Путь к светлым мечтам школьников из лепельской Боровки

img_2955У Бароўскай сярэдняй школе — адзін дзясяты клас, да таго ж даволі нешматлікі. Вучацца тут усяго чатырнаццаць чалавек — шэсць хлопцаў і восем дзяўчат. Аднак, як кажуць, «мал золотник, да дорог». Настаўнікі захапляюцца дзесяцікласнікамі, кажуць, што дзеці тут усе матываваныя. Гэта слова часта выкарыстоўваецца ў педагагічным асяродку. Зрэшты, з гэтым вызначэннем я згодны, а вось што датычыць дзяцей… Ды якія ж яны, пятнаццацігадовыя падлеткі, дзеці? Хіба што толькі для бацькоў ды для настаўнікаў. Для бацькоў уласнае дзіця застаецца юным, нягледзячы на ўзрост.
Мікіта Клундук ростам ледзьве не два метры. Беднае “дзіця” напаўжартам скардзіцца, што ў прабабулі ў лазеньцы дзверы вельмі нізкія. Дык ты ж зірні на сваю прабабулю, а пасля на сябе — які вырас! Зрэшты, Мікіта — хлопчык сарамлівы, не ахвотна ўступае ў размову. Затое калі разгаворыш, унутраны свет падлетка адкрываецца. Ды бадай ужо дарослага чалавека. Я часта называю гэты ўзрост дарослым маленствам. Цікавы і непаўторны жыццёвы час… Глядзіш на гэтага выдатніка-вундэркінда, акселерата — і разумееш, што перад табою не проста пятнаццацігадовы юнак з Бароўкі, які, як і многія яго равеснікі, любіць і паспаць, і пакупацца весела на Пяньках (гэта месца на возеры ведае бароўская моладзь), і паглядзець фантастычныя серыялы, паслухаць “кантраў”, і бесклапотна абмеркаваць з лепшым сябрам Сашам Каўрыгам усе на свеце навіны. Аднак жа перад намі не проста вясёлы, жыццярадасны інтэлектуал, а будучы тэхнолаг па лекавых прэпаратах. Вось яшчэ год-другі — і будзе паступаць у Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт. І — бывай, Бароўка!
Зрэшты, чаму толькі Бароўка? Мікіту, асабліва ўлетку, ды і на іншых канікулах, часцей убачыш у Вялікім Поўсвіжы, на агародзе ў бабулі, або ў Кордзіках, дзе жыве прабабуля. У лазеньку з яго габарытамі зайсці няпроста, затое калі ўжо зойдзе ды яшчэ з бярозавым венічкам ды з таранкаю, якую сам насушыў, то і за вушы хлопца адтуль не выцягнеш. А ў Поўсвіжы ў бабулі лазня вялікая і прасторная. Тут хоць у футбол гуляй. А ў возеры (у Поўсвіжы яго завуць азярком) ратаны ловяцца, толькі вудачку закідвай. І колькі ж вакол цікавага! А табе ўсяго толькі пятнаццаць гадоў — і ўсё жыццё наперадзе.
А хочаце пазнаёміцца з будучым мікрабіёлагам? Калі ласка. Вось яна, дзяўчынка сціплая, маўклівая, добрая… Праўда, прозвішча і імя ў яе не зусім звыклыя для беларусаў. Аўрэлія Вайвадайце, можна сказаць, паходжаннем з Літвы, хаця нарадзілася і жыве ўвесь час у Бароўцы. Бацька дзяўчыны — літовец. У яго, дарэчы, вельмі цікавая і, можна сказаць, эксклюзіўная прафесія — скульптар. Прыватны прадпрымальнік, ён стварае скульптуры людзей і звяроў. Працуе ў Вільнюсе. Аўрэлія была ў бацькі і бабулі, якая жыве ў Літве, гуляла па сталіцы, наведала касцёл і бачыла работы бацькі. Зрэшты, скульптурамі яна не вельмі цікавіцца, ёй болей па душы хімія і біялогія. Удзельнічае ў алімпіядах і мае сур’ёзныя планы наконт будучай прафесіі менавіта ў гэтай галіне. Аўрэлія пераканана, што наперадзе ў яе вучоба ў БДУ, а затым — цікавая прафесія: малекулярная будова клетак і г.д.
А вось і “зорка мясцовай велічыні” з дзясятага класа, якая ведае ўсё, ахвотна распавядае пра ўсіх і пра сябе таксама са светлаю ўсмешкаю. Яна заўсёды крышачку наперадзе сваіх аднакласнікаў. Згадзіцеся, у Дар’і Баранавай, пра якую буду зараз распавядаць, ёсць добрыя акцёрскія здольнасці, дасціпны гумар, нездарма ж яна сярод “чацвёркі адважных” у школьнай камандзе Клуба вясёлых і знаходлівых. У дзяўчыны ёсць своеасаблівая харызма, уласцівая эстрадным артыстам. І калі б яе будучай прафесіяй стала сцэна, я б ніколькі не здзівіўся. Аднак жа той выбар, які вырашыла зрабіць яна, выклікае невялікае здзіўленне. Аднак пра ўсё па парадку.
Даша расказвае пра аднакласнікаў:
— Мы дружныя, бо разам фактычна з першага класа. Я ведаю, што калі мне будзе вельмі цяжка, клас заўсёды дапаможа. Мы таварыскія і не ганарлівыя. Умеем сябраваць, і не толькі між сабою, а і з іншымі класамі. Вось, напрыклад, з адзінаццатым. Там вучыцца Вольга Броднікава, якая здорава нам дапамагла, калі мы з сяброўкай Арынай рыхтаваліся да алімпіяды па рускай мове. Яна нам усё растлумачыла, падтрымала маральна. Разам мы займаемся і спортам — з дзяўчатамі з адзінаццатага класа разам гуляем у валейбол і баскетбол. Ксенія Хацкевіч, Дар’я Патоцкая, Варвара Храмцова — мы з імі ў адной камандзе, разам гуляем, на возеры адпачываем.
Расказваць пра клас Дар’я можа бясконца, робіць гэта ва ўласцівай ёй манеры своеасаблівай зычлівай прэзентацыі, нібы са сцэны. І калі б я нічога не ведаў пра дзясяты клас, але пагаварыў толькі з адной Дашай, гэтага б хапіла, каб скласці каляровы малюнак калектыву.
А вось дзяўчына расказвае пра сябе:
— Падабаюцца біялогія і матэматыка, што з іх болей, нават і не ведаю. Люблю праводзіць лета ў бабулі ў вёсцы. Аднак ужо ў жніўні хочацца ў школу, хутчэй сустрэцца са сваімі аднакласнікамі.
А зараз — пра будучую прафесію:
— Хачу… пайсці ў армію.
І ў мяне — лёгкі шок. Я думаю, што ў шоку павінны быць нашы стратэгічныя праціўнікі. Бо калі ў нашу армію прыйдуць такія дзяўчаты, як Даша, — са светлай усмешкай, з цудоўным пачуццём гумару, ярка выражанымі лідарскімі якасцямі і манерамі эстрадных артыстаў, ніякіх перашкод нам баяцца не трэба.
Дар’я, Аўрэлія і Мікіта — тыя, каго настаўнікі называюць матываванымі дзецьмі. Ды якія ж яны дзеці…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.