Военнослужащие 231-ой артиллерийской бригады встретили гостей из реабилитационн-оздоровительного центра «Жемчужина»

img_9934
Дні адчыненых дзвярэй у 231-й артылерыйскай брыгадзе, хоць і сталі адносна прывычнай справай, усё ж вайскоўцы кожны раз рыхтуюцца да іх з асаблівай адказнасцю. Вось і на гэты раз дзяцей, якія адпачываюць у рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”, на кантрольна-прапускным пункце загадзя чакаў намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Дзмітрый Дружанін са сваімі памочнікамі.

Першы пункт — гармата
Праз браму зайшоў шумлівы натоўп — больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе апранутыя па-летняму: лёгка, шматкалярова, страката, што вельмі кантраставала з аднастайным форменным камуфляжам вайскоўцаў. Дзмітрый Васільевіч разам з памочнікамі павіталі ўсіх, коратка распавялі пра запланаваную праграму.
Пунктам першым стала гармата, устаноўленая на пастамент перад КПП. Хлопчыкі і дзяўчынкі тут жа акружылі яе. Іх вельмі радавала, што можна было бесперашкодна лазіць вакол гарматы, кратаць рукаяткі навядзення, уяўляць сябе адважным артылерыстам, які вядзе агонь па калонах варожых танкаў. Пасля фатаграфавання дэлегацыя раздзялілася на тры прыблізна роўныя групы, і ўсе рушылі па сваіх аб’ектах.

У музеі…
img_9916На першым этапе дзеці маглі паслядоўна агледзець музей 52-га асобнага пошукавага батальёна, вучэбны корпус і казарму 231-й артылерыйскай брыгады. Аўтар гэтых радкоў рушыў спачатку ў музей.
У музеі на было экскурсіі ў класічным яе разуменні. Археолаг 52-га пошукавага батальёна Вадзім Тамілін адразу прапанаваў дзецям своеасаблівы інтэрактыў:
— Калі ласка, заходзьце, глядзіце. Можаце браць у рукі экспанаты, якія не ляжаць пад шклом. Шлемы, элементы экіпіроўкі, зброя — усё для вас. Трымайце ў руках, мерайце, фатаграфуйцеся. У час разгляду можаце задаваць пытанні.
Хлопчыкі і дзяўчынкі тут жа скарысталіся атрыманымі магчымасцямі. Хто разглядаў кулямёт “Максім”, знаёмы з фільмаў пра вайну, хтосьці браў у рукі вінтоўкі, аўтаматы, макеты бомб і мін. У складзе групы была спартыўная каманда з Расіі, гэтым гасцям была не звычная такая блізкасць да гістарычных экспанатаў.
Вось хлопчык апрануў шлем, узяў у рукі зброю, просіць таварыша:
— Сфатаграфуй мяне!
— Выдатны выбар, — адабрае Вадзім Тамілін, — абодва экспанаты, што выбраў хлопчык, з’яўляюцца рарытэтамі, рэдкасцямі. Шлем — узору 1936 года, яго яшчэ называюць халхінголкай, у такіх ваявалі савецкія салдаты ў час баёў на рацэ Халхін-Гол. З 1940 года яго замянялі на прывычныя нам цяпер савецкія стальныя шлемы СШ-40. Зброя таксама рэдкая — самазарадная супрацьтанкавая стрэльба ПТРС сістэмы канструктара Сіманава. На фронце часцей была распаўсюджана стрэльба Дзегцярова, яе мы бачым у фільмах і ў кінахроніцы. Таму кожная знаходка ПТРС — падзея ў археалагічнай суполцы. Мы, 52-гі батальён, можам ганарыцца ёй, як і шэрагам іншых унікальных экспанатаў.
— Якія яшчэ адметныя знаходкі трапляліся апошнім часам?
— Не так даўно пры раскопках на месцах баёў часоў Першай сусветнай вайны знайшлі рэшткі салдата Расійскай імператарскай арміі. Пры ім аказалася герметычная металічная капсула, а ў ёй — скрутачак паперы. Акуратна яе разгарнулі і прачыталі. Так даведаліся, што знайшлі мы Рыгора Іванавіча Зайцава, радавога 12-й роты 223-га Адоеўскага пяхотнага палка, ураджэнца Вяцкай губерні. Падалі запыты ў Расію, чакаем адказу, спадзяёмся такім чынам звязацца з нашчадкамі салдата. Вядома, за даўнасцю часін шанцы змяншаюцца, але мы не губляем надзеі.

У казарме…
Другая група ў гэты час была ў казарме. Дзеці, асабліва расіяне, думалі, што пад гэтым словам хаваецца нешта змрочнае, жорсткае. Між тым на трэцім паверсе іх чакала светлае прасторнае памяшканне, наведнікі ўбачылі акуратныя засланыя ложкі.
Для юных гасцей вайскоўцы наладзілі выставу вайсковай формы. Дзеці пабачылі, як салдаты нясуць службу ў зімовых умовах. А потым ім дазволілі патрымаць у руках спецыяльна выкладзеныя аўтамат, пісталет і тры камплекты бронекамізэлек і шлемаў. Звярнулі ўвагу, што апошнія элементы экіпіроўкі ўжо не савецкія. Салдаты патлумачылі, што кеўларавыя шлемы і новай мадэлі камізэлькі паступілі на аснашчэнне адносна нядаўна, з месяц таму. Яны крыху лягчэй і зручней за ранейшыя мадэлі.
— Што дзіўна, — заўважае Дзмітрый Дружынін, — дзяўчынкі праяўляюць значна большую цікавасць да ўзбраення і экіпіроўкі, чым хлопцы. Вунь, паглядзіце, яны па чарзе мераюць шлем, а хлопцы толькі глядзяць збоку. Так мы хутка дойдзем да таго, што, як у Ізраілі, будзем дзяўчат у войска на службу прызываць.
— Мы — за! — рассмяяліся дзяўчынкі.
Трэцяя група ў той час наведвала вучэбны корпус. Там дзецям паказвалі макеты палігонаў, расказвалі, як дзейнічае артылерыя, як яна аказвае агнявую падтрымку стралковым і механізаваным часцям.
У 231-й брыгадзе на ўзбраенні стаяць самаходныя ўстаноўкі на гусенічным шасі, таму асаблівую ўвагу ўдзяляюць падрыхтоўцы механікаў-вадзіцеляў.
— Кіраваць 30-тоннай машынай — не жартачкі, — расказваў афіцэр-інструктар. — Аднак жа адзін выезд самаходкі — гэта прыкладна 20 літраў дызельнага паліва. Дадайце яшчэ амартызацыю тэхнікі, знос дэталяў, атрымаюцца значныя расходы. А для набыцця і падтрымання трывалых навыкаў механікам-вадзіцелям трэба ездзіць рэгулярна. Таму для практыкавання выкарыстоўваюцца трэнажоры, як у дадзеным класе. Тут расходуецца толькі электраэнергія, і мех-вод можа практыкавацца гадзінамі.
На выхадзе з вучэбнага корпуса хлопчык задаў пытанне падпалкоўніку Дружыніну:
— А ці стаяць у вас на ўзбраенні танкі “Армата”?
— Не, — адказаў афіцэр, — справа ў тым, што “Армата” — апошняя расійская распрацоўка, а мы — вайсковая часць Узброеных сіл Беларусі. У нас на ўзбраенні тэхніка і сістэмы савецкай вытворчасці, мадэрнізаваная, а таксама ўласнай вытворчасці. Па-другое, танкі паступаюць на ўзбраенне танкавых часцей, а мы — артылерысты, нам патрэбны іншыя баявыя сістэмы.
…і ў парку
баявых машын
img_9954Апошнім пунктам дня адчыненых дзвярэй стаў парк баявых машын. Вайскоўцы спецыяльна для дзяцей выкацілі з бокса на адкрытую пляцоўку гармату 2А65 “Мста-Б”, самаходную артылерыйскую ўстаноўку 2С5 “Гіяцынт-С”, машыну рэактыўнай сістэмы залпавага агню 9К57 “Ураган” і цягач МАЗ-537 з тралам для перавозкі цяжкой тэхнікі. Дзеці тут жа абляпілі баявыя машыны, для іх было шчасцем і радасцю спусціцца ў баявыя адсекі, пасядзець за рычагамі на месцы механіка-вадзіцеля, пакруціць за ручкі навядзення гарматы.
— Глядзіце ўважліва, могуць разабраць на сувеніры, — жартам кажу вайскоўцам.
— Не разбяруць, — адказваюць яны, — гэта ж вайсковая тэхніка, разлічаная на самыя цяжкія нагрузкі і выпрабаванні. Ды і зламіць-разабраць яе не так ужо і проста. Няхай паглядзяць, памацаюць уласнымі рукамі.
Як ні дзіўна, але найбольш пытанняў па ўзбраеннях і тэхніцы паступала зноў жа ад дзяўчынак. Ці далёка страляе гармата, ці цяжкі снарад, як хутка можа ехаць машына… Часам лавіў сябе на думцы, што слухаю размову не падлеткаў, а дарослых людзей, кампетэнтных у тэме.
Нарэшце надышла пара расставацца. Але дзеці не хацелі проста так пакідаць гасцінных гаспадароў. Хлопчыкаў і дзяўчат ледзьве не ўпрошвалі спусціцца з самаходнай артылерыйскай устаноўкі, у фотакамеры і мабільныя тэлефоны загружаліся гігабайты сэлфі на фоне гармат, з афіцэрамі і салдатамі. На развітанне госці падзякавалі за шчыры і сардэчны прыём.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.