раз у год выпадае падлячыцца — ездзіць у беларускі санаторый у Друскінінкай.
Марыя не скардзіцца на лёс, а ўпарта працягвае сама рабіць сваё жыццё, і гэта выклікае павагу.
На здымку: Марыя Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.