Построить своими руками пробуют учащиеся лепельского колледжа

img_3102У памяшканні сталовай, што ў свой час працавала ў прафесійна-тэхнічным ліцэі, кіпіць праца. Памяшканне — не пазнаць. Яно хутчэй нагадвае будаўнічую пляцоўку. Таццяна Шарапава, майстар вытворчага навучання,
праводзіць тут з падлеткамі, будучымі будаўнікамі, вытворчую практыку. Як высветлілася, гэта практыка азнаямленчая. Яе праходзяць другакурснікі, якія авалодваюць спецыяльнасцю “Прамысловае і грамадзянскае
будаўніцтва”.
Хлопцы з задавальненнем бяруцца за кельмы, цягаюць мяхі з цэментам, размешваюць раствор і вучацца рабіць кладку. Бачна, што ім усё гэта падабаецца. Ну, напэўна ж, нездарма пайшлі вучыцца на будаўнікоў. Знаёмімся. Кірыл Бардашэвіч з Лепеля, Глеб Дубко з Докшыцаў і Даніла Гапееў з Бягомля.
— Кладку навучыліся тут рабіць, на дзесяць-дванаццаць міліметраў, — з веданнем справы разважае Глеб.
— А што паспелі зрабіць за час практыкі? — пытаюся.
— Чысцілі столь па швах, — распавядаюць хлопцы, — фарбавалі сцены, плітку адмывалі на падлозе. Праца руцінная, але ж трэба працоўнае месца прыбіраць.
Зразумела, Кірыл — мясцовы, а што ж прывяло ў наш каледж іншагародніх? Аказваецца імідж гэтай установы. Навучаюць на будаўнікоў і ў Мінску, але мае суразмоўцы выбралі Лепель, бо так ім параілі сябры, якія ўжо тут вучыліся. У Глеба ж і ўвогуле брат-блізня паступіў у наш каледж раней і вучыцца ўжо на трэцім курсе. Так што хлопец падумаў і паступіў сюды пасля дзясятага класа ўслед за братам, не чакаючы, пакуль ён закончыць сярэднюю школу.
Даніла ж хацеў спачатку вучыцца на кранаўшчыка, але яму параілі паступаць на будаўніка. Задаволены, не шкадуе. Зрэшты, на гэтым можна і не спыняцца. Пасля каледжа ёсць магчымасць паступаць вучыцца далей па абранай спецыяльнасці і ўжо са скарочаным тэрмінам навучання. Магчыма, гэты варыянт нашы хлопцы і скарыстаюць, балазе ў іх някепская паспяховасць, дастаткова высокія балы. Крышачку пастарацца яшчэ — і ўсё атрымаецца. Можна таксама і простым будаўніком папрацаваць. Напрыклад, у Данілы бал дасягае васьмёркі, а спецыяльнасць, ён лічыць, гэта добрая, перспектыўная. Будаўнічыя веды і спрыт усюды патрэбныя.
Даніла з Глебам жывуць у адным інтэрнацкім пакоі. Тут ім падабаецца, як, зрэшты, і наш горад, дзе вучацца. Бадай на кожныя выхадныя яны ездзяць дадому. Цікава, што ў Докшыцкі раён навучэнцаў дастаўляе на сваім транспарце каледж. Аўтобус адпраўляецца кожную пятніцу а палове шаснаццатай гадзіны. На аўтобусе каледжа паездка атрымліваецца ўдвая таннейшая.
Аднак вернемся да рэканструкцыі ў памяшканні былой сталовай. Майстар Таццяна Шарапава распавядае, што тут неўзабаве будуць два класы. У адным размесціцца клас для навучання повароў, а ў другім — вучэбны магазін. Будучыя прадаўцы асвояць працу на касавых апаратах, у тым ліку і на сучасным касавым камп’ютарным абсталяванні, якое ўжо закуплена.
Таццяна Аляксандраўна работай падлеткаў задаволена. Па яе словах, крыху раней тут працавалі навучэнцы-трэцякурснікі групы №268, якія праходзілі практыку для атрымання кваліфікацыі рабочага-тынкоўшчыка. Яны прыводзілі ў парадак старую тынкоўку на сценах, наносілі дэкаратыўную тынкоўку, рамантавалі адкосы, шпаклявалі і бялілі столь. А напрыканцы практыкі іх чакалі два экзамены: практычная работа і тэарэтычны экзамен на атрыманне пасведчання і прысваення адпаведнага разраду. Зараз жа трынаццаць навучэнцаў другога курса на практыцы асвойваюць будаўнічую прафесію ў сценах роднай навучальнай установы.
Як мне падаецца, гэта вельмі добры метад — вучыць прафесіі будаўнікоў менавіта на сваіх аб’ектах, дзе ўсё знаёмае, усе навідавоку, дзе працуюць знаёмыя выкладчыкі і г.д. Ды і што казаць: рамонты сваімі рукамі і самабудаўніцтва для каледжа выгадней і эканамічней. Таму тут шырока выкарыстоўваецца гэты метад. Навучэнцы-практыканты рамантавалі пакоі ў інтэрнатах, працавалі на рэканструкцыі сталовай, якая зараз дзейнічае ва ўстанове. Нарэшце, завіхаюцца на рэарганізацыі ў памяшканнях былога ліцэя. Вядома, складаную і адказную працу яны робяць не адны, а разам з будаўнікамі і пад іх патранажам. Самі ж прафесійныя будаўнікі перакрывалі дах над гэтымі памяшканнямі.
Працуючы поруч з вопытнымі спецыялістамі, падлеткі атрымліваюць працоўны вопыт і самі. А той факт, што моладзі давяраюць працу на важных участках будоўлі, толькі на карысць як самім навучэнцам, так і ўстанове.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.