Путешествие по лепельским глубинкам: деревня Караевичи

Гістарычная даведка

Мы працягваем вандроўкі па ваколіцах і глухіх кутках Лепельшчыны. На гэты раз выправіліся ў вёску Караевічы, якая размясцілася непадалёк ад Межыцы. Як кажуць, 15 хвілін пешшу — і ты ў суседнім Чашніцкім раёне.

Мяркуем, для чытачоў будзе вельмі цікавай гістарычная даведка, змешчаная ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”: “Караевічы, вёска ў складзе калгаса “Парыжская камуна” Горскага сельсавета. Размешчана за 30 км на ўсход ад горада Лепель, каля возера Сызаўшчына. На пачатку ХХ ст. вёска Караевічы Несінскай воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні. У 1906 г. у ёй было 34 двары, 201 жыхар. Побач з вёскай размяшчаліся ў той час з назвай Караевічы 12 сядзіб і маёнтак (належыў Шалепіным). Ва ўсіх мелася 17 двароў, 53 жыхары. У 1912 г. у вёсцы Караевічы адкрыта земскае народнае вучылішча, якое пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі было ператворана ў працоўную школу 1-ай ступені. У 1924 г. у школе налічвалася 54 вучні (з іх толькі 3 дзяўчынкі); у вёсцы было каля 340 жыхароў. На пачатку 1930-ых гадоў тут працавалі калгас імя К. Маркса, вадзяны млын і кузня. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў Караевічах дзейнічаў Лепельскі падпольны райкам КП(б)Б, які размяшчаўся ў доме мясцовага патрыёта М. Ц. Прудніка з верасня 1941 г да сакавіка 1942 г. У гонар дзейнасці падпольнага райкама на доме ў 1975 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. На 1997 г. у вёсцы Караевічы мелася 40 падворяў, 70 жыхароў.”

Як нам паведамілі ў Горскім сельвыканкаме, на 1 студзеня бягучага года ў Караевічах меліся 13 сядзіб, стала пражывалі 29 чалавек.

Яшчэ ў кнізе прыводзіцца пазнавальны дакумент — спіс землеўладальнікаў Лепельскага павета Віцебскай губерні за 1878 год. У ім узгадваюцца 11 землеўласнікаў, якія мелі землі ў Караевічах і іх наваколлі: Ігнацій і Іозефа Будзько — 10 дзесяцін, Іосіф Будзько — 40 дзесяцін, Іосіф Асоўскі — 32, Вікенцій Парфіновіч — 9, Пётр Раманоўскі — 10, Фелікс Раманоўскі — 30. Іван Снарскі меў 42 дзесяціны, Дзіянізій Сакалоўскі — 35, Іосіф Старасельскі — 14 дзесяцін, Ігнацій і Станіслаў Чарняўскія — 18, а Фёкла Шалепіна — 336 дзесяцін. Можна меркаваць, што сотням сялянскіх семяў заставалася зусім мала зямлі, каб пракарміцца і выплаціць падаткі.

 

Вялікая літара Н

Калі паглядзець на карту, то можна ўбачыць, што вёска Караевічы ўяўляе сабой літару Н — дзве паралельныя вуліцы выцягнуліся з усходу на захад і пасярэдзіне злучаюцца перамычкай. Паўночная вуліца — старэйшая па часе ўзнікнення. Яе мясцовыя жыхары так і называюць — Вёска. Паўночная вуліца — Пасёлак — утварылася ў 1930-ыя гады пад час калектывізацыі. Туды ссяляліся жыхары навакольных хутароў і малых вёсак. Распавядае старэйшына Валянціна Палянская:

— Караевічы спрадвеку была вялікай вёскай, густанаселенай. Сядзібы размяшчаліся так цесна, што пасяліцца і пабудавацца ў сярэдзіне вуліцы было амаль немагчыма. Вось такі, напрыклад, паказчык: у 1980-ыя гады ў Караевічах утрымліваліся 157 кароў вяскоўцаў, выпасаліся 2 статкі. Потым, па меры скарачэння пагалоўя, усе каровы былі абяднаны ў адзін статак, а зараз ва ўсёй вёсцы добра, калі ўтрымліваецца каля дзесяці кароў. Гаспадары іх навязвалі на ланцугах на свабодных участках.

— А што ведаеце пра гісторыю?

— Пажылыя людзі расказвалі, што Караевічы былі старажытным і калісьці багатым паселішчам. Тут побач жылі каталікі і праваслаўныя, захаваліся каталіцкія і праваслаўныя могілкі, дзейнічалі праваслаўная царква і касцёл. Дзеці мелі магчымасць вучыцца ў школе. А яшчэ ў нас быў пастаялы двор. Кожны год тыя месцы абследуюць спецыялісты з металашукальнікамі, і кожны год пошукі прыносяць удачу — з зямлі падымаюць манеты, вырабы, прылады працы і шмат іншага.

— Распавядзіце і пра цяперашні час.

— На вялікі жаль, факты не вельмі радуюць. Колькасць насельніцтва паступова, але няўмольна скарачаецца. Калісьці працавала ферма, цяпер яе няма, крама ўжо не працуе каля 5 гадоў, людзі набываюць тавары ў аўтамагазіне або наведваюць Межыцу, Заслонава, нават у райцэнтр можна дабрацца.

Валянціна Феліксаўна разам з мужам Валерыем Міхайлавічам жывуць у доме, які застаўся ім ад бабулі. Пабудова моцная, трывалая. Побач цяперашні гаспадар зрабіў пабудовы, хлявы, разам навялі парадак і стварылі прыгажосць.

Дбайны гаспадар і іх сусед Міхаіл Атрашкевіч. Разам з жонкай Ганнай Якаўлеўнай яны ўжо пенсіянеры, жывуць у Межыцы, а дом купілі ў якасці дачы. Міхаіл Міхайлавіч штодня прыязджае ў Караевічы, каб папрацаваць па гаспадарцы, павудзіць рыбу ў сажалцы. Мужчына дзеліцца сваімі разважаннямі:

— Добра, што ў Караевічах захавалася самастойная гаспадарка. Для людзей ёсць праца, заробак, няхай сабе і не такі вялікі. Мясцовым жыхарам гаспадаркай “Караевічы” аказваецца дапамога ў апрацоўцы агародаў, абмалоце збажыны, нарыхтоўцы сена. Так што мы вельмі ўдзячныя Мікалаю Папко, яе кіраўніку.

 

Справы школьныя

У пошуках наступных суразмоўцаў крочу па Пасёлку. Хочацца пагутарыць са старажылам, які б дапамог даведацца пра пакуль што невядомыя старонкі.

Алена Пруднік да замужжа мела прозвішча Баранава. Жанчына пражывае ў Караевічах з красавіка па кастрычнік бягучага года. Пытаюся ў яе:

— Што можаце распавесці пра гісторыю вёскі?

— На вялікі жаль, не вельмі шмат. Мая мама Ефрасіння Ягораўна шмат чаго ведала і магла расказаць, але мне, на той час дзяўчыне, гэта было нецікава. Пра гэта зараз вельмі шкадую. Мой дзядуля, Раман Баранаў, расказваў, што Караевічы ў свой час, яшчэ да рэвалюцыі, былі даволі значным населеным пунктам. Тут рэгулярна праводзіліся кірмашы. Успамінаў, як ужо ў 1920-30-ыя гады працаваў на будаўніцтве ў Заслонаве. Расказваў, што рака Ула ў той час была настолькі паўнаводнай, што па ёй хадзілі баржы і невялікія буксіры. Менавіта такім чынам, па рацэ, дастаўляліся да будоўлі грузы, у першую чаргу цэгла і іншыя будаўнічыя матэрыялы.

— Ці памятаеце вы пра калгас, які працаваў тут?

— На вялікі жаль, не. Я адразу пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі тэхнікум сувязі і такім чынам на доўгія гады адарвалася ад роднай вёскі. Пасля тэхнікума па ўсесаюзным размеркаванні я на 2 гады патрапіла ажно на Чукотку. Затым выйшла замуж і пасялілася ў Лепелі. Назву калгаса зараз не прыгадаю, але памятаю, што ў вёсцы працавалі 2 паляводчыя брыгады, адну з іх наведвала і мая мама. Я сама шмат разоў бегала да яе на працу, дапамагала. Калгаснікам на той час за працу налічвалі працадні, за якія ў канцы года маглі даць па 5 капеек, крыху зерня крыху, аднойчы нават давалі мёд. Аднак памятаю, што людзі з палёгкай уздыхнулі, калі Караевічы далучылі да саўгаса “Бароўка”, тады сталі стабільна плаціць заработную аплату грашыма.

— Зараз Караевічы адносяцца да Горскага сельсавета…

— Так. Аднак за час майго жыцця прыналежнасць мянялася. Спачатку мы адносіліся да Прудокскага сельсавета, затым — да Несінскага, потым — Баброўскага, і толькі апошнія гады ўваходзім у Горскі, які ўзначальвае Васіль Бадзяй.

— Раскажыце пра вашы школьныя гады.

— Пасля вайны ў Караевічах працавала пачатковая школа, яе дырэктарам быў Павел Старынскі, разам працавала настаўніцай яго жонка Фруза Лявонаўна. Каб далей атрымліваць адукацыю, мы пайшлі ў школу ў Косцінцы, дзе маглі вучыцца 10 гадоў.

 

Старэйшая жыхарка

Размова з Аленай Паўлаўнай дала вельмі шмат інфармацыі і звестак. Я ўжо нават палічыў, што завяршыў сваю справу. Аднак напрыканцы вандроўкі па вёсцы пашчасціла яшчэ больш — пазнаёміўся з адной са старэйшых жыхарак Нінай Грыгоревай. У час размовы яна ўзгадала:

— Наш калгас меў назву імя Крупскай. Папросту ж мы самі і жыхары навакольных вёсак называлі наш калгас Крупскі.

Тут мушу зрабіць невялікае адступленне, каб патлумачыць больш маладым чытачам паходжанне назвы. Заснавальнікам Савецкага Саюза быў Уладзімір Ільіч Ленін, а жонку яго звалі Надзея Канстацінаўна Крупская. Яна, акрамя іншага, вяла актыўную грамадскую дзейнасць і была ў вялікай пашане ў краіне Саветаў. Імя жанчыны надавалася прадпрыемствам, установам, вуліцам, вельмі часта — школам. Амаль у кожным раёне быў і калгас імя Крупскай.

— У склад калгаса тады, у 1950-ыя гады, уваходзілі 4 вёскі: Караевічы, Сызаўшчына, Доўгае і Косцінка. Старшынёй на той час быў Яўхім Пруднік, а рахункаводам быў Старынскі, яго імя і імя па бацьку не памятаю. Пруднік жыў у Караевічах, а Старынскі жыў і працаваў у Сызаўшчыне. Атрымліваецца, што кантора калгаса таксама знаходзілася там жа.

— Распявядзіце пра вашы дзіцячыя гады.

— Я нарадзілася ў 1942 годзе на хутары Кліманцова. У мяне нават было пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае акупацыйнымі ўладамі, напісанае па-нямецку. Аднак з цягам часу яно не захавалася. Да замужжа маё прозвішча было Памэ. Памятаю, мы з бацькамі жылі бедна. Калі мне было гадоў 7 ці 8, нас ссялялі з хутара ў вёску. Гэтым працэсам кіраваў Яўхім Пруднік. Усё бегаў з бізуном за поясам ды падганяў, парываўся і сам залазіць на хату ды раскідваць дах.

Працоўны шлях Ніны Казіміраўны цалкам звязаны з сельскай гаспадаркай. Спачатку шчыравала ў паляводчай брыгадзе, затым перайшла на ферму, уручную даіла 16 кароў. Дарэчы, у калгасе ў той час, акрамя кароў, утрымлівалі свіней, авечак і курэй. Як і іншыя суразмоўцы, з са словамі шчырай падзякі жанчына ўспамінае час, калі вёска была далучана да саўгаса.

Зараз жанчына, нягледзячы на значны ўзрост, трымае гаспадарку. У гадаванні авечак аказваецца дапамога з боку падсобнай гаспадаркі “Караевічы”. Ветэрану працы выдзяляецца сена, вядзецца апрацоўка прысядзібнага ўчастка. Ніна Казіміраўна гадуе авечак, курэй, але сапраўдным упрыгожаннем яе двара зяўляецца некалькі гусакоў. Пабачыў іх — і міжволі ўзгадаў знаёмыя з дзяцінства радкі: “Жылі у бабусі 2 вясёлых гуся…”

 

* * *

Падвесці вынік аповеду хачу словамі яшчэ адной жыхаркі Ларысы Чыгір:

— Караевічы, я лічу лепшым месцам для жыцця. Тут ціха, спакойна. Разам з тым той, у каго працавітыя рукі, хто не мае схільнасці да спіртнога, мае магчымасць весці гаспадарку і атрымліваць добры заробак. Па сілах можна ўзяць надзел зямлі, апрацоўваць яго, магчыма ўтрымліваць жывёлу: карову, авечак, свіней, гусей — іх ёсць, дзе пасвіць, можна назапасіць для іх і корму. У рэшце рэшт, можна схадзіць у лес за ягадамі і грыбамі. А для дзяцей у Караевічах увогуле раздолле. Нездарма тут вельмі падабаецца маёй унучцы Ангеліне, якая кожнае лета прыязджае сюды з Чашнікаў.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

На здымках: Алена Пруднік на двары бацькоўскай сядзібы; Міхаіл Атрашкевіч — у двары сваёй сядзібы; вясёлыя гусі ў двары Ніны Грыгор’евай; Ларыса Чыгір з унучкай Ангелінай; ужо больш за 5 гадоў зачынена крама ў Караевічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.