Повесил в шкаф милицейский мундир и стал гражданским человеком

Вось у каго павучыцца дысцыпліне, дык гэта ў пчолак. Мы ўсё людзей да працавітасці заклікаем, кажам, што праца чалавека ўзвышае, акрыляе, асабліва калі любімая праца, змагаемся за дысцыпліну і парадак. Гэта між людзей. А ў пчолак усе праблемы вырашаны: яны даўно акрыленыя, бо працаваць — дык працаваць, да стомы, і нават часам да змору — каб есці было што зімою. Салодкага жыцця гэтыя божыя казяўкі не патрабуюць. Яны яго ствараюць самі. Трутня — за борт і прэч з вулля.
Канстанцін Віктаравіч, калі завёў пчол, не перастае здзіўляцца, як у іх усё дасканала арганізавана і прадумана. У людзей — зусім па-іншаму. Ён ведае, бо гэтай самай арганізацыі і навядзенню парадку прысвяціў, можна сказаць, усё сваё свядомае жыццё.
Пчолак былы начальнік раённай міліцыі Канстанцін Баравік разводзіць толькі апошнія гады, з таго часу, калі выйшаў у адстаўку. Пчаліным настаўнікам сваім лічыць Аляксандра Кляшторнага з Паддуб’я, які зацікавіў салодкай ідэяй. І паставіў на бацькаўшчыне, у Малым Поўсвіжы, Канстанцін пару дзясяткаў вулляў — паспрабаваць. І захапіўся.
Малы Поўсвіж — яго радзіма. Зрэшты, і мая таксама, калі браць матчыны карані. Цётка мая там да нядаўняга часу жыла, а брат стрыечны і зараз суседнічае агародамі з Баравіковым лецішчам. Мірна суседнічаюць, сябруюць. Генка на трактарку часам дапамагае суседу яго грэчку апрацоўваць.
Гэта ў Лепелі ён Канстанцін Віктаравіч, а там, на малой радзіме, па-ранейшаму Косцем называюць. І я памятаю яшчэ таго Косцю Баравіка, што працаваў напрыканцы васьмідзясятых у нас участковым — малады, энергічны, строгі. У той час участковых было ўсяго шасцёра на ўвесь раён. Абслугоўвалі па тры сельсаветы. Вось і ў Баравіка былі ў падпарадкаванні Валосавіцкі, Лепельскі і Чэрскі сельсаветы. Да апошняга належалі і Горкі, і Заслонава, і Межыца. Працы было па вушы.
71 Але як ён апынуўся ў міліцыі? Рос Косця ў працавітай сялянскай сям’і. Маці шчыравала ў полі, бацька ездзіў на працу ў горад. Працавалі бацькі, дзе тут за кожным сынавым крокам усочыш! І быў ён, трэба сказаць, падлеткам шустрым ды баявым. Асабліва любілі з хлопцамі ў “вайнушку” пагуляць, ведама, пасляваеннае пакаленне. А на палях тады яшчэ ўсяго хапала — з тае самае вайны. Чаго толькі дзеці не знаходзілі. Зараз як падумае, валасы дыба становяцца. Ужо з пятага-сёмага класа вазілі сена ў калгасе — зараблялі на марожанае, якое ў той час, зрэшты, было дэфіцытам. Хіба што на выбары прывозілі ў вёску.
Закончыў Поўсвіжскую школу, два гады хадзіў у СШ №3. Паступаў у ваеннае вучылішча, ды не прайшоў. Косця з дзяцінства марыў стаць пагранічнікам. Ды вось з матэматыкай не сябраваў. Літаратура ішла як па масле, а “царыца навук” скарацца не хацела. Урэшце, калі прыйшоў час служыць, папрасіўся на граніцу. А туды абы-каго не бралі. Правераць спачатку усю радаслоўную, раптам хто са сваякоў па пяцьдзясят восьмым артыкуле праходзіў. Нават у вочы зазіралі. Вочы блакітныя, нос курносы — падыходзіш. Адбіралі юнакоў выключна славянскай знешнасці. Такім чынам, з пяцісот чалавек на ўліковым пункце адабралі ўсяго сорак чатыры.
Урэшце трапіў Канстанцін у Чарнавецкі памежны атрад, на кантрольна-прапускны пункт Вадул-Сірэт. Гэта Заходняя Украіна. Ахоўвалі савецка-румынскую мяжу паблізу ад Малдавіі. Служба была цікавая — малодшым кантралёрам. Правяралі цягнікі. За час службы на дзевяць тысяч рублёў канфіскавалі кантрабанды.
Праслужыў паўтара года і вырашыў пайсці ў Вышэйшае пагранічнае каманднае вучылішча. Аднак далейшая вайсковая кар’ера не задалася. Вярнуўся даслужваць тэрміновую. А пасля арміі падаўся ў міліцыю, якую тады ўзначальваў Каленчыц.
З год працаваў шараговым міліцыянерам. Аднак хацелася большай самастойнасці. Канстанцін паступае ў Мінскую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі імя Фрунзе і становіцца ўчастковым. Дзевяць гадоў працуе на гэтай пасадзе. Так, работы было шмат, аднак ён добра запомніў словы Эдуарда Аўчыннікава, які ў той час быў намеснікам начальніка: “Косця, прыйдзеш на ўчастак — працуй дні і ночы. Працуй на аўтарытэт. Заробіш — потым аўтарытэт будзе працаваць на цябе”.
Так яно ўрэшце і здарылася. Імкліва рос аўтарытэт Канстанціна Баравіка. Асабліва адказнаю была праца ў крымінальным вышуку. Калектыў там быў надзвычай моцны. Мяркуйце самі, Уладзімір Папко, Генадзь Смулько, Мікалай Наваёнак, Ігар Пусташыла. Усе вядомыя ў раёне людзі, пасля хто былі намеснікамі, хто ўзначальваў аддзелы міліцыі ў розных раёнах. У той час крымінальны вышук раскрываў па шэсцьсот — семсот злачынстваў. Працавалі без выхадных, пасля працы, у шэсць гадзін вечара ніхто нават і не думаў разыходзіцца — спраў хапала. Сям’і, можна сказаць, не бачылі.
Жонка — у аўтапарку, Канстанцін прападаў у міліцыі, дочкі раслі самастойна. Аднак па прыкладзе дысцыплінаваных бацькоў выраслі прыстойнымі людзьмі. Алена выбрала прафесію бацькі, яна юрыст, Алеся працуе майстрам на МКК.
Імкліва прасоўвалася кар’ера Баравіка. У дзевяноста сёмым Наваёнак з Аўчыннікавым сыходзяць на пенсію, і новы начальнік міліцыі Валянцін Гарадзенка прапануе Канстанціну ўзначаліць крымінальны вышук і стаць намеснікам начальніка РАУС. Пакуль прайшоў зацвярджэнне: трэба было адпаведныя нарматывы здаваць і ўсё іншае. А тут зноў змены. І ўжо ў дзевяноста восьмым Канстанцін Віктаравіч спачатку выконвае абавязкі кіраўніка, а затым і ўзначальвае раённы аддзел міліцыі.
Пяць гадоў кіраваў райаддзелам. Урэшце вырашыў сысці з дыстанцыі. Гады свае міліцэйскія выслужыў, да падпалкоўніка даслужыўся — хопіць! Прапаноўвалі ў Мінск, у камітэт па арганізаванай злачыннасці — таксама не пайшоў. На той час ужо цяжка хварэла маці, куды тут ад’язджацца. Ён у яе адзін.
Павесіў у шафу міліцэйскі мундзір і стаў чалавекам грамадзянскім. Працы, праўда, не кінуў, яшчэ ж мае сілы. Зараз узначальвае аддзел аховы і гаспадарнічае на МКК. Ужо дзядуля — дзвюх унучак і ўнука мае. Унука-другакласніка выхоўвае ў дысцыпліне і вельмі спадзяецца, што той стане вайскоўцам і спраўдзіць такім чынам дзядулевы мары юнацтва пра службу на памежжы. Дзядуля, як заўжды, строгі, але справядлівы. Зрэшты, такім Канстанцін Баравік быў і ўвесь час, калі лавіў злачынцаў — злодзеяў, гультаёў і г.д. Чалавек павінен працаваць як пчолка, каб жыць салодка, бо трутням у хаце не месца. Пчолкі лепей ведаюць, як жыць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Канстанцін Баравік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.