Работа в штатном режиме

img_6183Адкрытае акцыянернае таварыства “Лядна” ліквідуецца шляхам далучэння яго да адкрытага акцыянернага
таварыства “Лепельскі райаграсэрвіс”. Як работнікі ААТ “Лядна” ставяцца да перамен? На гэтае і іншыя пытанні вырашыў знайсці адказ, у чарговы раз наведаўшы гаспадарку.

Спачатку заехаў на ферму, якая знаходзіцца ў вёсцы Слабодка. Прыбыў а восьмай гадзіне раніцы, але, акрамя слесара, там нікога не заспеў. Як высветлілася пазней, адбылася ранішняя дойка, кармы былі раздадзены, а жывёла адпачывала. Працаваў толькі адзін слесар, які займаўся адкачваннем гною, таму ад размовы з карэспандэнтам адмовіўся.
Карыстаючыся выпадкам, прайшоў па радах. Жывёла сытая, дагледжаная, дзе-нідзе нават ляжалі рэшткі корму, які даядалі каровы. І хоць загадчыца фермы была на бальнічным, рабочы працэс не перапыняўся: каровы былі накормлены, падоены, гной выдаляўся.
Затым наведаў рамонтную майстэрню, спадзяваўся там сустрэць рабочых і пагутарыць з імі. Аднак спадзяванні апраўдаліся часткова. Зіма — перыяд, калі ў сельскай гаспадарцы праца не вельмі напружаная, рабочы працэс ідзе спакойна, размерана. Вось прыйдзе вясна — і рабочы дзень механізатараў будзе пачынацца а шостай гадзіне раніцы, а то і раней, а пакуль што працаўнікі прыходзяць на мехдвор да васьмі.
Як заўсёды, Аляксандр Міллер знаходзіўся на заправачным пункце, выдаваў паліва, згодна з пуцявымі лістамі. Заходзіць Алег Шапо, за яго трактар МТЗ-82 зачэплены кормараздатчык.
Заўважаю на стале два значкі: адзін — “Ударнік сацыялістычнай працы”, другі — “За работу без аварый” ІІІ ступені.
— У савецкія часы яшчэ мне іх далі, дома нават пасведчанні захоўваюцца, — заўважыўшы мой погляд, адказвае Аляксандр.
Большасць механізатараў з раніцы збіраецца ў дыспетчарскай і каля яе, атрымлівае пуцёўкі на работу і размяркоўвае, каму што рабіць.
— Трох рэйсаў мала будзе для падвозу корму, — разважае Сяргей Маліноўскі. — Я працую на МТЗ-1221, калі грунтоўна загрузіць мой ПІМ (вялікі прычэп), выеду, а Аляксандр Шумаеў — наўрад ці. Ён кіруе трактарам МТЗ-892, які сам не больш за чатыры тоны важыць, а ПІМ пусты — пяць тон. Калі ж яго нагрузіць паболей… Так што загружаць трэба будзе не цалкам і рабіць не тры рэйсы, а чатыры.
Гонарам былога калгаса імя Чапаева ў свой час былі рамонтныя цэхі: цагляны, 1970-га года пабудовы, і арачнік, пабудаваны прыблізна праз 18 гадоў. Апошні настолькі вялікі, што дадаткова выкарыстоўваецца для захоўвання тэхнікі. Напрыклад, там, у дзень прыезду карэспандэнта, стаяў МАЗ. Зараз адносна цёплае надвор’е, тэмпература вагаецца каля нуля, затое ў маразы захоўванне тэхнікі хаця б у арачніку дазваляе зранку лягчэй запускаць дызельныя рухавікі. Крыху далей стаяў трактар МТЗ-82 Валерыя Праскаловіча. Летам малады механізатар абслугоўваў на ім дойку. Зараз ён рамантуе рухавік. Дакладней, мяняе вадзяную помпу. Працэс не столькі складаны, колькі карпатлівы, патрабуе максімальнай увагі.
У цагляным цэху на рамонце стаялі два МАЗы. У адным кіроўца падняў кабіну, пачаў рамантаваць, але, бачна, яго перакінулі на іншую тэрміновую работу. Перад гэтым ён клапатліва прыкрыў агрэгат, каб туды не патрапіла смецце, акуратна склаў усе балты і гайкі, каб нічога не згубілася.
Другім МАЗам займаўся Арцём Кажан. Кіроўца
мінулай вясной прыйшоў на працу ў ААТ “Лядна”, да гэтага некалькі гадоў сядзеў за баранкай фуры, быў дальнабойшчыкам.
— Што падштурхнула да змены месца працы, бо заробкі ў кіроўцы сельгасарганізацыі ад кіроўцы фуры адрозніваюцца істотна, прычым у меншы бок?
— Так, я каля пяці гадоў быў кіроўцам-дальнабойшчыкам, але заробкі вялікімі можна лічыць адносна. Мяркуйце самі: месяц трэба праводзіць у дарозе, месяц — дома. З адной вахты прывозіў, умоўна кажучы, тысячу рублёў — здаецца, няблага, але гэту тысячу фактычна трэба было раздзяліць на два месяцы. Неабходна заплаціць за жыллё, мы яго здымаем, за харчаванне, дзіцячы сад, набыць вопратку і г.д. — і ад вялікага, здавалася б на першы погляд, заробку нічога не заставалася. Мы з жонкай пасядзелі, параіліся — і яна мяне пераканала пакінуць работу дальнабойшчыка, уладкавацца на працу ў гаспадарку. Тут рэжым працы іншы, заробкі нашмат меншыя, затое я пастаянна дома.
— Сям’я вялікая?
— Жонка пакуль знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, выхоўваем двое дзетак.
— Падчас апошняй уборачнай кампаніі шмат збожжа адвезлі ад камбайнаў?
— Не вельмі. Па-першае, мая тэхніка знаходзілася на рамонце, давялося прыкласці шмат намаганняў, каб прывесці яе ў рабочы стан. Па-другое, мінулагоднім летам выдалася мокрае і дажджлівае надвор’е, камбайны і трактары гразлі на палях, машыны там не працавалі. Амаль увесь намалот даводзілася вывозіць трактарамі.
Зараз Арцём быў заняты рамонтам кабіны, за дзесяць гадоў эксплуатацыі жалеза на ёй паржавела, стала рассыпацца. Кіроўца знайшоў яшчэ даволі неблагое ліставое жалеза, сам яго выгінае па формах элементаў кабіны і прыварвае. Работа карпатлівая, доўгая, патрабуе цярпення. Затое, калі ўсё будзе зроблена належным чынам, калі будзе праведзена антыкаразійная апрацоўка, кабіна будзе надзейна служыць яшчэ дзесяць гадоў.
Напрыканцы коратка пагутарыў і з былым дырэктарам ААТ “Лядна”, а зараз з намеснікам дырэктара ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” Уладзімірам Кудзіным.
— Уладзімір Васільевіч, што для вас змянілася ў сувязі з аб’яднаннем дзвюх гаспадарак?
— Прызнацца шчыра, амаль нічога. Як раней выконваў сваю працу, так і цяпер яе раблю. Працую, так бы мовіць, у штатным рэжыме: трэба знайсці грошы, каб набыць дызельнае паліва, запчасткі для рамонту, каб выплаціць заработную плату. Адчуваецца звычайнае рабочае напружанне.
Пагутарыўшы з людзьмі, работнікамі былога ААТ “Лядна”, колішняга калгаса імя Чапаева, прыйшоў да высновы, што радыкальных перамен у сувязі з далучэннем да ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” не адчуваецца. Жывёла атрымлівае корм, тэхніка рамантуецца, парадак на вытворчых аб’ектах падтрымліваецца.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.