Разве думала молодая учительница, что едет в Лепель, жить на острове своего счастья!

img_6734Не сакрэт, што пакуль адны пра шчасце мараць, другія яго будуюць. Як і не сакрэт тое, што адным шчасце прама ў рукі плыве, а ад другіх уцякае, колькі за ім не ганяйся. Ну, ды гэта ўсё акалічнасці лёсу.

Напрыклад, Марыя Асоўская, якая настаўнічае ў пачатковых класах СШ №1, кажа, што не хацела б сабе іншага шчасця, чым тое, якое ў яе ёсць. І калі б жыццё пачынаць па-новай, то менавіта так бы яго і пачала, як гэта здарылася трыццаць гадоў таму. Ды ўжо і болей. А пачалося ўсё ў 1987 годзе, і пачалося з размеркавання.
Часам думаю, што абавязковае размеркаванне, якое існуе ў нас век свой, — адзін са складнікаў… чалавечага шчасця. Падумайце толькі, колькі людзей не знайшло б сваіх “палавінак”, колькі лёсаў не склалася б і не адбылося, каб не гэтае самае размеркаванне. Тусуе яно людскія лёсы, як карты ў калодзе, і часам карты становяцца казырнымі. Дамы сустракаюць сваіх каралёў, нават тузоў, і аказваюцца зусім не ў дурнях.
А ў якасці хрэстаматыйнага прыкладу — лёс выпускніцы Лідскага педвучылішча і ўчарашняй школьніцы з пасёлка Варапаева, што на Гродзеншчыне, Машы (дзявочае прозвішча і не запытаўся). Прапаноўвалі Машы на папярэднім размеркаванні іншыя рэгіёны, а на канчатковым раптам высветлілася, што нідзе так не патрэбны настаўнікі пачатковых класаў, як на Віцебшчыне. Куды было дзявацца? А ў Віцебску на ўсе лады сталі расхвальваць Лепель: і прыгожы ён, маўляў, і азёр тут сотня з гакам, так што і сушы, выходзіць, зусім няма. Прама беларуская Венецыя!
Дык хіба няпраўду казалі? Хіба думала маладая настаўніца, што едзе ў Лепель, каб жыць на востраве свайго шчасця!
Яны і на самой справе жывуць на завулку Мельнічным — як у Венецыі. З аднаго боку вада, з другога — таксама вада. Тут рэчка, там возера.
— Камароў, напэўна? — спачуваю. — І сырасці ў хаце?
— Ні таго, ні другога, — усміхаецца Марыя Іосіфаўна. — Дом мы высока будавалі, вада не дастае.
А камары, напэўна, таксама баяцца шчаслівых… Ну як тут не назваць шчаслівым жыццё гродзенскай дзяўчыны ў Лепелі? Добры, гаспадарлівы муж, двухпавярховы асабняк з чыстага дрэва на ўзбярэжжы, дарослыя, уладкаваныя ў жыцці дзеці. У кожнага з якіх свая сям’я і сваё жыллё. Унукі — на радасць маладой бабулі, у якой яшчэ толькі поўдзень веку. Дзеці — амаль кожныя выхадныя ў гасцях, з шашлыкамі, з бярозавым венічкам. Свайго Асоўскага Марыя знайшла ў рэстаране “Хваля”. Хлопец, вярнуўшыся з Чэхаславакіі, з войска, наігрываў з сябрамі ў ансамблі. Ды ён і зараз не кідае ні сяброў юнацтва, ні барабана свайго, хаця прафесія цалкам сур’ёзная і пасада таксама — галоўны механік у лясгасе.
А якая ў іх дыхтоўная лазенька! Ну як тут дзецям шумнай кампаніяй не прымчаць, каб папарыцца!
-2-
Марыя — цудоўная гаспадыня. На кухні — проста чараўніца. Здаецца, ніхто не прыгатуе такой румянай піцы, такіх духмяных клёцак, не запячэ так па-майстэрску мяса па-французску, не падсмажыць сакавіта шашлык. Праўда, не агародніца. Ля хаты зелянее траўка на газонах, на клумбах — лапчатка, берасклеты, крыху ружаў для аздобы, а ўсё болей імхоў, нізкарослага кустоўя, туй. Не разумее Марыя, навошта кожнае лета добраахвотна высаджваць сябе на агародзе і да восені там гадавацца? Хіба няма ў жыцці нічога іншага, больш годнага і цікавага? Што ж, кожнаму — сваё.
Затое паспяваюць і ў Крыме адпачыць, і ва Украіне, і ў Турцыі. А не, дык проста ўзяць палаткі і махнуць сям’ёю на возера Сверзна, пакатацца на маторцы, пакаштаваць шашлыкоў.
Нельга назваць чалавека шчаслівым, калі ён нешчаслівы на працы. І тут пашанцавала Марыі Іосіфаўне. Праўда, калегі нярэдка завуць яе проста Машаю, і яна не ў крыўдзе, прывыкла, бо заўсёды ў жыцці была Машаю. Не імя і не пасада ўпрыгожваюць чалавека, хутчэй — наадварот. Вось яна, звычайная настаўніца пачатковых класаў. Праўда, неўзабаве закончыла Віцебскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “беларуская мова і літаратура”, ды з маленькімі сваімі вучнямі расстацца так і не рызыкнула. Вельмі ж яна іх палюбіла. І дзеці адказваюць шчырай прыхільнасцю.
-3-
Прайшла ў школе праз усе педагагічныя эксперыменты. Удзельнічала ў эксперыменце па выхаваўчай працы “Арыенцір”. Працавала на эксперыментальнай пляцоўцы Міністэрства адукацыі па выкарыстанні шматмернай дыдактычнай тэхналогіі. Чытае лекцыі ў Віцебскім інстытуце развіцця адукацыі. Удзельнічала ў раённым злёце перадавікоў як лепшая па прафесіі. І тут — у школе — ёй пашанцавала!
Не думайце, не зайздрошчу, хаця і са шчырай павагаю стаўлюся да такіх людзей. Проста хачу сказаць, што фартуна ўсміхаецца не толькі ўдачлівым, але і ўлюбёным. Трэба любіць прафесію, любіць сям’ю, любіць край, у якім жывеш. Трэба ўвогуле жыццё любіць, каб яно адказала табе ўзаемнасцю.
Кветкі на Восьмага сакавіка Марыю, вядома ж, радуюць — любімыя хрызантэмы, ружы, архідэі. Аднак гэта не тыя шчаслівыя асеннія кветкі, у абдымках якіх літаральна патанаеш на першага верасня. Вось яно сапраўднае шчасце — дзеці і школа!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Марыя Асоўская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.