Примите искреннюю благодарность за добросовестный, самоотверженный труд и инициативу

img_7208У прызначаны час актавая зала школы мастацтваў запоўнілася так, што многія гледачы і госці сядзелі на прынесеных крэслах, стаялі ў праходах — не кожны канцэрт эстраднай зоркі збярэ столькі гледачоў. Гэта яшчэ адна нагода пераканацца, што Лепельшчына багатая працавітымі людзьмі, якія кожны дзень на сваіх рабочых месцах ствараюць агульны дабрабыт.
Фае школы мастацтваў стала месцам сустрэчы старых сяброў. Што ні кажы, а лепяльчане, асабліва людзі працоўныя, ведаюць адзін аднаго. “Прывітанне, Сяргей! Як сам, як жонка, дзеці? Сын дзе вучыцца?”. “Здароў, Валодзя, даўненька не бачыліся. Ва ўніверсітэт паступіў. А твае як? Перадавай ім ад маіх прывітанне, на днях можа ў госці завітаем”. Падобныя размовы-дыялогі чуліся з усіх куткоў, мужчыны моцна паціскалі адзін аднаму рукі, жанчыны абдымаліся.
img_7231Разам з радасцю сустрэчы атмасфера была напоўнена і хваляваннем. Не кожны ж дзень ім уручаюць Ганаровыя граматы райвыканкама, адзначаючы іх ударную працу.
— Шчыра прызнаюся, нязвыкла адчуваю сябе ў касцюме і пры гальштуку. Я ж вадзіцель, мне прывычней у спяцоўцы, рабочым касцюме, — казаў моцны, каржакаваты мужчына, а дужыя, мазалістыя рукі пацвярджалі яго словы.
Хваляваліся арганізатары, бо трэба зарэгістраваць усіх узнагароджаных, правесці і рассадзіць іх у зале ў парадку выклікання. Хваляваліся і артысты, асабліва маленькія, многім з іх перад такой вялікай аўдыторыяй даводзілася выступаць упершыню.
Нарэшце госці расселіся па крэслах, гучаць фанфары — канцэрт-віншаванне пачаўся.
-2-
З прывітальным словам выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра:
— Традыцыйна ў гэтыя дні, калі ў многіх працоўных калектывах ужо падведзены вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці за мінулы год і вызначаны планы на бягучы, з гэтай сцэны гучаць самыя цёплыя словы падзякі і прызнання чалавеку працы. Сёння мы з вамі сабраліся віншаваць лепшых з лепшых працаўнікоў раёна і цэлыя калектывы, якія сваёй самаадданай працай заваявалі заслужаны аўтарытэт сярод калег і ўсеагульную павагу. Дзякуючы стваральнай працы лепяльчан па шэрагу пазіцый нашаму раёну ўдалося дасягнуць станоўчай дынамікі. Так, працоўныя калектывы вырабілі прамысловай прадукцыі на 186,3 мільёна рублёў, што на 3,1 працэнта вышэй за леташні паказчык. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці вырасла на 5,3 працэнта, зменшыліся складскія запасы, якія складаюць 17,2 працэнта. Экспарт тавараў вырас удвая, а экспарт паслуг — у 1,3 раза. Адкрыта шэсць новых гандлёвых аб’ектаў і шэсць аб’ектаў грамадскага харчавання ў Лепелі і Бароўцы.
img_7163У сельскай гаспадарцы мы змаглі падняць надоі малака ад каровы на 139 кілаграмаў, што склала 4534 кг. Вытворчасць птушкі павялічана на 23,2 працэнта, зерневых і зернебабовых — на 12,4 працэнта.
Пабудавана больш за дзесяць тысяч квадратных метраў жылля, уведзены ў эксплуатацыю 70-кватэрны дом у Заслонаве і 38-кватэрны ў Лепелі, распачата будаўніцтва двух 40-кватэрных дамоў у райцэнтры. На завяршальнай стадыі ўвод другой лініі водазабеспячэння Лепеля і многае іншае, што зроблена ў рэальным сектары эканомікі, сацыяльнай сферы, сферы паслуг, малым і сярэднім бізнэсе.
Дзякуючы працы кожнага наш раён па выніках 2017 года займае годнае месца ў вобласці, а тры чалавекі нашага раёна ўдастоены высокага звання “Чалавек года Віцебшчыны- 2017”. Гэта Андрэй Бародзіч — дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Лепельскі лясгас”, Ганна Бука — аператар свінагадоўчага комплексу філіяла “Дражна” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”, Аляксей Хамічонак — камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Лепельскага РАНС.
У бягучым годзе перад раёнам стаяць не менш амбіцыйныя планы. Нам неабходна замацаваць дасягнутае, забяспечыць далейшы эканамічны рост на аснове інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і беражлівага выкарыстання рэсурсаў. Усё залежыць ад нас, нашых памкненняў, жаданняў і правільнасці рашэнняў. Таму мы абавязаны кардынальным чынам памяняць стыль, метады і мысленне ў арганізацыі сваёй дзейнасці, працаваць у рытме рэальнай эканомікі, цалкам задзейнічаць механізмы навуковага падыходу ў кіраванні. Усе павінны дакладна разумець, што за гэтымі паказчыкамі — збалансаванасць эканомікі і бюджэту, вырашэнне сацыяльных пытанняў, рост дабрабыту людзей. Я ўпэўнены, што з такімі людзьмі, як вы, гэта нам па сілах.
Паважаныя перадавікі! Прыміце шчырую ўдзячнасць за добрасумленную, самаадданую працу і ініцыятыву. Ваш вопыт — аснова для росту, новых планаў і праектаў. Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця вам, вашым родным і блізкім, аптымізму, новых працоўных дасягненняў!
-3-
img_7177Пасля гэтага пачалася асноўная і самая прыемная частка мерапрыемства — уручэнне Ганаровых грамат райвыканкама і грашовых прэмій. Быў вызначаны шэраг намінацый, у якіх адбываліся ўзнагароджанні. У першую чаргу адзначым дасягненне лепшых вытворчых паказчыкаў. Сярод прамысловых прадпрыемстваў адзначаны калектыў філіяла “Лепельскі” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”. Гэта адзін з лідараў прамысловай вытворчасці раёна, штодзень выпускае дзясяткі тон камбікармоў. А летась была запушчана новая вытворчасць, у новым цэху пачалі працаваць лініі па выпуску дабавак з насення рапсу, соевых бабоў і семак сланечніку, тым самым адкрыты 15 новых працоўных месцаў.
У галіне будаўніцтва лепшым прызнаны працоўны калектыў філіяла “Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №37” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог “Віцебскаўтадар”.
Калі ідзе гаворка пра сельскую гаспадарку раёна, не абыходзяць увагай СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Ураджаі палёў перапрацоўваюцца на фермах і становяцца дзясяткамі, сотнямі тон малака. Сёлета, з уваходжаннем у інтэграваную структуру, гаспадарка атрымала магутны імпульс для якаснага росту.
Сярод прадпрыемстваў транспарту, сувязі і сферы абслугоўвання лепшым прызнаны калектыў раённага вузла электрычнай сувязі РУП “Белтэлекам”. Прадпрыемствам распачата і паспяхова рэалізуецца мадэрнізацыя сетак сувязі. Кожная сям’я можа пабачыць у сваёй кватэры вынікі гэтай працы: інтэрактыўнае тэлебачанне і высакахуткасны інтэрнэт.
На кожнай прадметнай алімпіядзе, у кожным спартыўным спаборніцтве, у кожным культурным мерапрыемстве прымаюць удзел настаўнікі і вучні Заслонаўскай сярэдняй школы. Ва ўстанове робіцца вельмі шмат па стварэнні спрыяльных умоў для навучальнага і выхаваўчага працэсу, таму калектыў быў прызнаны лепшым сярод устаноў адукацыі.
На працягу мінулага года шэраг урачыстых мерапрыемстваў праводзіўся непасрэдна на месцах, на вытворчых прадпрыемствах, у рамонтных майстэрнях, на палях. Віншавалі перадавікоў-тысячнікаў, наладжвалі канцэрты. У гэтым вялікая заслуга аўтаклуба раённага Дома культуры. Спевакі і танцоры гатовы правесці мерапрыемства, развесяліць людзей у самых экстрэмальных умовах, што і было неаднаразова прадэманстравана, таму калектыў аўтаклуба прызнаны лепшым сярод устаноў культуры.
Рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” ведаюць далёка за межамі Беларусі. У 2017 годзе, акрамя дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў Беларусі, яго наведвалі дзеці і дарослыя з многіх абласцей Расіі, частыя госці з прыбалтыйскіх рэспублік, наладжаны сувязі з Італіяй. Год таму распачата будаўніцтва новых карпусоў, якія значна павялічаць нумарны фонд, колькасць і якасць аздараўленчых паслуг. Гэтыя і шмат іншых фактараў былі ўлічаны пры прысуджэнні калектыву граматы ў намінацыі сярод лячэбна-прафілактычных і санаторна-аздараўленчых устаноў.
Крама “Ганна” адкрытага акцыянернага таварыства “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” працуе ў Лепелі каля дзесяці гадоў, за гэты час заслужыла сярод пакупнікоў павагу. Што ж трэба лепельскаму пакупніку? Багаты асартымент, даступныя цэны, зручнасць, каб дабрацца, і добразычлівы персанал. За гэта ён і адзначаны граматай як лепшы працоўны калектыў гандлёвага аб’екта.
Усё большую ролю ў эканоміцы Лепельшчыны адыгрывае прыватны бізнэс. Гандлёвыя кропкі, паслугі сэрвісу, рамонтныя майстэрні, вытворчыя аб’екты — далёка не поўны пералік пунктаў прыкладання сіл, прыватнай ініцыятывы. У мінулым годзе лепш за ўсіх спрацаваў калектыў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белкомплекссталь”. Адным з галоўных крытэрыяў пры ацэньванні працы прадпрыемства стаў аб’ём адлічэнняў у раённы бюджэт.
-4-
Адметна, што сёлета сярод перадавікоў былі і сельгасвытворцы. Земляробаў звычайна віншуюць у канцы лістапада, калі ўраджай убраны з палёў, складзены ў свірны. Між тым жывёлаводы падводзяць вынікі працы ў канцы каляндарнага года. Так, вельмі важным з’яўляецца закуп у насельніцтва малака і здача яго на малочнакансервавы камбінат. Лепшым у гэтай справе прызнана камунальнае прадпрыемства “Горкісельгаспаслугі”, якое закупіла ў насельніцтва 327 тон малака, на 16 працэнтаў больш, чым у 2016 годзе, а зборшчык гэтага прадпрыемства Іван Сярмяжка ад 60 кароў сабраў 262 тоны малака. І прадпрыемства, і зборшчык адзначаны ганаровымі граматамі.
Як цяжка трымаць адну карову, карміць, ведаюць усе. Толькі пры старанным доглядзе парадуе яна высокімі надоямі. А калі тры каровы ці чатыры? Гэта не фантазіі. Мікалай Крывец з Ворані працуе на ферме, а ў сябе на сядзібе трымае чатыры каровы, малако здае і з гэтага атрымлівае дадатковы даход. За мінулы год ад кожнай ён здаў больш за восем тон малака.
А Васіль Куртаў з вёскі Гарадчэвічы Горскага сельсавета ўтрымлівае 14 кароў, рэалізаваў больш за 66 тон малака! Мікалай Крывец, Васіль Куртаў, Валянціна Сярмяжка, Юлія Цвёрдая і шмат іншых вяскоўцаў складаюць новы клас вясковых гаспадароў, якія ўмеюць разлічваць на свае сілы, свой розум і быць паспяховымі. Пры гэтым працягваюць лепшыя традыцыі беларускай вёскі.
Гасцей свята артысты парадавалі святочным маляўнічым канцэртам. Сваю творчасць паказвалі юныя танцоры з калектываў “Зачаравашкі”, “Лілея”, “Зацея”. Прыгожыя народныя песні выканаў ансамбль жартоўнай песні “Грымзолі”, эстрадныя — Іван Дабрыднеў, Іван Мурзін, Інга Карпусенка і шмат іншых артыстаў.
З залы госці выходзілі вясёлымі, узрушанымі, горача абмяркоўвалі канцэрт, перадавалі прывітанні агульным знаёмым, абяцалі не парываць сувязяў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: эпізоды свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.