Восемнадцать сельсоветов, из них один национальный польский и один городской

vulica-lepelya-%d1%9e-1930-ya-ggУ 1932 годзе ў Беларусі існавала семдзесят пяць адміністрацыйных раёнаў, сярод якіх быў і Лепельскі, які падзяляўся на васямнаццаць сельсаветаў, з іх адзін нацыянальны польскі і адзін гарадскі. Раён межаваў на поўначы з Ушацкім, на захадзе — з Бягомльскім, на поўдні — з Барысаўскім і Крупскім, на ўсходзе — з Чашніцкім і Бешанковіцкім.
Агульная тэрыторыя складала 193,158 га, у тым ліку зямель сельскагаспадарчага прызначэння — 63,4 %, лясоў — 31,6 %. Па колькасці азёр (сто пятнаццаць) і іх агульнай плошчы (64,14 кв. км) раён знаходзіўся на адзінаццатым месцы.
Насельніцтва — 60080 чалавек. Па нацыянальным складзе больш за дзевяноста працэнтаў — беларусы, на другім месцы — палякі (5,57%).
Паводле тытульнага спіса 1931 года, у раёне мелася семдзесят чатыры прадпрыемствы, лік рабочых — пяцьсот чалавек. Асноўнымі прадпрыемствамі былі цагельны завод, абутковая арцель “Чырвоны Кастрычнік”, швейная арцель “Прагрэс”, шпала-гантарны завод, машынна-трактарная майстэрня.
Сярод гандлёвых устаноў у горадзе былі ўнівермаг, дзве кнігарні, культмагазін, магазін гарадскога спажывецкага таварыства, ваенгандаль, магазін Белхарчнагляду. Працавалі гарадская гасцініца, тэатр.
З 1935 па 1938 год Лепель з’яўляўся цэнтрам акругі, у якую ўваходзілі Бягомльскі, Лепельскі, Чашніцкі і Ушацкі раёны. У гэты перыяд у горадзе існавалі акруговыя партыйныя і выканаўчыя органы ўлады, якія размяшчаліся на вуліцах Савецкай, Максіма Горкага, Карла Маркса.
Працавалі медыцынскія ўстановы: паліклініка, бальніца, хуткая дапамога, дзіцячая кансультацыя, санітарная акруговая станцыя, аптэка, “заразны” барак.
Паміж установамі і арганізацыямі была наладжана тэлефонная сувязь праз гарадскую тэлефонную станцыю. Пяцьдзясят чатыры тэлефоны былі ўсталяваны ў прыватных кватэрах. Нумары ўсіх абанентаў былі трохзначныя. Напрыклад, каб патэлефанаваць у пажарную, трэба было набраць тры нулі, нумар хуткай дапамогі — 0-01, крымінальны вышук — 0-02, бюро знаходак — 0-03. Адзін з першых даведнікаў, які захаваўся да цяперашняга часу, быў надрукаваны ў 1936 годзе ў друкарні раённай газеты.
У раёне выяўлены карысныя выкапні: гліны — урочышча Равенькі; пяскі — Лепель, валуны крышталёвых парод — мястэчка Камень; сапрапелі, торф і вапнякі — у Пышнянскім і Валосавіцкім сельсаветах. Мелася 5,201 га балот.
Згодна з пяцігадовымі планамі аб спецыялізацыі асобных раёнаў, у БССР вызначаліся чатыры эканамічныя падраёны. Лепельшчына ўваходзіла ў першы занальны эканамічны раён — Віцебска-Аршанска-Полацкі, або паўночны.
Сельская гаспадарка спецыялізавалася на льно-малочным напрамку. Мелася дзесяць тысяч шэсцьсот трыццаць пяць гаспадарак, з іх у калгасах — восем тысяч трыста трыццаць пяць, што складала 78,4 %.
У калгасах меліся наступныя фермы: свінагадоўча-таварныя — 24, малочнатаварныя — 3, цялячыя — 28, конегадоўчыя — 2, фермы па развядзенні трусоў — 3, птушкагадоўчыя — 8. Палягчалі, але нязначна, ручную працу калгаснікаў сенакасілкі, конныя граблі, жняяркі-самаскідкі, снапавязкі, бульбакапалкі, сеялкі хлебныя, малатарні. Працавала машынна-трактарная станцыя з трактарным паркам з 38 адзінак агульнай магутнасцю ў 405 конскіх сіл. Акрамя гэтага, у МТС мелася 19 малатарняў, 50 ільноцерабілак, 10 дваццацічатырохрадных сеялак.
Сетка навучальных устаноў уключала: тэхнікум з лікам студэнтаў 245 і настаўнікаў — 12, фабрычна-завадское вучылішча, школы камуністычнай моладзі — 25, у іх настаўнікаў — 62 і 3778 вучняў. Працэнт пісьменнасці па раёне — 90.
Выдавалася раённая газета “Калгасная праўда”, перыядычнасць — пятнаццаць разоў у месяц, наклад — чатыры тысячы экзэмпляраў. У газету стала дасылалі матэрыялы трыста рабселькараў. Тэматыка газеты адпавядала сваёй назве — пераважная колькасць матэрыялаў прысвячалася калгаснаму будаўніцтву.
Валерый ТУХТА.
На здымку: адна з вуліц Лепеля ў 1930-я гады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.