Работники Заозерского лесничества смастерили деревянного Дубовика — талисмана лесного дела

img_0181Са здзіўленнем убачыў, як з коміна будынка, дзе месціцца Заазерскае лясніцтва, уецца лёгкі шызы дымок. На вуліцы — ліпень, да таго ж, гарачы ліпень. Як тут не здзівіцца! Так і прывяла мяне дапытлівасць у кабінет да ляснічага Віталя Курусёнка.
Віталь Віктаравіч аказаўся на месцы і ніколькі не здзівіўся майму рэзоннаму пытанню пра дымок над комінам.
— Ды вось, запалілі ў печы. Справа ў тым, што нашы ж усе ў лесе. Сёння дождж прайшоў, вымакнуць — трэба ж абсушыцца, сагрэцца.
— І колькі чалавек працуе ў лесе?
— Па штатным раскладзе ў нас трынаццаць леснікоў і шасцёра вальшчыкаў, а таксама тры майстры ды памочнік ляснічага.
— Дзе яны працуюць?
— Леснікі косяць ля Забалацця. Гэта ў нас завецца доглядам за маладняком. А каля Усавікаў на высечцы працуюць з кустарэзамі. Майстры ў Навасёлках — гэта за Пышнам — займаюцца адводам лесасек пад высечкі догляду. Вальшчыкі, зразумела, валяць лес.
— А пасадкі ўжо закончылі?
— Яшчэ ў красавіку. Пасадзілі 9,4 гектара маладога лесу — ля Ворані, Падлобнага, Усавікаў і іншых. Адначасова праводзім дапаўненне лясных культур. Па-іншаму кажучы, падсяваем там, дзе не прыжылося альбо загінула. Такім чынам, дапоўнілі пасадкі ляснымі культурамі на плошчы 23,4 гектара.
— А калі пачынаецца падрыхтоўка ўчасткаў пад новыя пасевы?
— Ды ўжо неўзабаве. Вось у жніўні, а то нават і ў ліпені, будзем запускаць тэхніку на новыя гоні, трэба глебу рыхтаваць.
— Якую тэхніку выкарыстоўваеце?
— Будзем браць у ДЛГУ “Лепельскі лясгас” трактар МТЗ-82, чапляць да яго свой плуг ПКЛ-70. Трэба падрыхтаваць каля пятнаццаці гектараў пад лесапасадкі.
— Чым яшчэ займаліся сёлета?
— З вясны нарыхтоўвалі насенне бярозы. Здалі ў лясгас каля дзесяці кілаграмаў.
— А якім чынам гэта робіцца?
— Насенне збіраем з паваленых дрэў на высечках, а потым яго сушаць.
— Ці расце на тэрыторыі лясніцтва баршчавік Сасноўскага?
— У нас асноўныя плошчы гэтага небяспечнага пустазелля знаходзяцца ля вёскі Шунты. Ужо гады тры яго выкошваем, пасля яшчэ і пратраўліваем.
— Як вядома, апошнім часам кожнае лета вам дапамагаюць наводзіць парадак у дэндрапарку дзеці. Як папрацавалі сёлета і ці атрымалі заробак?
— Так, мы задаволены. Вось і гэтым разам дваццаць чатыры падлеткі з СШ №1 папрацавалі з энтузіязмам. Як заўсёды, рыхлілі прыствольныя кругі, мульчыравалі глебу, падкормлівалі, палівалі расліны. За два тыдні працы атрымалі амаль па дзвесце пяцьдзясят рублёў.
— А наколькі паспяхова ідзе прамысловая дзейнасць?
— Нарыхтоўваем драўніну не толькі самі, а і прыцягваем да гэтай справы прыватных прадпрымальнікаў, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. За месяц нарыхтоўваем прыблізна тысячу кубаметраў. У той жа час на лесанарыхтоўках вяжам венікі, а зімою рабілі мяцёлкі. Здаём у лясгас, які іх затым рэалізуе.
* * *
Печка тапілася, і ў кабінеце ляснічага было вельмі цёпла. Выйшлі на дворык лясніцтва дыхнуць свежага паветра. Убачыў цікавую скульптуру — снегавіка, толькі драўлянага, што хораша дапаўняў лясны інтэр’ер дворыка, аздобленага туйкамі ды елкамі.
— Гэта наш Дубавік, — пахваліўся Віталь Віктаравіч, — яшчэ з новага года стаіць.
Напэўна, ён у іх замест абярэга — драўляны герой ляснога царства.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: драўляны Дубавік — як талісман лясной справы майстроў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.